«Неадкладнага вызвалення Уладзіслава Баўмгертнера і спынення пераследу яго калег» запатрабаваў ад беларускіх улад старшыня савета дырэктараў «Уралкалія», былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Аляксандр Валошын.

«Эканамічныя спрэчкі і розныя супярэчнасці, якія часта бываюць у бізнесе, не павінны вырашацца падобнымі спосабамі, —
гаворыцца ў заяве Валошына. — Я добра ведаю Уладзіслава Баўмгертнера як сумленнага і вельмі прыстойнага чалавека, законапаслухмянага грамадзяніна, прафесіянала сусветнага ўзроўню».

«Уяўляюцца больш чым дзіўнымі заявы прадстаўнікоў следчых органаў Беларусі аб усякага роду парушэннях заканадаўства з боку менеджараў Беларускай калійнай кампаніі (БКК). Гэтыя абвінавачанні супярэчаць разумнаму сэнсу і не вытрымліваюць ніякай крытыкі», — заявіў Валошын.

Ён падкрэсліў, што

наглядальны савет Беларускай калійнай кампаніі, які ўзначальвае Баўмгертнер, з`яўляецца наглядным органам, якія збіраецца толькі некалькі разоў на год. Старшыня наглядальнага савета «не мае абсалютна ніякіх службовых паўнамоцтваў, якімі ён мог бы злоўжыць». Рэальным кіраўніком кампаніі з`яўляецца генеральны дырэктар, «які заўсёды намінаваўся беларускім бокам».

«Некалькі тыдняў таму генеральны дырэктар БКК (Валерый Іваноў) быў прызначаны на адну з вышэйшых пасад у Беларусі, а менавіта на пасаду намесніка кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта краіны.

Гэта, думаю, азначае, што вынікі дзейнасці гэтай кампаніі і стан спраў у ёй вельмі высока ацэньваюцца вышэйшым кіраўніцтвам Беларусі.
У гэтай сувязі абвінавачанні ў службовых злачынствах на адрас У.Баўмгертнера выглядаюць проста недарэчна», — заявіў Валошын.

Пра затрыманне Уладзіслава Баўмгертнера паведаміў 26 жніўня Следчы камітэт Беларусі. У дачыненні да гендырэктара «Уралкалія», які з`яўляецца старшынёй наглядальнага савета ЗАТ «Беларуская калійная кампанія», а таксама члена наглядальнага савета ЗАТ «БКК» Алега Пятрова, першага намесніка гендырэктара Канстанціна Саладоўнікава, намесніка гендырэктара па фінансах Ігара Яўстратава, начальніка фрахтовага аддзела Дзмітрыя Самойлава і іншых асоб распачаты справы на падставе ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Падставай для гэтага сталі матэрыялы пра ўчыненне імі яўных злоўжыванняў службовымі паўнамоцтвамі ў карыслівых мэтах, якія пацягнулі нанясенне значнага ўрону дзяржаўным і грамадскім інтарэсам краіны, а таксама нанясенне ўрону ў асабліва буйным памеры ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?