Урад краіны гатовы падпарадкавацца волі заканадаўцаў, але расчараваны іх рашэннем. Пры гэтым ЗША адмаўляцца ад ваеннай аперацыі супраць Дамаска пакуль не збіраюцца.

Большасць чальцоў палаты абшчын брытанскага парламента выступіла супраць умяшання краіны ў сірыйскі канфлікт. Бок лейбарыстаў, якія ад пачатку не падтрымлівалі гэтую ініцыятыву ўрада, прыняла частка кансерватараў. Ідэю ўдзелу Злучанага Каралеўства ў ваеннай аперацыі ў Сірыі адрынулі 285 парламентарыяў, падтрымалі — 272.

Нагадаем, што прэм’ер Дэвід Кэмеран быў адным з ініцыятараў «жорсткага адказу» на магчымае выкарыстанне хімічнай зброі рэжымам Башара Асада. Ён пераконваў у неабходнасці ўмяшання ў канфлікт у Сірыі прэзідэнта ЗША Барака Абаму, актыўную пазіцыю прадстаўнікі Брытаніі займалі і ў ААН. На думку аглядальнікаў The Daily Telegraph, галасаванне ў брытанскім парламенце сур’ёзна падарве пазіцыі Кэмерана на міжнароднай арэне.

Сам прэм’ер заявіў, што разумее матывы галасавання парламентарыяў, і ўрад не будзе дзейнічаць насуперак з іх рашэнню.

«Я ўпэўнены, што на выкарыстанне ў Сірыі хімічнай зброі трэба адказаць, але я паважаю волю парламента, яна адлюстроўвае меркаванне грамадзян краіны, якія не хочуць уварвання ў Сірыю. Мы будзем дзейнічаць у адпаведнасці з гэтым», — падкрэсліў Кэмеран.

Міністр абароны Вялікабрытаніі Філіп Хэманд выказаўся больш жорстка: на яго думку, рашэнне парламентарыяў будзе «з радасцю прынятае» дамаскім рэжымам.

«Я расчараваны. На выкарыстанне хімічнай зброі павінен быць годны адказ» , — сказаў міністр.

Брытанскія эксперты мяркуюць, што галасаванне ў палаце абшчын можа стаць пачаткам палітычнага крызісу для Кэмерана і кансерватыўнай большасці сярод парламентарыяў. Былы міністр абароны Геральд Хогвартс ужо назваў дзеянні ўрада «паспешлівымі» і «неабдуманымі» . Сваё рашэнне парламентарыі характарызуюць як «цяжкае». Лідар лейбарыстаў Эд Мілібэнд растлумачыў, што цвёрдай упэўненасці ў тым, што злачынства здзейсніў Асад, няма.

Тым часам Барак Абама, паводле звестак крыніц The New York Times, не мае намеру адмаўляцца ад планаў нанясення ўдараў па Сірыі. Ён разглядае такую магчымасць, нягледзячы на тое, што ў магчымай аперацыі ўжо не будуць удзельнічаць брытанскія ўзброеныя сілы. Пры гэтым журналісты выдання мяркуюць, што галасаванне ў палаце абшчын наносіць удар не толькі па Кэмерану, але і па Абаму, бо ён вельмі разлічваў на падтрымку саюзнікаў і асабліва Лондана.

Пра магчымасць хуткага нанясення ўдару кажа перасоўванне пятага эсмінца ВМС ЗША ў раён канфлікту. Гэты карабель абсталяваны крылатымі ракетамі «Тамагаўк», якімі, відаць, і будуць наносіцца ўдары.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0