Падборам дзяўчат мадэльнай знешнасці для VIP-кліентаў казіно «Шангры Ла» згодна з прынцыпам «усё ўключана» займалася жыхарка Мінска 1986 года нараджэння, якая ў мінулым аказвала сэксуальныя паслугі, паведамляецца на сайце МУС Беларусі.

Паводле слоў намесніка начальніка ўпраўлення інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС Георгія Еўчара, таксама ўстаноўлены супрацоўнік аддзела па працы з кліентамі казіно, які, ведаючы аб прыездзе высокапастаўленых і VIP-кліентаў, размяшчаў замову на пастаўку неабходнай колькасці дзяўчат. Кошт эскорту складаў да 1000 даляраў, пры гэтым палова сумы ішла арганізатарам злачыннай схемы.

У МУС не выключаюць, што падобныя схемы могуць дзейнічаць і ў іншых забаўляльных установах Мінска, а таксама іншых гарадоў краіны.

Нагадаем, 20 жніўня МУС аб’явіла, што падраздзяленнямі па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Беларусі і ГУУС Мінгарвыканкама пры падтрымцы АМАП ГУУС праведзена аперацыя па спыненні злачыннай дзейнасці супрацоўнікаў казіно «Шангры Ла», а таксама іншых асоб, якія падазраюцца ва ўцягванні ў прастытуцыю, выкарыстанні прастытуцыі, арганізацыі секс-турызму на тэрыторыі краіны.

У дачыненні да двух супрацоўнікаў казіно распачаты справы на падставе ч. 2 арт. 171 (выкарыстанне прастытуцыі або стварэнне ўмоў для прастытуцыі) і ч. 2 арт. 171–1 (уцягванне ў прастытуцыю або прымушэнне да працягу прастытуцыі) Крымінальнага кодэкса.

Абодва падазроныя затрыманы. Збор інфармацыі аб іх злачыннай дзейнасці праводзіўся аператыўнымі супрацоўнікамі НіПГЛ з 2009 года — з моманту адкрыцця казіно. Падчас ажыццёўленай працы ўстаноўлены факты неаднаразовага прадастаўлення багатым мужчынам, пераважна кліентам казіно «Шангры Ла», дзяўчат мадэльнай знешнасці для аказання платных інтымных паслуг.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?