Вайсковы суд апраўдаў Мэнінга паводле найбольш сур’ёзнага абвінавачвання ў дапамозе ворагу, але прызнаў вінаватым па большасці з больш чым 20 іншых абвінавачванняў, у тым ліку ў шпіянажы, крадзяжы і камп’ютарным махлярстве.

Пракуроры спрабавалі даказаць, што ў Мэнінга былі «варожыя намеры» ў дачыненні да ЗША і што ён ведаў, што сакрэтныя матэрыялы, якія ён апублікаваў, будуць даступныя ў інтэрнэце ворагам Амерыкі, у тым ліку тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Каіда». Суд не пагадзіўся з гэтымі абвінавачваннямі, але палічыў віну Мэнінга дастатковай, каб прызнаць яго вінаватым у шпіянажы.

Мэнінга арыштаваны ў маі 2010 у Іраку, дзе ён праходзіў службу. Ён прызнаўся ў тым, што перадаў сайту Wikileaks для публікацыі відэазапіс удараў з паветра, у выніку якіх былі забітыя мірныя грамадзяне, сотні тысяч дакладаў аб інцыдэнтах на франтах вайны ў Афганістане і Іраку, дасье на зняволеных турмы Гуантанама і каля 250 тысяч дыпламатычных дэпеш дзярждэпартамента ЗША.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?