Моладзевы лідар сказаў, што не пісаў у турме прашэння аб памілаванні, але яму гэта не раз прапаноўвалі.

Дашкевіч: «Прасілі шмат. Але цяжка разабраць, як гэта чалавек просіць: на свой одум, кшталту «ідзі, пішы, не дуры нам галаву».

А больш-менш афіцыйна гэта адбылося адзін раз у Горках (начальнік турмы — Кавалёў).

Разам з тым, Дашкевіч не асуджае тых палітыкаў, якія такі ліст падпісалі.

Дашкевіч: «У прынцыпе, не ў гэтым справа: пісаў не пісаў, а ў тым, што далей робіць чалавек, якая яго пазіцыя, чым ён займаецца, наколькі яе актыўна адстойвае. Ёсць людзі, якія не пішуць, а ходзяць і дыскрэдытуюць сябе. А ёсць такія: напісаў — выйшаў, ваюе далей…

Так, як за Саннікава, не браліся ні за кога, за выключэннем, відаць, Захаранкі, Красоўскага, Завадскага…».

Журналіст радыё «Свабода» удакладніў, што Дашкевіч сам бачыў (адносна Саннікава). Той адказаў: «Я шмат што бачыў, але не думаю, што маю права пра гэта гаварыць».

Пра «лукашызм» як дабраславенне Беларусі

Калі паразважаць, то гэта дабраславенне для Беларусі — 20 гадоў «лукашызму». Можа, для кагосьці гэта будзе гучаць парадаксальна і дзіка.

Людзі, якія не маглі праз нейкую каштоўнасную шкалу зразумець, што нельга ў такім кірунку рухацца, што нельга жыць інтарэсамі кілбасы і гэтак далей — няхай Лукашэнка гэта давядзе. Ён 20 гадоў свайму электарату прасавецкаму даводзіць поўную бесперспектыўнасць размеркавальнай эканамічнай палітыкі. Мы бачым, што ў саюзе з Расіяй робіцца… Каб усё тое ж самае, што Лукашэнка робіць, рабіў Зянон Станіслававіч, што б пра гэта сказалі? «Фашыст!». А ён (Лукашэнка) ім нармальны. Ён ім і Чачню, і «Уралкалій» увесь у «цюрагу»…

Калі ласка — хацелі інтэграцыі, савецкай эканомікі, камуністычных каштоўнасцяў — пажніце іх. Ён дыскрэдытуе ўвесь той маразм, які людзі падтрымлівалі ў 94-м годзе, і які частка людзей працягвае падтрымліваць зараз. Няхай усё працягваецца. Няхай Мясніковіч Мядзведзева запросіць на сустрэчу (смех у зале — НН).

Праблема апазіцыі — непаслядоўнасць

Задача апазіцыі — не ў тым, каб крытыкаваць Лукашэнку. Лукашэнку не трэба крытыкаваць, усё ж яно па БТ, 24 гадзіны ў суткі. Тыя 15–20% (маецца на ўвазе мінімальны рэйтынг дзейнага кіраўніка краіны за апошні час — НН), гэтая тыя людзі, якім апазіцыя ўжо ніколі нічога не дакажа. Нават калі гільяціну паставяць на Плошчы, частка «нэасталіністаў» застанецца. А ўсім астатнім даказваць і не трэба. Патрэбны альтэрнатыўны план перамен. І ў першую чаргу — паслядоўнасць. Мы гаворым адно, робім другое, пятае, дзясятае… Людзі бачаць, што за такімі цяжка ісці. Хочацца ісці за тым, хто сказаў — зрабіў. Зрабіў усё мажлівае, каб выканаць, пра што гаворыць.

Пра адзінага кандыдата

Усё зацыкліліся на ідэі адзінага кандыдата. Для мяне гэта незразумела. Я не хачу нікога пакрыўдзіць, але мы ж бачылі гэтых «адзіных». Самы круты адзіны кандыдат быў у 2001 годзе. Прафсаюз, два мільёны чалавек. Самы круты па ўсіх паліттэхналагічных раскладках. І што? Такая ганьба была, мы плакалі на Плошчы, калі гэты кандыдат з кіраўніцай штаба Палевіковай казаў: «Разыходзьцеся».

Мне здаецца, няхай 11 ідуць — весялей хоць трошкі. Праблема ж не ў тым, што не спрацавала стратэгія ўзяць уладу 11-ці кандыдатамі, а ў тым, што ніхто і не браў гэтую ўладу. 19-га чысла за ёй ніхто не прыйшоў. Быў адзін чалавек, які жадаў кіраваць гэтай краінай. Ён ёй і кіруе.

Што, мы прыйшлі на Плошчу, каб тры гадзіны размаўляць «пра караблі, якія бороздят прасторы опернага тэатра»? 20 гадоў пра тое ж самае».

Журналіст радыё «Свабода» удакладніў, ці хоча Дашкевіч сказаць, што 30-ці тысячам, якія прыйшлі на Плошчу, трэ' было штурмаваць Дом урада.

«Мы можам розныя словы і дэфініцыі выкарыстоўваць: вы адно, я другое, БТ — трэцяе. 19 снежня народ павінен быў вяртаць сабе ўладу. Парламент — гэта ж не Аляксандра Рыгоравіча будынак, а народа. Калі 30 тысяч лічаць, што ў народа забралі гэты будынак, мне падаецца лагічным, што яны павінны вярнуць яго. (Пасля гэтых словах Дашкевіч звярнуўся да жонкі: «Заўтра атрымаем папярэджанне ад пракурора, так? — усе засмяяліся).

Пра турэмнае меню

З побытавых рэчаў у турме найбольш сумаваў па ежы. Як выглядала турэмнае меню? Раніцай даюць 200 г кашы — сечка, груца, нешта такое. Добра, калі там не палова вады. Вось вы з’елі з кавалачкам хлеба, а 6-й раніцы. Праз шэсць гадзін вам даюць 400 г супу. Канечне, не спадзявайцеся вылавіць там штосьці з мяснога. Добра, калі там ёсць капуста ці бульба. А таксама 200 г кашы. Там ужо можа быць трошкі мяса, можа не быць. Я звычайна зліваў усё ў адну талерку, выходзіла грам шэсцьсот такога «супчыка». З’ядаеш гэта з кавалачкам хлеба.

Яшчэ праз шэсць гадзін яшчэ 200 г кашы (добра, калі паловы вады там няма). І якіх-небудзь кішак рыбных. Звычайна гэта рыбныя кішкі. У Горадні апошні месяц пачалі даваць скумбрыю. Калі «баландзёр» не галодны асабліва, мог і два кавалкі пакласці, і тры. Адзін з’еў, другі на раніцу пакінуў.

Як у Гародні цыбулю забаранілі

У беларускіх турмах асуджаныя амаль не бачаць гародніны і садавіны. Адзінае выключэнне — капуста. Таму надзвычай цэніцца магчымаcць набыць яе ў турэмнай краме:

«Прадавалася ў Гарадзенскай турме цыбуля. Я браў па кіло-два, валіў яе з чорным хлебам. Потым прыехаў Дэпартамент (выканання пакаранняў — НН), праверка.

«Як гэта вы цыбулю прадаяце? Гэта ж антысанітарыя!» Туды-сюды — прыкрылі лавачку. Вось чым займаецца дэпартамент, у які трэба пісаць, каб табе палепшылі ўмовы, каб нейкія вітаміны давалі ці яшчэ што-небудзь… Са сваёй ініцыятывы вязні дамовіліся з адміністрацыяй, каб прадавалі цыбулю. Прыязджае дэпартамент — а не, як гэта: зэкі цыбулю жруць».

Культура — гэта калі б’юць нагамі і пры гэтым — на «вы»

«Калі чалавек можа размаўляць на «вы», ён ужо лічыцца культурным, адэкватным супрацоўнікам унутраных спраў. Напрыклад, у Глыбокім піналі мяне разок нагамі па прадоле ізалятарскім, і на «вы»: «Дзмітрый Вячаслававіч, тыдж, палучыце, калі ласка!».

Пра адносіны з асуджанымі

Паўсюль пераважная большасць асуджаных — адэкватныя людзі, якія ўсё разумеюць. І хто чым мог, наколькі гэта не пагражала чымсьці страшным, людзі падтрымлівалі. І нават у ізалятары з-за мяне сядзелі, і пазбаўляліся мажлівасці ўмоўна-датэрміновага вызвалення, і пераседжвалі там гадамі. Таму вельмі добрае стаўленне.

Канечне, з некаторымі выключэннямі, пра якія я казаў.

Прыязджаю ў Глыбокае, мне кажуць, вось ты прыехаў з Горак, гэта ўсё фігня. Тут і ізалятарах «дубасяць» (б’юць — НН). Я кажу, калі гэта адміністрацыя малоціць косці, то гэта нармальна, мы жывем у такой краіне, «мусар» калі лупіць цябе дубінкай па плячах — гэта «масаж», «зарадка»…

А ў Горках адміністрацыя проста камеры адкрывае. Заходзяць «таварышы», і яны ўжо выкалачваюць, нічым не абмежаныя. І адміністрацыя «пушыстая», і чорная справа робіцца. Усё пад кантролем.

Пра «блатных» і «неафіцыйнае кіраванне» зонай

— Ёсць меркаванне, што ў калоніях адміністрацыя зарабляе на вязнях. Маніпуліруе прадуктамі, а таксама тым, што асуджаныя вырабляюць у цэхах. Дзе такая карупцыя была найбольшая?

Дашкевіч: «Думаю, што паўсюль у большай ці меншай ступені. Па меню гэта найбольш адчувалася ў Мазыры. Проста ніякая пайка была, нейкі жах. Але затое новы ізалятар са шклопакетамі».

Па словах Змітра, для таго, каб асуджаныя не пісалі скаргаў, адміністрацыя дамаўляецца з пэўнай катэгорыяй «зэкаў». «Адміністрацыя кажа блатным: вы нармальна сядзіце на зонах. У вас ёсць што курыць, гатаваць, некаторыя спяць на матрацах, шмоткі маюць… Але вы не лезьце ў зону, галоўнае — у сталовую».

Адна справа, калі хтосьці з адміністрацыі скажа зэку, каб той не скардзіўся ў дэпартамент. Іншая — калі прыйдзе «блатны» і скажа «ты не пішы». «Гэта ўжо зусім іншы фармат», кажа Дашкевіч.

Праз такую схему зонамі кіруюць. Таму людзі і не дамагаюцца сваіх правоў, бо адміністрацыя дамаўляецца з «блатнымі», а тыя ў абмен на лепшыя ўмовы ўтрымання не лезуць абараняць правы іншых вязняў.

Што зрабіў у першы дзень волі

З’ездзіў да таты, з Настай і сваім сябрамі. Схадзілі да матулі на могілкі. Прыехалі ў Мінск, хадзілі рэгістравацца.

Пра бліжэйшыя планы

«Палітычныя погляды не змяніліся, якія былі, такія і ёсць. Збіраюся далей актыўна займацца грамадска-палітычнай дзейнасцю. Проста пытанне ў формах, пакуль што канкрэтна не магу адказаць. Відавочна, што «Малады фронт» мы будзем аддаваць у больш надзейныя рукі. Колькі мы нясем ужо «крыштальны сасуд».

Пра саюзнікаў

«Пасля таго, як «апазіцыйны КПСС» перайменаваўся, мы ў той ці іншай ступені для нейкай дзейнасці можам з усімі аб’ядноўвацца».

***

Нагадаем, што 28 жніўня 2013 Зміцер Дашкевіч выйшаў на волю. Ён быў затрыманы 18 снежня 2010, за дзень да прэзідэнцкіх выбараў, нібыта за бойку і асуджаны на 2 гады пазбаўлення волі за хуліганства.

У 2012 быў асуджаны да яшчэ аднаго года зняволення, нібы за непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?