У Бабруйску пярэдадзень габрэйскага Новага году адзначаюць разам з консулам Ігалем Кофманам. У Горадні мясцовыя габрэі правядуць рытуал ачышчэньня ташліх у Нёмане.

Пярэдадзень габрэйскага Новага году Рош а‑Шан у Бабруйску вернікі бабруйскай сынагогі, вучні мясцовай гімназіі руху Хабад, іх бацькі і родныя меліся адзначыць у кампаніі дэлегацыі пасольства Ізраілю ў Беларусі на чале з консулам Ігалем Кофманам. Сьвяткаваньне адбудзецца ў памяшканьні гімназіі. Чакаецца ўрачысты канцэрт і сьвяточны стол з традыцыйнымі навагоднімі стравамі. Сьвяткаваньне Рош а‑Шан працягнецца некалькі дзён.

У Горадні сьвяточныя мерапрыемствы распачнуцца малітвай міньяну ў нядаўна адрэстаўраванай малой малельнай залі харальнай сынагогі. Затым старшыня гарадзенскай габрэйскай суполкі Барыс Квяткоўскі распавядзе пра філязофскі зьмест сьвяткаваньня Новага году.

Гарадзенская габрэйская суполка ці не адзіная ў Беларусі ладзіць рытуал ачышчэньня таліх у часе адзначэньня Рош а‑Шан. Робіцца гэта на беразе Нёману, каб згодна традыцыі вада зьнесла ўсё дрэннае. Адмыслова дзеля гэтага сёлета зь Ізраілю ў Горадню наведаецца Рэбэ рав Мотл Копман. Пасьля рытуалу ўсе прысутныя пачуюць гукі шафару. Завершыцца сьвяткаваньне сьвяточным сталом.

СП, паводле АЕН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0