Недзе ў такіх гарадзішчах утварыўся ў сярэдзіне І тысячагоддзя ўтварыўся беларускі этнас са сваёй мовай.  Фота spadczyna.com.

Недзе ў такіх гарадзішчах утварыўся ў сярэдзіне І тысячагоддзя ўтварыўся беларускі этнас са сваёй мовай.  Фота spadczyna.com.

Гутарка пойдзе пра беларускі і ўкраінскі этнасы, менавіта этнасы, а не нацыі ці народнасці.

Нацыя — з’ява новая. Паняцце «нацыя» разумеюць па-рознаму. У адных выпадках гэтае паняцце набліжаецца да паняцця «этнас», у другіх выпадках атаясамліваецца з паняццем «грамадзянства» і г.д.

Існуюць розныя погляды на значэнне паняцця «народнасць». У навуковай літаратуры і ў палітыцы вялікае значэнне надаецца перапісам насельніцтва. Між тым, у перапісах мноства ўсялякіх хібаў [Климчук, 1990, с. 92–106].

Этнас жа — з’ява трывалая і старажытная. Яна незалежная ад палітычнай прыналежнасці, самасвядомасці, рэлігіі і іншых падобных фактараў. Этнасы існавалі яшчэ ў часы першабытна-абшчыннага ладу, існуюць і будуць існаваць.

У прыватнасці, агульнапрынята лічыць, што яшчэ ў першабытную эпоху ўзніклі індаеўрапейцы, германцы, індаарыйцы, балты, італікі, кельты, фіны, цюркі і г.д.

Вялікая колькасць этнічных беларусаў і ўкраінцаў аднесены да прадстаўнікоў іншых нацый, пераважна да рускіх. Прывядзём звесткі аб колькасці беларусаў за межамі сучаснай Беларусі і этнічных украінцаў за межамі сучаснай Украіны, якія ў мінулым у час перапісаў або пры падліках даследчыкаў фіксаваліся беларусамі ці ўкраінцамі.

Смаленская губерня, 1866 г., афіцыйныя даныя Смаленскага статыстычнага камітэта: беларусаў — 537.149 чал. (46,68%), «смесь Великорусов с Белорусами» — 121.407 чал. (10,55%) [СГ, с. XLIX–LI]. 1897 г., перапіс, Краснінскі павет Смаленскай губерні, этнічных беларусаў — 92.006 чал. (89,98%) [Перепись.1897].

Падлікі Я. Ф. Карскага, колькасць этнічных беларусаў у Смаленскай губерні: 1860 г. — 1.122.000 (67,1%), 1903 г. — 947.826 (56,4), 1917 г. — 842.000 чал.[Карский, 1903, с. 168; Карский, 1917, с. 26].

Падлікі Я. Ф. Карскага, колькасць этнічных беларусаў у 1903 г. у Чарнігаўскай губерні — 700 тыс., акрамя таго прадстаўнікоў пераходных беларуска-ўкраінскіх груп — звыш 55 тыс. [Карский, 1903, с. 169]. Цяпер гэта пераважна заходняя частка Бранскай вобласці Расіі, часткова паўночныя ўскраіны Чарнігаўскай і паўночна-заходнія ўскраіны Сумской абласцей Украіны).

Колькасць беларусаў у паветах Чарнігаўскай губерні, паводле афіцыйных даных: Суражскі павет, 1859 г. — 72.295 (66,4%), 1897 г. — 129.294 (69,41%); Мглінскі павет, 1897 г. — 19.739 (14,17%) [Карский, 1917, с. 17].

Веліжскі, Невельскі, Себежскі паветы Віцебскай губерні, зараз у складзе Расіі, перапіс 1897 г., беларусаў 221.859 (73,35%) [Перепись, 1897].

Мсціслаўскі, Аршанскі, Клімавіцкі паветы Магілёўскай губерні. Часткі іх цяпер у складзе Расіі; на гэтай тэрыторыі ў 1897 г. жыло каля 70 тысяч беларусаў [Перепись, 1897].

Паводле падлікаў Я. Ф. Карскага, у 1917 г., этнічных беларусаў: у Цвярской губерні — 45 тыс. чал. [у 1903 г. — 125.000], Пскоўскай — 40 тыс. [у 1903 г. — 42.400], Арлоўскай (раён Бранска) — 24.400 чал. [у 1903 г. — 38.484]. [Карский, 1917, с. 26; Карский, 1903, с. 168–169].

Віленскі і Трокскі паветы Віленскай губерні, перапіс 1897 г., беларусаў 125.911 чал. [Перепись, 1897].

Латгалія (Дзвінскі, Люцынскі, Рэжыцкі паветы Віцебскай губерні), перапіс 1897 г., беларусаў 66.437 чал. [Перепись, 1897].

Сучасная Беласточчына (Сакольскі, Беластоцкі, Бельскі паветы Гродзенскай губерні, Аўгустоўскі павет Сувалкскай губерні), перапіс 1897 г., беларусаў 180.404 чал. [Перепись, 1897].

У аснову савецкага перапісу 1926 г. пакладзена этнічная прыналежнасць насельніцтва. У 1926 г. на паўднёвым захадзе Расіі, на тэрыторыі сучасных краёў Краснадарскага і Стаўропальскага (адпаведна без Адыгеі і Карачаева-Чаркесіі), абласцей Варонежскай, Белгарадскай, Растоўскай, Курскай, пражывала 4.558.176 чал. этнічных украінцаў. Недзе каля 1932—1933 гг. адбылася пераарыентацыя ў этнанацыянальнам суаднясенні ўкраінцаў адзначанага рэгіёна: да 1932—1933 гг. у аснове ляжала прыналежнасць да народнасці, г. зн. этнічная прыналежнасць, пасля 1932—1933 гг. — прыналежнасць да нацыі. Гэта адлюстравана ў перапісах насельніцтва: у адзначаных вышэй двух краях і чатырох абласцях Расіі зафіксавана ўкраінцаў па нацыянальнай прыналежнасці: 1937 г. 983.527 (6,90%), 1939 г. — 841.750 (5,82%), 1959 г. — 574.968 (4,27%), 1979 г. — 578.903 (3,65%), 1989 г. -644.307 (3,90%) [Климчук, 2008, с.257–285].

Спецыфічным рэгіёнам ў плане этнічнай і нацыянальнай прыналежнасці насельніцтва, яго мовы, характару перапісаў у рэгіёне з’яўляецца Берасцейска-Пінскае Палессе [Клімчук, 1995–1996, с. 11–19].

Для ўтварэння пэўнага этнасу неабходны тры асноўныя ўмовы.

1. Кансалідацыя насельніцтва на пэўнай тэрыторыі. Гэта можа быць у межах дзяржавы, а ў дадзяржаўны перыяд — у межах этнакультурнай агульнасці (археалагічнай культуры).

2. Аддзяленне ад суседніх роднасных этнасаў дзяржаўнымі межамі, а ў дадзяржаўны перыяд межамі этнакультурных агульнасцей (археалагічных культур).

3. Працягласць гэтага працэсу.

І неабходна, каб быў выяўлены гістарычны эквівалент для сучаснага этнасу.

Вынікам адзначаных умоваў стала ўтварэнне ў старадаўнім славянскім кантынууме дыялектных зон [Филин, с. 3–14].

Мы не можам адносіць утварэнне беларускага і ўкраінскага этнасаў да апошніх стагоддзяў, пачынаючы з XVI–XVII стагоддзяў. Гэта ўжо той час, калі з’явіліся беларускія і ўкраінскія фрагменты ў інтэрмедыях, беларускія тэксты, пісаныя арабскім пісьмом, тэксты народных песень.

Гэта ўжо фіксацыя народнай мовы беларускага і ўкраінскага этнасаў, той мовы, якая дажыла да сучаснасці. Такім чынам, не маглі беларусы і ўкраінцы выдзеліцца як асобныя этнасы ў XVI–XXI стагоддзі.

Існуюць пункты погляду, паводле якіх узнікненне беларусаў з’яўляецца вынікам усяго адной прычыны. Гэта або балцкі субстрат, або эпоха Вялікага Княства Літоўскага.

Сапраўды, балцкі субстрат адыграў вялікую ролю ў фарміраванні старажытнага славянскага насельніцтва, якое жыло на тэрыторыі Беларусі.

Але, як сведчыць балцкая гідранімія, балты жылі не толькі ў Беларусі, але і далей на ўсход да самай Татарыі. Тады чаму на прасторы ад Беларусі да Татарыі не жывуць беларусы?

Эпоха Вялікага княства Літоўскага — гэта сапраўды «залаты век» у гісторыі беларусаў.

Але калі лічыць эпоху ВКЛ адзінай прычынай адасаблення беларусаў, тады ўзнікае пытанне: чаму беларусы не жывуць кампактна на ўсёй тэрыторыі былога Вялікага Княства Літоўскага?

Украінцы не маглі скласціся як этнас у той час, калі (пра)ўкраінская этнічная тэрыторыя ўваходзіла ў склад розных дзяржаў. А гэта апошнія 8/9 стагоддзяў.

Пачалася гэтая эпоха ў ХІ/ХІІ стст., а скончылася ў 1939/1945 гг., У XI/ХІІ — XX стст. украінцы (і праўкраінцы) жылі ў розных дзяржавах. Значыць, не можа быць і мовы, каб у гэты час украінскі этнас выдзеліўся са славянскага ці ўсходнеславянскага свету і кансалідаваўся ў асобную народнасць.

XI — XIII стст. — гэта эпоха старажытнарускіх княстваў, якія ўяўлялі сабою асобныя дзяржавы. І ў гэты час таксама адсутнічаюць умовы для выдзялення і кансалідацыі як (пра)ўкраінцаў, так і (пра)беларусаў.

Часам існавалі тэндэнцыі аб’яднання заходне- ці паўднёвастаражытнарускіх княстваў. Але гэта сведчыць толькі аб этнічнай блізасці іх насельніцтва, якая склалася раней.

Старажытнарускім княствам папярэднічае эпоха Кіеўскай Русі. У гэтую эпоху існавалі ўмовы для кансалідацыі насельніцтва на тэрыторыі сучаснай Украіны, але адсутнічалі ўмовы для адасаблення праўкраінцаў ад прабеларусаў і паўднёвых прарасіян.

Арэал (пра)беларускага этнасу ў часы Кіеўскай Русі не ўяўляў адзінства. Цэнтр і поўнач сучаснай Беларусі займала Полацкае княства ці Полацкая Русь. Гэта старадаўняе дзяржаўнае ўтварэнне. Непасрэдна ў склад Кіеўскай Русі яно ўваходзіла непрацяглы час. Пераважна было суверэннай дзяржавай. Даследчыкі адзначаюць вялікую ролю Полацкай Русі ў працэсе кансалідацыі беларускай народнасці.

У той жа час Смаленскае і Тураўскае княствы і землі працяглы час былі цесна звязаны з Кіевам.

Адсюль вынікае, што ў эпоху Кіеўскай Русі як этнічныя адзінкі праўкраінцы, прабеларусы і прарасіяне існавалі. Прарасіяне складаліся з дзвюх этнічных адзінак — будучых паўночных і паўднёвых велікарусаў. Відаць, існавалі нейкія моўныя этнаграфічныя рысы, якія аб’ядноўвалі паўночных і паўднёвых (пра)велікарусаў і супрацьпастаўлялі іх (пра)беларусам і (пра)ўкраінцам.

Праўда, гэта былі роднасныя ўсходнеславянскія этнасы. Паміж імі маглі быць іншыя межы, чым зараз, маглі існаваць пераходныя мікраэтнасы, якія потым былі асіміляваны. І мы ў дадзены момант устрымліваемся ад вызначэння статусу ўсходнеславянскіх этнасаў у эпоху Кіеўскай Русі. Магчыма, гэта ўжо асобныя народы, а магчыма — этнаграфічныя групы. А магчыма, адны прадстаўнікі ўсходнеславянскай агульнасці аддавалі перавагу ўтварэння аднаго ўсходнеславянскага народу, а другія лічылі больш прымальным утварэнне трох або некалькіх усходнеславянскіх народаў.

Рэтраспектыўна перамяшчаемся ў папярэднюю эпоху, г.зн тыя часы, якія папярэднічалі Кіеўскай Русі

[Брайчевський; Климчук, 1983, с. 8–10; Климчук, 1992, с.21–23; Клімчук, 1995, с. 47–54; Клімчук, 1996, с.162–180; Клімчук, 1998, с. 100–148; Седов, 1970; Седов, 1982; Седов, 2002], паколькі, як мы вызначылі вышэй, у часы Кіеўскай Русі (пра)беларускі і (пра)ўкраінскі этнасы ўжо існавалі. Існавалі яны і пазней. З гэтага вынікае, што ўзніклі гэтыя этнасы да часоў Кіеўскай Русі.

Напярэдадні ўтварэння Кіеўскай Русі існуюць плямёны: крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Іх нярэдка называюць беларускімі плямёнамі. Крывічы складаліся з наступных груп: полацка-самаленскія, пскоўскія і верхняволжскія крывічы. Верхняволжскія крывічы больш позняга ўтварэння: яны склаліся ў выніку міграцый на Верхнюю Волгу смаленскіх, полацкіх і пскоўскіх крывічоў. Яны рана ўвайшлі ў склад Маскоўскай Русі і сталі адным з кампанентаў вялікарускай народнасці у час яе фарміравання. Праўда, існуе думка, што верхняволжскія крывічы, у першую чаргу іх заходняя частка, у мінулым былі этнічнымі беларусамі [Трусаў, с. 38–51].

Пскоўскія крывічы адрозніваліся ад крывічоў полацка-смаленскіх характарам свайго субстрату. У полацка-смаленскіх крывічоў пераважаў субстрат балцкі, а ў пскоўскіх крывічоў — балцкі і фінскі. Далей: пскоўскія крывічы былі аддзелены ад крывічоў полацка-смаленскіх межамі княстваў, затым дзяржаўнымі межамі. І ўсё ж даследчыкі ўсходнеславянскіх гаворак адносілі пскоўскую дыялектную групу не да «звычайных» рускіх гаворак, а да гаворак пераходных руска-беларускіх [Дурново, Соколов, Ушаков, с. 261–272, карта]. Адкуль з’явіўся беларускі кампанент у пскоўскіх гаворках? Часта тлумачаць гэта тым, што ў сярэднявеччы мелі месца міграцыі з Беларусі на Пскоўшчыну. З гэтым нельга пагадзіцца. Пскоўшчына здаўна была шчыльна заселена. І невялічкія міграцыі з Беларусі не маглі прывесці да карэннай змены структуры пскоўскіх гаворак. Прычына, на наш погляд, зразумелая: беларускі кампанент у пскоўскіх гаворках захаваўся з тых часоў, калі пскавічы былі крывічамі.

Успамінаю адзін выпадак. Некалькі год назад трапілася мне быць у Пскове. Іду я па вуліцы, сустракаю групу людзей, якія, ідучы, гучна гавораць паміж сабой. Мова іх паказвае, што яны з нейкага раёна Пскоўскай вобласці. І ў мяне ўзнікае пытанне: дзе я знаходжуся — ў Пскове ці ў Баранавічах? Маўленне гэтых людзей нечым напамінала маўленне жыхароў наваколляў Баранавіч, што на поўначы Берасцейскай вобласці.

Калі звярнуць увагу на арэал пашырэння беларускіх гаворак на рубяжы ХІХ-ХХ стст. з тэрыторыяй дрыгавічоў, радзімічаў і полацка-смаленскіх крывічоў, дык яны ў аснове супадаюць.

Аб чым гэта сведчыць? Выпадковасць? Наўрад ці. Калі не выпадковасць, дык мы выявілі гістарычны эквівалент (пра)беларускага этнасу? Так, выявілі, але толькі часткова. Чаму часткова? Таму што культура дрыгавічоў, радзімічаў і полацка-смаленскіх крывічоў, паводле археалагічных дадзеных, істотна адрознівалася паміж сабою. Крывічы былі вялікім племенем са сваёй спецыфічнай культурай. Культура дрыгавічоў была больш блізкай да культуры заходнеўкраінскіх плямёнаў (драўлян, валынян), чым да культуры кравічоў. А радзімічы ўваходзілі ў іншую культурную групу, у якую, акрамя радзімічаў, ўваходзілі яшчэ севяране і вяцічы. А якой была мова гэтых плямёнаў? Найбольш верагодна, што (пра)беларуская.

У склад Вялікага Княства Літоўскага ўваходзілі землі беларускія, ўкраінскія, рускія. Але сярод іх насельнікаў канчаткова кансалідаваліся ў беларускую народнасць толькі нашчадкі полацка-смаленскіх крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў. Чаму так адбылося? Хутчэй за ўсё таму, што яны гаварылі на адной мове.

Але чаму дрыгавічы, полацка-смаленскія крывічы і радзімічы, маючы неаднолькавую культуру, маглі гаварыць на адной мове? Таму што яны аднаго паходжання. Што ж папярэднічала дрыгавічам, полацка-смаленскім крывічам і радзімічам?

Ім папярэднічала археалагічная агульнасць — банцараўска-тушамлянска-калочынская (пачатак V — першая палова VIII стст. н. э.). Арэал гэтай еднасці таксама супадае з тэрыторыяй белерускіх гаворак на рубяжы XIX–XX стст. Відаць, банцараўска-тушамлянска-калочынская эпоха — гэта канчатковы этап фарміравання (пра)беларускага этнасу.

Але банцараўска-тушамлянска-калочынская еднасць уключала не толькі славянамоўнае насельніцтва, але і славяна-балцкіх білінгваў і балтаў. Апошнія ў наступныя стагоддзі славянізаваліся (беларусізаваліся). На аснове адзначанай еднасці склаліся дрыгавічы, радзімічы, полацка-смаленскія крывічы.

Тэрыторыя Украіны падзяляецца на дзве зоны: а) цэнтр і захад, б) паўднёвы ўсход. Цэнтр і захад — гэта тэрыторыя старога засялення, пастаяннае насельніцтва жыве тут не адну тысячу год, тут фарміраваўся (пра)украінскі этнас.

На паўднёвым усходзе насельніцтва неаднаразова мянялася. Славяне неаднаразова пранікалі на крайні поўдзень і ўсход Украіны. Потым яны адсюль выцясняліся. Потым зноў адбывалася пранікненне славян у гэты рэгіён, зноў выцясненне і так неаднаразова. Апошняе засяленне і дазасяленне ўкраінцамі паўднёвага ўсходу Украіны адбылося ў XV–XIX стст.

У канцы VII — X стст. існуе культура Лукі Райкавецкай. Яна займае тэрыторыю Правабярэжнай і Заходняй Украіны, часткі Левабярэжнай Украіны (Палтаўшчыну), сумежныя рэгіёны суседніх дзяржаў. Як бачым, гэта пераважная частка той тэрыторыі, якую цяпер у арэале рассялення ўкраінцаў называюць зонай старога засялення. Украінцы XIV–XVI стст. — гэта прыблізна на 80% нашчадкі носьбітаў культуры Лукі Райкавецкай, і ў той жа час прыблізна 80% носьбітаў культуры Лукі Райкавецкай — гэта продкі ўкраінцаў XIV–XVI стст.

Культура Лукі Райкавецкай мела свае перыферыі, насельніцтва якіх не ўвайшло ў склад украінскага этнасу. Да іх, у прыватнасці, адносіцца Тураўшчына, якая прыблізна з рубяжа VIII–IX стст. раздзяляе лёс Цэнтральнай Беларусі і нават становіцца цэнтрам племені дрыгавічоў [Клімчук 2004, 78–82].

Такім чынам, з канца VII і да рубяжа — IX/X стст. мы ўпершыню сутыкнуліся з такой сітуацыяй, калі асноўная тэрыторыя, заселеная праўкраінцамі, ўяўляла сабою этнакультурнае адзінства і была адасоблена ад суседніх усходнеславянскіх абласцей. Тэрыторыя культуры Лукі Райкавецкай — гэта старадаўняя ўсходнеславянская зона, насельніцтву якой належыць вялікая роля ў этнагенезе ўкраінцаў. Але фарміраванне гэтай зоны ёсць вынікам этнічнай гісторыі папярэдніх эпох.

Правабярэжнаўкраінская этнакультурная зона ў мінулым, відаць, займала вузейшую тэрыторыю і ахоплівала толькі лесастэпавую яе частку. Яе фарміраванне хутчэй за ўсё пачалося ў тыя часы, калі праславяне яшчэ канчаткова не выдзеліліся з агульнаіндаеўрапейскай агульнасці.

У ІІІ тыс. да н. э. паўднёвая частка гэтай зоны была рэгіёнам кантактаў нашчадкаў «трыпольцаў» з іншымі індаеўрапейцамі («шаравікамі» і іншымі).

У літаратуры нярэдка сустракаецца сцверджанне, што асноўнымі субстратамі (пра)ўкраінцаў былі сарматы і скіфы. Але ж гэтыя народы жылі пераважна ў паўднёва-ўсходняй Украіне. А этнагенез (пра)ўкраінцаў адбываўся ў асноўным у цэнтральнай і заходняй Украіне. Таму і асноўны субстрат украінцаў, на нашу думку, неабходна шукаць у заходняй і цэнтральнай частках Украіны. Найбольш верагодна, што такімі былі нашчадкі «трыпольцаў». Але іх уплыў хутчэй за ўсё меў месца не непасрэдна на працэс фарміравання (пра)ўкраінцаў, а на фарміраванне паўднёва-ўсходняй славянскай зоны, дзе пазней (пра)ўкраінцы складваліся.

Аб далейшых этнічных працэсах у разгляданай зоне гл. [Клімчук, 1998, 100–148].

Чарнігаўшчына і сумежныя вобласці была заселена севяранамі. Іх культура мела пераходны характар паміж культурамі Лукі Райкавецкай, племені радзімічаў і племені вяцічаў. Але ўжо з IX ст. асноўная тэрыторыя севяран, уключаючы Чарнігаў, увайшла ў арбіту ўплываў Кіева. Праўда, яшчэ да сярэдзіны XVII ст. сеўрукі выступаюць як даволі адасобленая ўсходнеславянская этнічная еднасць.

На заканчэнне адзначым, што аўтар гэтых радкоў разглядае тыя ці іншыя пастаўленыя ў артыкуле праблемы ў шэрагу іншых публікацый [Клімчук,1995, с.47–54; Клімчук, 1997, с. 126–133; Климчук, 1997а, с.237–241; Клімчук, 1998, с.100–148; Клімчук, 2002, с. 27; Климчук, 2004, с. 454–465; Клімчук, 2004б; Клімчук, 2008а, с. 92–94].

Літаратура:

Брайчевський — М. Ю. Брайчевський. Походження Русі. Київ: Наукова думка, 1968, 224 с.

Дурново, Соколов, Ушаков — Н. Н. Дурново, Н. Н. Соколов, Д. Н. Ушаков. Опыт диалектологической карты русского языка в Европе с приложением очерка русской диалектологии / Русский филологический вестник, т. 34, № 4. Москва, 1915.

Карский, 1903 — Е. Ф. Карский. Белоруссы. Том I. Введение в изучение языка и народной словесности. С приложением двух карт. Варшава, 1903. 655 с.

Карский, 1917 — Е. Ф. Карский. Этнографическая карта белорусского племени / Российская академия наук. Труды комиссии по изучению племенного состава населения России. 2. Петроград, 1917, 32 с. + карта.

Климчук, 1983 — Ф. Д. Климчук. Древнее племенное деление восточных славян в свете современного диалектного ландшафта // Структура і розвиток українських говорів на сучасному етапі. ХV Республіканська діалектологічна нарада. Тези доповідей і повідомлень. Житомир, 1983.

Климчук, 1990 — Ф. Д. Климчук. Этнос и перепись: парадоксы статистики // Ожог родного очага. М.: Прогресс, 1990.

Клімчук, 1992 — Ф. Д. Клімчук. Гомельшчына — прарадзіма этнічных беларусаў (да пастаноўкі пытання) // Гомельшчына: народная духоўная культура. Дыялекты. Тапанімія. Матэрыялы рэгіянальнай навуковай канферэнцыі, прысвечанай 850-годдзю летапіснага ўпамінання Гомеля. Гомель, 1992.

Клімчук, 1995 — Ф. Д. Клімчук. Праблемы этнагенезу ўсходнеславянскіх народаў // Пам’ятки писемності східнослов’янськими мовами ХІ-ХVІІІ століть. Київ: Хрещатик, 1995, вип. 2.

Клімчук, 1995–1996 — Ф. Д. Клімчук. Некаторыя асаблівасці этнанацыянальнай самасвядомасці заходніх палешукоў // Форум. Інфармацыйна-культурны бюлетэнь. Менск: Эўрафорум, зіма 1995–1996, № 2.

Клімчук, 1996 — Ф. Д. Клімчук. Беларусы — нашчадкі банцараўцаў // Спадчына. Мінск, 1996, № 1.

Клімчук, 1997 — Ф. Д. Клімчук. Да глотагенезу беларусаў // Беларусіка (Albaruthenica). 6. Частка 2. Беларусь паміж Усходам і Захадам. Праблемы міжнацыянальнага, міжрэлігійнага і міжкультурнага ўзаемадзеяння, дыялогу і сінтэзу. Мінск: Нацыянальны навукова-асветны цэнтр імя Ф.Скарыны, 1997. С. 126–133.

Климчук, 1997a — Ф. Д. Климчук. Полесье и этногенез восточнославянских народов // Український діалектологічний збірник. Книга 3. Пам’яті Тетяни Назарової. Київ: Довіра, 1997.

Клімчук, 1998 — Ф. Д. Клімчук. Да вытокаў фарміраваньня ўсходнеславянскіх народаў // Kryŭja-Крыўя, № 1(3). Менск, 1998.

Клімчук, 2002 — Ф. Д. Клімчук. «Споры» Пракопія Кесарыйскага і Спорава // Гістарычная Брама. Гісторыка-краязнаўчы часопіс. № 1–2 (19–20). Бяроза Брэсцкай вобласці, 2002.

Климчук, 2004 — Ф. Д. Климчук. Отголоски праславянщины в Столинском районе Брестской области // Язык культуры: Семантика и грамматика. К 80-летию со дня рождения академика Никиты Ильича Толстого (1923–1926). М.: Индрик, 2004.

Клімчук, 2004а — Ф. Д. Клімчук. Вялікае княства Літоўскае і сучаснасць (моўная сітуацыя) // Мовы ў Вялікім княстве Літоўскім і краінах сучаснай Цэнтральнай і Усходняй Еўропы: традыцыі і пераемнасць: Матэрыялы ІV Міжнароднай навуковай канферэнцыі 18–19 мая 2004 г. Брэст, 2004.

Клімчук 2004б — Клімчук Ф. Д. На якой «мове» гаварылі дрыгавічы? // Сучасныя праблемы беларускага мовазнаўства. Матэрыялы навуковай канферэнцыі, прысвечанай 75-годдзю Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, 2 лістапада 2004. Мінск: Права і эканоміка, 2004.

Климчук, 2008 — Ф. Д. Климчук. Расселение этнических украинцев на юго-западе России (по материалам переписи 1926 г.) // Кубань-Украина: вопросы историко-культурного взаимодействия. Выпуск 3. Посвящается 70-летию В. Г. Захарченко. / Сост. А. М. Авраменко. Краснодар: ООО «Картика

Клімчук, 2008а — Ф. Д. Клімчук. Да этнагеезу ўкраінцаў //

Діалектна мова: сучасний стан і динаміка в часі. Київ, 2008.

Перепись, 1897 — Н. А. Тройницкий. Первая всеобщая перепись населения Российской империи, 1897 г. [Т. 1–89, 1899–1904.]

СГ — Смоленская губерния. Список населенных мест по сведениям 1859 года. Издан Центральным Статистическим Комитетом Министерства Внутренних дел. Обработан Членом Статистического Совета Н.Штиглицом. СПб, 1868.

Седов, 1970 — В. В. Седов. Славяне Верхнего Поднепровья и Подвинья. Москва: Наука, 1970, 200 с.

Седов, 1982 — В. В. Седов. Восточные славяне в УІ-XIII вв. / Археология СССР. Москва: Наука, 1982, 328 с.

Седов, 2002 — В. В. Седов. Славяне. Историко-археологическое исследование. Москва: Языки славянской культуры, 2002, 622 с.

Трусаў — А. А. Трусаў. Невядомая нам краіна. Беларусь у яе этнаграфічных межах. Мінск: Кнігазбор, 2009.

Филин — Ф. П. Филин. Древнерусские диалектные зоны и происхождение восточнославянских языков // ВЯ, 1970, № 5.

***

Загаловак ад Рэдакцыі. Аўтарскі загаловак і месца першай публікацыі:

Да этнагенезу беларусаў і ўкраінцаў // České v?domí B?larusi / Чэшскае ўсведамленне Беларусі. V?ra Lend?lová, Ji?í Marvan, Michal Vašíček (eds.). Univerzita Karlova v Praze, 2013. S. 193–200; арк.

* * *

Фёдар Клімчук — кандыдат філалагічных навук. Шмат гадоў адпрацаваў у Акадэміі навук Беларусі. Найлепшы знаўца дыялектаў Палесся і Загароддзя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?