8 верасьня 2007 г., у Дзень Вайсковай Славы[нагадаем, што ў 1514 годзе 30 тысячнае войска ВКЛ на чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім на Крапівенскім полі пад Воршай разьбіла 80 тысячнае маскоўскае войска], у Берасьці грамадзкімі актывістамі было праведзена шэраг мерапрыемcтваў па ўшанаваньні памяці славутых змагароў за Волю Бацькаўшчыны.

Ушанаваньне пачалося з Трышынскіх могілак, дзе пахаваны Адам Трыпус, кіраўнік партызанскіх атрадаў БНР у Гарадзескім павеце, які пазней жыў і таямніча быў забіты ў 60‑я гады ў Берасьці. Таксама на тым месцы, былі ўзгаданы дзеячы БНР, браты Аляксандар і Ян Цьвікевічы, ураджэнцы Берасьця. І Ўсевалад Ігнатоўскі, першы кіраўнік Акадэміі Навук, які таксама паходзіць зь берасьцейшчыны. На тых жа Трышынскіх могілках ля помніку рэпрэсаваным былі ўскладзены кветкі і прачытана малітва.


Ля помніку рэпрэсаваным

Наступным месцам ушанаваньня стаў памятны знак, які знаходзіцца ў цэнтры Берасця на рагу вуліц Машэрава і Леніна і сьведчыць пра першы ўспамін гораду ў летапісе ў 1019 годзе. Ля памятнага знаку быў узгаданы той гістарычны факт, што менавіта у Берасьці распрацоўваўся плян Грундвальдзкай бітвы 1410 году князямі Вітаўтам і Ягайлам. Ля памятнага знаку быў урачыста ўскладзены вянок у бел‑чырвона‑белых колерах з надпісам «Змагарам за свабоду Бацькаўшчыны».


Памятны знак у гонар заснаваньня Берасьця

Далей ушанаваньне памяці славутых землякоў працягвалася ля рыма‑каталіцкага касьцёлу. Тут удзельнікі мерапрыемства ўзгадалі, што першыя нумары газэты паўстанцаў 1863 г. «Мужыцкая праўда» былі знойдзены ў Берасьці каля цяперашняга касцёлу. Сам Кастусь Каліноўскі наведваў пад іншым іменем горад.

Далей удзельнікі ўрачыстасьцяў накіраваліся да помніку знакамітаму паэту Адаму Міцкевічу, дзе ўзгадалі эпоху падзелаў Рэчы Паспалітай, герояў паўстання 1794 году, Тадэвуша Касьцюшку, які нарадзіўся ў некалькіх кілямэтрах ад Берасьця, у вёсцы Сяхновічы (цяпер Жабінкоўскі раён). Акцэнтавалі ўвагу на дзейнасьці студэнцкіх навуковых таварыстваў Віленскага ўнівэрсытэту, такіх як таварыства Філярэтаў і Філяматаў, за дзейнасьць у якіх Міцкевіч быў сасланы і жыў на эміграцыі. Быў прачытаны ўрывак зь вершу Адама Міцкевіча «Літва, бацькоўскі край» і ўскладзеныя бел‑чырвона‑белыя кветкі.


Помнік Адаму Міцкевічу

Апошнім месцам ушанавання сталі вайсковыя могілкі жаўнераў войска генэрала Булак‑Балаховіча, якія знаходзяцца ў мікрараёне Рэчыца. Удзельнікі ўсклалі кветкі да памятнага знаку, на якім напісана «Яны змагаліся за волю Бацькаўшчыны». Мерапрыемства скончылася малітвай.


На вайсковых могілках

Акцыя працягвалася каля чатырох гадзін. Трэба адзначыць, што напачатку мерапрыемства на Трышынскіх могілках удзельнікаў ужо чакалі міліцыянты ў форме і ў цывільным, якія «сьціпла» назіралі за тым, што адбываецца.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?