Пасля першай фестывальнай ночы мая інтэлігентная жонка, настаўніца з трыццацігадовым педстажам, прачнулася са словамі: «Пакажыце мне гэтую б..!» За ўсё наша доўгае сумеснае жыццё я не чуў, каб яна сустракала дзень мацюкамі. З павагай і разуменнем паглядзеў на яе.

А ўсё пачыналася так мірна. Зноў сабраліся вялікай брыгадай на «Бард­рыбалку». Падобна, што гэтая падзея становіцца нашай штогадовай традыцыяй. Сустракаеш на Чыгірынскім вадасховішчы сябрукоў, якіх месяцамі не бачыш у горадзе, абрастаеш знаёмымі з розных краін, слухаеш спевы і смакуеш юшку.

Дарэчы, фішкай гэтага года стала менавіта юшка — самая вялікая ў свеце. Прадстаўнік Кнігі рэкордаў Гінэса гэта пацвердзіў. На тры тоны (а мо на чатыры?) вады было чатыры закладкі рыбы.
Карп атрымаўся надзвычай смачным. А вось сама юшка была недасоленай. Гатавалася доўга. Падрыхтоўка выклікала большы ажыятаж, чым страва.

Сёлетняя «Бард­рыбалка» можа пахваліцца яшчэ адным дасягненнем: магілёўскі асілак Віталь Сітніц усталяваў новы сусветны рэкорд — за 5 хвілін з адвольнай зменай рук 196 разоў пхнуў гіру вагой 32 кг.

Іншая магілёўская знакамітасць — скульптар Вараб’ёў — адкрыў свой манумент пацалунку. Карацей, было шмат цікавага.

Не сказаць, што бардаўская песня зусім адышла на другі план фестывалю. Канцэрты былі разнастайныя. Слухачоў і гледачоў было значна больш, чым раней.
Апладысменты — шчырымі. Нават «брава» крычалі. Але гучных імёнаў сёлета было відавочна менш. Нацыянальны каларыт недзе прыхаваўся. Раней яго забяспечвалі больш вядомыя беларускамоўныя барды ды цётачкі ў нацыянальных строях быхаўскіх арганізацый, якія на сваіх імправізаваных падворках спявалі па-беларуску. Сёлета Быхаў рыхтуецца да свята пісьменства і ягоная прысутнасць была менш яркай.

А вось арганізацыя фэсту была значна лепшай за леташнюю. Мінулагоднія ўрокі і заўвагі ад знакамітага знаўца бардаў і гурмана Барыса Бурды хлопцы ўлічылі. Я б сказаў, што

прагрэс адчуваецца кожны год. Нездарма брэнд «Бард­рыбалка» гатовы пераманіць да сябе Мядзел. Праўду кажуць: спачатку ты ўваходзіш у рынак, умацоўваешся у ім, а праз гадоў пяць ты сам вызначаеш рынак.

Хаця сказаць, што ўсё было арганізавана і спакойна, нельга. Без прыгодаў не абышлося.

Справа ў тым, што першая фестывальная ноч падарыла некалькі сюрпрызаў. Пасля неблагога агульнага канцэрта, дзе найлепшым па выкананні быў, што прыемна, магілёвец

Аляксандр Баль, мы ўначы праслухалі яшчэ адзін канцэрт. Нежавец атабарыўся ў нашым лагеры, пасядзеў з сябрамі, узрушыўся і вельмі добра і доўга спяваў.
Аляксей спяваў свае і чужыя на беларускай і рускай па ўласным жаданні і замове. Паступова ўсе іншыя гітары змоўклі, народ перацёк да агульнага вогнішча непадалёк ад нас. Выканаў бард багата песняў Высоцкага, у тым ліку пераклады на беларускую мову Міхася Булавацкага. Праспяваў і маю любімую «Суседку». Да гонару Аляксея, ён публіку каля начнога вогнішча ўспрымаў менавіта як сваю аўдыторыю, адносіўся да ўсіх прапаноў з павагай, належны ўзровень імкнуўся трымаць. Усё было б цудоўна, калі б ягоны канцэрт не зацягнуўся да трэцяй ночы, а пасля антракта не працягнуўся ад шостай да сняданку. Не ўсе змаглі гэта вытрымаць.
Але не Нежавец зрабіў ноч па-сапраўднаму цікавай. Не ён стаў самай яскравай зоркай. Па завяршэнні ягонага канцэрта, калі народ пачаў укладацца, распачалося самае цікавае — на сцэне з’явіліся Алень з Аленіхай і пачалі высвятляць свае жывёльныя адносіны.
Яны гойсалі па лагеры, амаль змятаючы намёты і нешта даказваючы адно аднаму. Высвятленне ішло на зразумелай толькі жывёлам мове, у якой, што цікава, добра чуваць было ненарматыўную і табуяваную лексіку ды некаторыя аўтарскія неалагізмы. З таго, што запомнілася і можна запісаць літаратурнай мовай: «Алень!», «Сама Алень!», «Што я кажу Аленю, ён жа не разумее!» Астатняе практычна не перакладаецца.
Як мы падлічылі раніцай, гэта быў пачатак «Дом-1». Потым быў «Дом-2», «Дом-3» і ранішні «Дом-4». Кожны сезон па некалькі серый.
Перыядычна сябры супакойвалі парачку. Але як толькі лагер пачынаў засынаць, яны вярталіся. Яны заўсёды вярталіся. Дзеля справядлівасці трэба прызнаць, што час ад часу Алень спрабаваў укласці Аленіху ў аўто, але было чутно, як заміналі гэтаму ейныя, мабыць, задужа доўгія, ногі. Яна ў сваю чаргу, відаць, спрабавала зрабіць ягоны фэйс больш прыгожым, а патыліцу раўнейшай.

Калі месяц схаваўся ў хмарах, мая не вытрымала і папрасіла заступіцца за дзяўчыну. Я, не выходзячы з намёта, прыстрашыў Аленя міліцыяй і абазваў казлом. Як жа ён абурыўся!

«Хто казёл?! Хто мяне казлом назваў?!» — завыў Алень і чамусьці кінуўся ў суседні хмызняк.
Але ўначы, зразумела, крыўдзіцеля знайсці не здолеў. Жонка сціснула маю руку і больш не прасіла нікога супакойваць. Супакоіліся парнакапытныя толькі тады, калі а шостай прачнуўся і заспяваў Нежавец. Аленіха адразу заціхарылася, перастала патрабаваць адвесці яе дахаты, а потым некуды знікла.

Зразумела, з якімі галовамі прачнуўся лагер зранку. Але негатыў неяк хутка і непрыкметна пераўтварыўся ў пазітыў. Крыху ачуняўшы, адна з жонак урачыста заявіла: «Затое сёння ноччу я зразумела важнае. Якія ж нашы мужчыны добрыя і выхаваныя!» Тое ж сказалі мужы сваім жанчынам. Усе ў нейкім новым ракурсе і з большай павагай пачалі глядзець адзін на аднаго, паралельна згадваючы падрабязнасці начнога серыяла.

Вось такой яна мне запомнілася — «Бард­рыбалка 2013»: сусветнымі рэкордамі, песнямі Нежаўца і пераўтварэннямі людзей у жывёл. Абавязкова прыеду сюды ў наступным годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?