Моцна абгарэлыя трупы двух чалавек знойдзены ратавальнікамі падчас тушэння пажару мінулай ноччу ў прыватным драўляным доме ў вёсцы Шавароўка Горацкага раёна.
Як паведамілі БелаПАН у Магілёўскім абласным упраўленні МНС, узгаранне ўзнікла ў 3.13. «Пасля прыбыцця першага падраздзялення адбывалася гарэнне дома і гаспабудовы адкрытым полымем, дах і перакрыццё абваліліся ў сярэдзіну дома. Паводле слоў суседзяў, у доме знаходзіліся людзі», — сказалі ва ўпраўленні.
Выявілася, што дом здымалі непрацоўны мужчына 1979 года нараджэння і яго сужыцелька 1980 года нараджэння, палявод ААТ «Горацкае». У жанчыны раней забралі двух дзяцей і перадалі іх у прыёмную сям’ю, падрыхтаваны дакументы для адпраўкі яе ў ЛПП.
Мужчына і жанчына, трупы якіх знойдзены пад абломкамі будаўнічых канструкцый, загінулі ад пажару, выкліканага неасцярожнасцю пры курэнні, мяркуюць у МНС.
Агнём знішчаны дах і перакрыццё дома па ўсёй плошчы, дашчаная гаспабудова.