Ладзяць сустрэчу Лятучы ўніверсітэт і Міжнародны кансорцыум «ЕўраБеларусь».

Напрацягу жыцця чалавеку даводзіцца стаць сведкам розных яскравых момантаў, але толькі некаторыя з іх застаюцца ў памяці як важныя, знакавыя падзеі. Падобна і з людзьмі — з шэрагу творчых імпрэзаў, прэзентацый, лекцый і дыскусій толькі некаторыя становяцца для нас сустрэчай з Асобай, чые думкі і меркаванні становяцца важнай часткай нашага разумення сучаснасці. Сустрэча з такой Асобай дорыць нам магчымасць стаць датычным часу, гісторыі і культуры.

22 жніўня Лятучы ўніверсітэт ладзіць сустрэчу з чалавекам, які «ўвасабляе сабой польска-беларускае супрацоўніцтва ў сферы навукі і ў галіне дыпламатыі» — вядомай беларусісткай і славісткай, першым Надзвычайным і Паўнамоцным паслом Рэспублікі Польшча ў Беларусі, прафесарам Эльжбетай Смулковай. Яе ўнікальны досьвед працы ў розных сферах, практыка даследаванняў памежных польска-беларуска-літоўскіх тэрыторый, шматлікія навуковыя, дыпламатычныя і проста чалавечыя кантакты дазваляюць ёй глыбока асэнсоўваць тыя працэсы, якія фармуюць інтэлектуальную і культурную прастору сучаснай Усходняй Еўропы.

За філіжанкай кавы з прафесарам Эльжбетай Смулковай мы размаўляем пра актуаліі жыцця польскіх універсітэтаў, тыя выклікі, якія стаяць сёння перад універсітэцкай адукацыяй і навукай, пра сучасныя тэндэнцыі ў развіцці гуманістыкі.

Арганізатары запрашаюць далучыцца да гутаркі. Сустрэча адбудзецца 22 жніўня ў кавярні «Лыжкі» (Камсамольская, 34). Пачатак у 18.30.

Прапануем адно з інтэрв’ю з прафесарам Эльжбетай Смулковай.

Каардынатар сустрэчы Юлія Галіноўская: +375297422040; [email protected]

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0