Правілы жыцця Уладзіміра Арлова: пра жанчын, мужчын, вучняў і страхі
25 жніўня 60 гадоў спаўняецца пісьменніку, гісторыку Уладзіміру Арлову. Напярэдадні свайго дня нараджэння ён падзяліўся з "Нашай Нівай" сваімі правіламі жыцця..
• У жанчынах цаню ўсё, што ў іх ёсць.
• У мужчынах — вернасць самому сабе.
• У сабе мне найбольш падабаецца зацятасць. Найменш — яна ж, калі пераходзіць пэўную мяжу.
• Мае настаўнікі — дрэвы на беразе Люхава: два дубы, вольха і ясень. Побач з імі стаяў клён, але ў той год, калі была аперацыя на сэрцы, у дрэва трапіла маланка і яно загінула. Сёлета я пасадзіў побач з ягоным «надмагіллем» два маладыя клёнікі.
• Ці ёсць у мяне вучні? Дакладна ведаю, што былі, калі паўгода выкладаў гісторыю ў школе.
• Еўразійскі шлях прывядзе ў нацыянальны нябыт. Бачу Беларусь у Еўрасаюзе, але гэта няблізкая будучыня.
• Цяжка, калі цябе ніхто не кахае. Трагічна, калі нікога не кахаеш сам.
• Як заваяваць жанчыну? Існуе такая формула: здзівіць, спалохаць, насмяшыць. Я ў яе не веру. На наша мужчынскае шчасце жанчыны настолькі розныя, што шукаць універсальны рэцэпт заваёвы, далікатна кажучы, наіўна.
• Пасля 2008 года стараюся слухацца дактароў і п’ю штодзённую жменьку лекаў. На дзясятым дзясятку Чэслаў Мілаш пісаў, што рабіў тое самае, і згадваў сяброў, якія з парадаў медыкаў толькі смяяліся. Аднак прачытаць тыя словы мэтра сябры ўжо не маглі.
• Любімая страва — у залежнасці ад гадзіны дня, пары года, ад таго, хто яе гатаваў. Можа быць проста аўсянка з мёдам. Дранікі з рознымі дадаткамі і прыбамбасамі. Бараніна ў размаітых «іпастасях», прыкладам, барановая смажанка пад чарнаслівам, якую ядуць кароль і пісьменнік у «Ордэне Белай Мышы».
• Любімы напой — сухое чырвонае віно, пажадана з Новага Свету: каліфарнійскае, аўстралійскае, аргенцінскае, чылійскае...Калі п’ю паўднёваафрыканскае, уяўляюцца любоўныя гульні львоў у саванне. Часам доўгімі зімовымі вечарамі пад бел-чырвона-белае сала магу сабе дазволіць старой добрай старадарожскай. Штодзённы ж улюбёны напой — амаль чыфіравага мацунку гарбата з малаком.
• Добрая літаратура — гэта тая, якую цікава чытаць і якая прымушае страпянуцца цябе самога, абсалютна нечакана нараджаючы асацыяцыі, сюжэты, дыялогі...Апошні прыклад — раман Жузэ Эдуарду Агуалузы «Прадавец мінулага».
• Чытаю і перачытваю заўсёды некалькі кніг. Зараз падыду да стала і пералічу. Біблія. «Цынамонавыя крамы» Бруна Шульца. «...І цуды і страхі» Вольгі Бабковай. Свежы нумар «Иностранной литературы», дзе знайшоў дыялогі Адольф Біёя Касарэса з Борхесам. Але галоўная настольная кніга — тая, якую пішу. Пішу ад рукі, а перапісваць перасяду да камп'ютара.
• Найлепшых сяброў ужо даўно няма. Я напісаў пра іхнія розныя, але аднолькава трагічныя лёсы ў кнізе «Імёны Свабоды». Генадзь не вярнуўся з Афганістана. Валера загінуў на мінскай вуліцы пад коламі машыны генпракурора.
• Калі не ў Беларусі, то хацеў бы жыць у Англіі, але, спадзяюся, да гэтага не дойдзе.
• З кіно гляджу найперш класіку другой паловы ХХ стагоддзя. Нядаўна яшчэ раз паглядзеў «Акупацыю» Андрэя Кудзіненкі і ягоную «Масакру».
• Нельга прабачыць адрачэненне свайго і адданую службу тым, хто яго нішчыць.
• Калі кепскі настрой, то я плаваю. У метафізічным сэнсе таксама.
• Баюся не паспець.
• Дзяцей трэба выхоўваць сваім прыкладам і добрымі кнігамі.
***
Уладзімір Арлоў
Нарадзіўся ў 1953 у Полацку. Пісьменнік, гісторык. Скончыў гістфак БДУ. Працаваў у газеце «Хімік», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Аўтар больш дваццаці кніг прозы, паэзіі, эсэістыкі. Разам з мастаком Змітром Герасімовічам уклаў кнігу «Краіна Беларусь». Жанаты, мае двух сыноў.
Каментары