У Слоніме зь верасьня пачне працу інфармацыйна-кансультацыйная недзяржаўная ўстанова «Шэгамэдкансульт».

Яе вясной мінулага году зарэгістраваў доктар Іван Шэга, але не займаўся ўстановаю актыўна, бо быў моцна заняты на асноўным месцы працы ў Слонімскай ЦРБ.

27 чэрвеня 2013 году спэцыяліста вышэйшай катэгорыі, лекара-траўматоляга Івана Шэгу звольнілі з працы. У гэты дзень яму споўнілася 60, і зь ім не працягнулі кантракт.

«Я зараз чалавек вольны, на пэнсіі. Але не ўдалося парваць зь лякарскай справай. Хворыя па інэрцыі ўсё роўна ідуць да мяне. Вось днямі прыязджалі з Зэльвы два чалавекі, патрэбная была кансультацыя па траўматалёгіі і артапэдыі. Тэлефануюць і прыходзяць тыя, хто многія гады лячыўся ў мяне. Асабліва пажылыя людзі, якія прывыклі хадзіць да свайго доктара. Таму даводзіцца і дома прымаць амаль што кожны дзень, а таксама выязджаць дахаты да хворых. Не магу адмовіць людзям, не паварочваецца язык», — распавядае Іван Шэга.

«Шэгамэдкансульт» зьяўляецца інфармацыйна-кансультацыйнай установай. Паводле дакумэнтаў аб яе раэгістрацыі, у межах тэмы здаровага ладу жыцьця яна можна займацца выдавецкай дзейнасьцю, здымаць фільмы, ладзіць бясплатныя кансультацыі.

«Калі ж ставіць за мэту арганізацыю платных мэдычных кансультацыяў па маёй спэцыяльнасьці, то дадаткова яшчэ трэба прайсьці ліцэнзаваньне», — распавядае Іван Шэга, — пакуль з гэтым праблема, бо няма добрага памяшканьня пад офіс для ўстановы. Я зьвярнуўся да кіраўніка нашага ЖРЭА, каб той здаў мне ў арэнду два свабодныя пакоі, якія ёсьць у будынку ЖРЭА. Там можна было б зрабіць нармальны офіс, каб прымаць людзей. Але гэтае пытаньне яшчэ трэба ўзгадніць у гарвыканкаме. Калі не атрымаецца з ЖРЭА, то можна зьняць кватэру. Юрыдычны адрас у мяне ўжо ёсьць, там добрае памяшканьне, але побач месьціцца майстэрня, таму для прыёму пацыентаў тое месца не падыходзіць«.

Спадар Шэга лічыць, што дзейнасьць ўстановы «Шэгамэдкансульт» будзе вельмі запатрабаванай у Слоніме, бо ў бальніцы вельмі востры недахоп лекараў,
у тым ліку і траўматолягаў: «Была б альтэрнатыўная мэдычная недзяржаўная ўстанова. Я бачу, што гэта патрэбна людзям. Але нават калі не атрымаецца атрымаць ліцэнзію, ніхто мне не перашкодзіць на бясплатнай аснове даваць парады і кансультацыі тым, каму яны неабходныя. Я доктар вышэйшай катэгорыі і ніхто дыплём мой у мяне не адбіраў».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?