Адноўлены Палац Вялікіх Князёў у Вільні.

Адноўлены Палац Вялікіх Князёў у Вільні.

Сярэднявечная галантарэя і абутак. Некаторыя мадэлі — рыхтык «Белвест».

Сярэднявечная галантарэя і абутак. Некаторыя мадэлі — рыхтык «Белвест».

Кафля. Вужыны кароль — персанаж балцкіх міфаў.

Кафля. Вужыны кароль — персанаж балцкіх міфаў.

Кафля з камедыйным сюжэтам: смелыя зайцы смажаць паляўнічага, бароняцца ад сабак лукам і доўбняй і цягнуць у кацёл ваўка.

Кафля з камедыйным сюжэтам: смелыя зайцы смажаць паляўнічага, бароняцца ад сабак лукам і доўбняй і цягнуць у кацёл ваўка.

У старажытныя муры можна ехаць эскалатарам.

У старажытныя муры можна ехаць эскалатарам.

Паляўнічы рог, упрыгожаны гербам Рэчы Паспалітай і выявамі каралёў. 1587.

Паляўнічы рог, упрыгожаны гербам Рэчы Паспалітай і выявамі каралёў. 1587.

Зашчэпка для кнігі з надпісам «Барбара». Ці не з бібліятэкі Барбары Радзівіл?

Зашчэпка для кнігі з надпісам «Барбара». Ці не з бібліятэкі Барбары Радзівіл?

Муры. З вялізных сырцовых цаглін, так званай «панскай цэглы». Археолагі агалілі падзямеллі, падмуркі можна бачыць праз шкляныя купалы яшчэ з замкавага двара. Калі ж спускаешся эскалатарам у падзямельны хол, дзе каса, шатня і крама сувеніраў, муры абступаюць. У гэтым адрозненне віленскага музея ад старажытнага Бярэсця або раскапанай на Тураўскім гарадзішчы царквы ХІІ стагоддзя. Там на тысячагадовую старажытнасць глядзіш з вышыні — нібы з балкона другога паверха.

У віленскія ж вялікакняскія сутарэнні можна зайсці. Прагуляцца калідорамі па спецыяльных ходніках, разгледзець водаправод з дубовых дошак, дрэнажныя адтуліны, закураныя паходнямі сцены, пабачыць цагліны, сплаўленыя да кансістэнцыі

шкла ў выніку гіганцкага пажару, які ў свой час зрабіў палац непрыдатным для жыцця.

Магутныя кандыцыянеры трымаюць ідэальную для захавання муроў тэмпературу. Але дрыжыкі па скуры ідуць не ад гэтага халадка, а ад подыху нашай гісторыі.

Усё падсветлена, кожнае памяшканне (яны, ясная справа, без столяў, скляпенні абваліліся ў ХІХ ст.) мае план. Можна пабачыць, як яно выглядала за часамі Жыгімонтаў, якія пакоі былі над ім. А змешчаныя побач фота таго ж месца падчас раскопак паказваюць, якую гіганцкую работу зрабілі рэстаўратары.

Адна са сценаў хола — падмуркі канца ХІІІ стагоддзя. Хто ставіў іх? Малады Гедымін? Віцень? Хтосьці нам невядомы?

Сумкі на ўваходзе просяць здаваць у гардэроб. Наўзамен юным наведніцам каля вахты з металадэтэктарам даюць папяровыя кароны — каб адчулі сябе князёўнамі.

Квіток на агляд усёй чатырохпавярховай экспазіцыі каштуе 5 літаў студэнтам, 10 — поўны (17 і 34 тысячы адпаведна).

У адным з лёхаў рэстаўратары пакінулі гару цэглы — абрынутае скляпенне. На паверхні кожнай цагліны бачныя чатыры канаўкі: сляды пальцаў майстра, які яе рабіў. Кожная цагельня меціла сваю цэглу інакш.

Экспазіцыя першых двух паверхаў збудаваная па тым самым прынцыпе, што і ў музеі карабля Вазы ў Стакгольме: вакол галоўнага экспаната — ці то паднятага з мора карабля ХVII стагоддзя, ці то паднятага з глыбіняў зямлі вялікакняскага палаца — месцяцца стэнды з артэфактамі тае эпохі.

Некаторыя экспанаты пададуцца знаёмымі: іх прывозілі ў Мінск летась, калі выстава з фондаў музея адбывалася ў Гістарычным. Але можна яшчэ раз зірнуць і на цырыманіяльныя драўляныя посахі, і на неверагодную кафлю з выявамі гербаў, фантастычных істотаў, ваяроў, кабет — нібы Скарынавы гравюры, адбітыя ў гліне.

На выставе мноства дзіцячага абутку і цацак: скураны мячык ХІV стагоддзя памерам з жаночы кулак, драўляны ваўчок з трох дошчачак — адна з іх абпаленая… А поруч — вазы з каляровымі алоўкамі і размалёўкі для дзяцей сучасных. Размалёўваць можна перазнятыя выявы з кафлі, у тым ліку — Пагоню, партрэты каралёў. А побач на стэндах — шахматы, якім 400 гадоў, і драўляныя дошкі для настольных гульняў, кшталту нардаў ці перастаўлянак. Тут жа вісіць апісанне правілаў: кожны можа паспрабаваць згуляць.

Пры знадворным баку муроў — зруб-студня. Да яе можна падысці ўсутыч. На бярвеннях відаць насечка ад сякеры. Падчас раскопак у студні знайшлі нават драўляны цэбар. Ён побач, змацаваны шклянымі абручамі… Кожны варты экспанат акцэнтаваны, для кожнага знойдзены спосаб падачы, які падсвятляе яго ўнікальнасць.

Музей можа пахваліцца вялікай колькасцю артэфактаў — тут і маляваны гліняны посуд ХVI стагоддзя, і скураны абутак ХVІІ стагоддзя (некаторыя фасоны да болю нагадваюць найноўшыя мадэлі беларускіх вытворцаў), і нават цудам захаваны саламяны капялюх, які гаспадар сцягваў з галавы пры з’яўленні мо яшчэ князя Альгерда.

Музей дае сістэмнае ўяўленне пра эпоху, якую адлюстроўвае. Экспазіцыя — не навал старажытных прадметаў. Яна стваралася з любоўю да эпохі. Так, стваральнікі пастараліся знайсці ўсе існыя партрэты яснавяльможных жыхароў палаца — аж да малюнкаў Самастшэльніка, які выяўляў Жыгімонта Старога ды Альбрэхта Гаштоўта ў біблейскіх сюжэтах…

Вось прыгажуня Бона, якой яна была, калі выйшла замуж за караля. Вось яна ў апошнія гады жыцця. Вось малы Жыгімонт Аўгуст. А гэты белавалосы анёльчык гадоў трох — будучы грозны Уладзіслаў Ваза, без пяці хвілін маскоўскі цар. А вось яго жонка, Марыя Луіза дэ Ганзага, якая пасля выйшла за ягонага брата Яна Казіміра. А вось і рэалістычны прыжыццёвы партрэт апошняга Вазы — твар, пасечаны зморшчынамі пасля эпохі Патопаў…

Выстава дапамагае пабачыць людзей у вялікіх князях і каралях, што кіравалі Беларуссю і Літвой 500 гадоў.

Не абыдзеныя ўвагай нават вялікакняскія і каралеўскія прыбіральні — гіганцкія мураваныя ямы. У апісанні з гонарам адзначаецца, што іх чысцілі, прынамсі, два разы за 200 гадоў.

Побач — каталог прадметаў, знойдзеных падчас іх археалагічнага даследавання. У асноўным гэта ўпрыгожванні — каралі, залатыя завушніцы. Мабільнікаў жа за часамі караля Аляксандра не было.

З кожным наступным паверхам экспазіцыі бачыш усё больш копій. Музейшчыкі прадугледзелі, што з часам увага прытупляецца, таму абставілі верхнія залы менш эксклюзіўным: заходнееўрапейская мэбля XVI–XVII стагоддзяў, якую можна пабачыць і ў Нясвіжы, заходняя ж зброя — цэлая зала з пікамі, алебардамі ды панцырамі. На алебардах — вышчарбіны з часоў Трыццацігадовай вайны.

У суседніх залах — копіі партрэтаў. Але якіх — гетмана Астрожскага (арыгінал у Нясвіжы), Уладзіслава IV пэндзля вучняў Рубенса.

Да каморкі з апошнімі экспанатамі ідзеш лабірынтамі сходаў, пасля — галерэяй, на сценах якой выяўлены падобныя да віленскага замкавыя комплексы. Сярод іх — Гродна і Нясвіж. Пры канцы шляху — пакоік з якімісьці залішне бліскучымі вялікакняскімі каронамі сучаснага вырабу, яскравым шкляным посудам XVI ст.

Асобна ляжыць меч караля Аляксандра, падняты з ягонай магілы ў віленскай Катэдры. Счарнелы ад часу меч на чырвоным аксаміце. Гэта і наша гісторыя, гэта наша супольная гісторыя. Літва дае добры прыклад, як трэба шанаваць сваё.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?