На матэрыяле шматгадовых даследаванняў, вынікаў сацыялагічных апытанняў лектар прапануе разгледзець шэраг сацыялінгвістычных паралеляў паміж беларускай і шатландскай мовамі, пачынаючы ад іх гістарычнага развіцця да агульных тэндэнцый у сучаснасці. Лекцыя уключае тры асноўныя часткі:

— Агляд гістарычнага развіцця пісьмовых адміністрацыйных і літаратурных моваў у дасучасных шматмоўных дзяржавах — Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Шатландыі, з іх наступнай функцыянальнай дыялектызацыяй у дачыненні да даміноўных блізкароднасных моваў, польскай і расійскай у выпадку беларусаў і ангельскай у выпадку шатландцаў (як і спадарожнымі ідэалагічна зараджанымі дэбатамі наконт іх статусу як незалежных моваў). Вызначэнне пэўных агульных рысаў у дачыненні да функцыяў і сацыяльных ацэнак стылістычнага мноства размоўных варыянтаў, якія паўсталі ў выніку лінгвістычнага збліжэння.

— Аналіз пэўных агульных тэндэнцыяў у развіцці сучаснай пісьмовай беларускай і шатландскай мовы. У прыватнасці, іх значнай ролі ў літаратурным ды культурным жыцці разам з пераважна сімвалічным альбо фармальным выкарыстаннем у грамадскай сферы. Вызначэнне праблемаў у развіцці адзіных пісьмовых стандартаў, а таксама пэўных падабенстваў адносна неадназначнай, амбівалентнай ролі беларускай і шатландскай моваў як маркераў нацыянальнай тоеснасці.

— Пазначэнне пэўных паралеляў у выніках нядаўніх нацыянальных даследаванняў па выкарыстанні моваў, стаўленні да мовы і перавагах моўнай палітыкі, уключна з даследаваннем, праведзеным у 2010 годзе ўрадам Шатландыі «Грамадскае стаўленне да шатландскай мовы», і вынікамі перапісу насельніцтва Шатландыі з 2011 года, гэтаксама як даследаваннямі, праведзенымі на Беларусі ў 2009, 2010 і 2012 гадах даследчымі агенцтвамі НОВАК ды НІСЭПД.

На думку амерыканскага славіста, такі аналіз падабенства і розніцы ў сучасным становішчы беларускай і шатландскай моваў прыводзіць да цікавых высноваў, якія маглі б быць карыснымі для прыхільнікаў беларускай мовы і іх шатландскіх партнёраў пры распрацоўцы на будучыню эфектыўных стратэгіяў моўнага мэнэджменту.

Лекцыя «Амбівалентныя нацыянальныя мовы: чым беларуская падобная да шатландскай» адбудзецца 27 жніўня ў галерэі «Ў». Пачатак у 18.30. Уваход вольны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?