Звон Свабоды на Кастрычніцкай Плошчы 20 сакавіка.

Фота Юрася Дзядзінкіна

Уначы з 21 на 22 сакавіка ў Менску затрыманы ўнікальны мастацкі твор – Звон Свабоды (падрабязьней пра яго гл. «НН» №2 за 13 студзеня 2006 г.). Ён дагэтуль знаходзіцца ў Цэнтральным РАУС сталіцы.

Упершыню Звон загучаў на Кастрычніцкім пляцы 20 сакавіка. Аўтары Звана Алесь Шатэрнік і Аляксей Марачкін кажуць, што да іх зьвярнуліся актывісты каманды Казуліна і прапанавалі прынесьці яго на пляц. Шатэрнік, які раней казаў, што Звон будзе гучаць на Дзень Волі, пагадзіўся: «Мне Алесь Пашкевіч (старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. – «НН») гарантаваў, што яны вернуць Звон назад. Я ідаверыўся пад гарантыю Пашкевічавага слова».

Звон загучаў над тэрыторыяй Вольнай Беларусі – на пляцы, якому яго абаронцы з прапановы Ўладзімера Арлова надалі імя Кастуся Каліноўскага. Аднак пазьней, калі Звон вывозілі з пляцу, машыну зь ім затрымалі міліцыянты. У гэты час у аўтамабілі былі А.Пашкевіч, актывіст казулінскай каманды Мікалай Карпачоў і кіроўца. Сьпярша міліцыянты выстаўлялі прэтэнзіі да аўтамабіля, але ўрэшце стала ясна, што ім патрэбны Звон. Яго канфіскавалі, патрабуючы паказаць дакумэнты на мастацкі твор (ці ж жарт – больш за 100 кг каляровага мэталу, бронзы?).

Па недасьведчанасьці затрыманых (вэрсія А.Шатэрніка) ці па самадурстве міліцыі (вэрсія Ніны Шыдлоўскай, прэс-сакратаркі А.Казуліна) ніхто з суправаджальнікаў не парупіўся запатрабаваць копію пратаколу канфіскацыі. «Ім паказалі паперу, але ў рукі не далі», – кажа Н.Шыдлоўская.

На цяперашні момант А.Шатэрнік сабраў дакумэнты, якія сьведчаць, што ён аўтар Звона Свабоды. Гэтыя сьведчаньні ён мае падаць у Цэнтральны РАУС, каб вярнуць свой твор. «Думаю, яго забралі адмыслова, каб Звон Свабоды не прагучаў на Дзень Волі, – кажа скульптар. – Але гэта сьвятая рэч, у гэтай бронзе гучыць Боская душа. Там напісаныя словы Бібліі, словы сьвятой Эўфрасіньні Полацкай. І трымаць гэтую рэч за кратамі – блюзьнерства, на яе нельга ўздымаць руку. З тымі, хто падыме на Звон руку, будзе тое, што і з тымі, хто нішчыў храмы: пра іх усіх расказваюць, што яны былі пакараныя потым».

Шатэрнік упэўнены, што Звону Свабоды нічога не пагражае: сьвятая рэч здольная абараніць сябе. «Наўрад ці ў каго падымецца рука на яго». Прыкладна тую ж думку ў даступнай для сябе форме карэспандэнту «НН» выказаў і дзяжурны міліцыянт Цэнтральнага РАУС: «Ды каму ён трэба – ваш Звон? Зьвярніцеся ў прэс-цэнтар ГУУС». Кіраўнік прэс-цэнтру Менскага ГУУС Алег Сьлепчанка, у сваю чаргу, быў ляканічны: «Я ад вас упершыню чую, у нас жа ёсьць ня ўся інфармацыя. Чаму з Цэнтральнага РАУС паслалі да нас? Ня ведаю – можа, у іх не было часу вам адказваць».

Скульптар кажа, што хоча падарыць свой твор Менску: «Многія краіны маюць свой Пляц Волі і Звон Свабоды. У Менску каля ратушы была гадзіньнікавая вежа, дзе мог бы гучаць Звон Свабоды. У будынку насупраць ратушы, дзе цяпер музычны каледж, прымалася Трэцяя Ўстаўная грамата БНР. Ён мог бы гучаць і там».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?