У аўторак у кіраўніка дзяржавы прайшла нарада, прысвечаная далейшым накірункам будаўніцтва і развіцця беларускага войска.

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь аптымізуе фінансаванне Узброеных Сілаў, затраты на авіяцыю і Супрацьпаветраную абарону павялічаць.

Эксперт па ўзбраеннях Аляксандр Алесін лічыць, што гэта вымушаны крок кіраўніцтва краіны, паведамляе «Еўрарадыё».

Алесін: «Гэта вымушаны крок, калі аказалася, што развіваць усе віды і роды Узброеных Сілаў немагчыма з-за фінансавага дэфіцыту… Насамрэч, тое, што грошай не хапае на войска, высветлілася ўжо даўно. І асабліва на пераўзбраенне. Таму даводзіцца выбіраць найбольш важныя ўчасткі. А канфлікты апошняга часу паказалі, што ўдары з паветра цяпер пераўтвараюцца ў рашаючы сродак змены сітуацыі на сваю карысць».

Алесін лічыць, што да «аптымізацыі» падштурхнуў і эпізод са шведскім самалётам. Таму трэба тэрмінова закрываць дзіркі ў Супрацьпаветранай абароне на нізкіх вышынях, якая стваралася яшчэ ў савецкі час і якой патрэбная «мадэрнізацыя».

Таксама Аляксандр Лукашэнка заявіў пра неабходнасць далейшага скарачэння Узброеных Сілаў і продаж «лішкаў» узбраення.

Эксперт мяркуе, што «непатрэбным узбраеннем» могуць аказацца баявыя самалёты, якія выведзеныя з эксплуатацыі — Су-24 і Су-27.

Алесін: «З’явіліся публікацыі, што Су-24 беларускія ўжо ў Судане адзначаныя, 12 штук… Думаю, што гэта ў раёны ўзброеных канфліктаў, у незаможныя краіны, рэжымы, якія хочуць альбо з суседзямі разабрацца, альбо кантроль у сваіх краінах захаваць… Судан для беларускіх старых узбраенняў ідэальны пакупнік».

Аднак вялікіх грошай ад продажу старых самалётаў не будзе. Але гэта «хоць нешта», бо ў цяперашні час эканоміка не дазваляе выдаткоўваць вялікія грошы на абарону, кажа Аляксандр Алесін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?