30 актывістаў «Гавары праўду» затрымалі проста ў офісе
Там праходзіў сход рэгіянальнага актыву. Затрыманых пратрымалі ў міліцыі больш за тры гадзіны.
Як паведаміў намеснік старшыні кампаніі «Гавары праўду!» Андрэй Дзмітрыеў, у першай палове дня ў офісе праводзіліся заняткі для сяброў кампаніі з рэгіёнаў.
Аднак правядзенню мерапрыемства перашкодзіла міліцыя, якая, са слоў Дзмітрыева, спачатку заблакавала дзверы офіса, не даючы нікому магчымасці выйсці. Пасля гэтага удзельнікаў аргмерапрыемства пасадзілі ў аўтазакі і павезлі ў РУУС Кастрычніцкага раёна Менска, паведаміў намеснік старшыні кампаніі.
Паводле яго слоў, на момант з’яўлення ў офісе міліцыі там знаходзілася блізу 30 чалавек. Затрыманых пратрымалі ў міліцыі больш за тры гадзіны.
Таксама, паводле слоў Дзмітрыева, міліцыяй былі канфіскаваныя друкаваныя матэрыялы, звязаныя з «Народным рэферэндумам».
«У цэлым тое, што адбывалася, выглядала як спроба запалохаць актывістаў. Да нас як раз прыехала шмат новых людзей з рэгіёнаў. Аднак, я думаю, што гэтага уладам зрабіць не ўдалося, а атрымалася хутчэй наадварот — добры трэнінг па пабудове каманды. Усе выйшлі з міліцыі ў нармальным настроі, абмеркавалі, што будзем рабіць далей», — адзначыў намеснік старшыні» Гавары праўду».
Каментары