Глянь, пачуй мяне,
Госпадзе, Божа мой!
Прасвятлі мне вочы,
каб не заснуў я
сном смерці.

Псальма 12:4

— Кіно не люблю, — кажа электрык Ігар, і слабы голас трымціць, згасае напрыканцы словаў, — кнігі люблю. У кіно як пакажуць, так і глядзі… Жары, што даюць… А кніга… Там сам уяўляеш, як хочаш.

І глядзіць скрозь цябе сваімі запаленымі ад бяссоння чорнымі вачыма з­пад пасівелых броваў, высокі, кашчаваты, сутулы, як быццам хоча сказаць яшчэ нешта, але потым ледзь бачна махае рукой — ай…

Электрык Ігар — ад Бога. Бывае, бярэ на скла¬дзе лямпачкі або разеткі, рукі трасуцца, пакуль запішаш — палова драбязы рассыпаецца па падлозе, а пачынае тэхнарыць, паяць ды падлучаць — цуд. Большасць інжынерных вынаходак у гаспадарцы — гіганцкія вентылятары, сарціроўкі з рэгулятарам хуткасці, прыстасовы для захоўвання ды апрацоўкі бульбы, тэмпературны рэжым у сховішчах да градуса, ужо не кажучы пра кабелі ды праводкі, — ягонае.

З суседам­токарам (а такарка праз сценку з электрацэхам) Ігар як кот з сабакам. Інтэлігент у тэхніцы, Ігар пагардліва фыркае на токара Валянцінавіча: «А, гэтаму б толькі парэзаць ды заварыць!» У пачатку 2000-¬х быў Ігар адным з тых партызанаў, хто разбіраў савецкі вайсковы гарадок: вёдрамі цягнуў у гаспадарку цвікі, гайкі, медзь, аддана перакоўваў мячы на аралы… Заядлы заўзятар: футбол, біятлон, тэніс ды ўсё, што ёсць. Заўжды катэгарычны: «Дваровая каманда», «Азаранка здулася». Дома Ігар усё марыць усталяваць сістэму люстэркаў, каб з адчыненай прыбіральні быў відаць тэлевізар: цяпер не прапусціш ані хвіліны.

Але гарэлка. Запоі па некалькі дзён. Выхад — або праз галяк, калі ўжо няма чым пахмяліцца, або ў шпіталь — платна 900 тысячаў праз кропельніцу.

— Пры Саюзе людзі лепшыя былі, — ціха, утаропіўшы вочы ў падлогу, кажа Ігар.

Лепш было, увогуле.

А чым яму, Ігару, быў кепскі Савецкі Саюз? Маладосць — зорная. Родам з 1960¬х, быў Ігар першым чалавекам у Пружанах: меў сінтэзатар «Ямаха», усе вяселлі або канцэрты — Ігарок, давай!.. 35 рублёў савецкіх грошай, Ігар сыграе, спяе ў мікрафон, ды наліваюць. Купляў матацыклы — «Ява», «Чызэт» — картынгі… А потым надакучыла, у бэпэсээм здаў, грамату далі. Эх, страда¬эстрада! Піў Ігарок і з Ціхановічам­Паплаўскай, і з Жорам Кандрацьевым… Быў час, быў век, была эпоха.

Ну, хіба калі працаваў выкладчыкам у Пружанах, на Вялікдзень ставілі на «дзяжурства» каля царквы — вылоўліваць студэнтаў, што ўпотай ходзяць да храма. І пасада была — дырэктар Дома культуры таго ж тэхнікума. Не які там завклуба — дырэктар. І Дом культуры — двух¬па¬вяр­хо¬вы!

Душа па¬ранейшаму лунае недзе там.

Гартаю газету. Рэтра: «Ансамбль «Чараўніцы» праз 20 гадоў». Ігар падыходзіць — і замірае па¬над фотаздымкам. «О¬о, гулялі мы з імі… На гастролях у Пружанах».

Запальвае. Газету не выкідай. Дым. Цыгарэта дрыжыць. Савецкае настальжы, чорна­белы нуар… І вось ужо ціхенька, сабе пад нос: «І сніцца нам не рокат касмадрома¬а­а…»

«Зямляне». «Самацветы». Пугачова. Антонаў. «Ласкавы май». Канечне, «Песняры»…

— Э, маэстра, давай, як там… Вочы чорныя, вочы страсныя!..

Што замаўлялі ў Пружанах часцей за ўсё? «Машыну часу» земляка Андрэя Макарэвіча.

«Пакуль не гасне свет,
Пакуль гарыць свяча…»

Эх, сыграў бы, крануў бы клавішу зараз, каб тысячу сэрцаў забіліся… Ды, калі рамантаваў сарціроўку, адзін дзеяч дзеля прыколу націснуў кнопку. І застаўся электрык наш са скалечаным указальным пальцам на правай руцэ.

Калі Ігар зранку прыходзіць на працу — удалечыні, ля бульбасховішча, з’яўляецца постаць чорнага ката. Ён няспешна, мякка ступае насустрач Ігару праз увесь агромністы асфальтавы пляц, і ў гэты момант за спатканнем чалавека і ката назірае ўся гаспадарка. Чорная істота перабірае лапамі ўсё хутчэй, пераходзіць на бег і з размаху скача на грудзі электрыку. Воплескі, захопленыя воклічы — і Ігар, быццам мадонна, з камячком на руках знікае ў дзвярах электрацэха. Сёння ў нас на сняданак сасіскі і кефір — ад смятаны чорны Кеша ўжо верне нос.

— Не прыгожы ты мой, — шэпча Ігар, — але харошы…

Кеша валяе дурня на сетках з бульбай, пільнуе ды ловіць мышэй і ластавак (звычайна над імі круціцца і шчабеча цэлая сціжма), стала харчуецца ў таткі, а па дабаўку ходзіць на поле, дзе працуюць жанчыны, строга ў абедзенны час… Ну, а за Ігарам пачынаюць заўважаць ціхія каціныя звычкі.

Ходзіць ценем. Робіць моўчкі, пашчоўквае выключальнікамі, толькі распісваецца за разеткі ды метры дроту, адстаўляючы пакалечаны ўказальны палец — роспісам трапяткім, быццам злоўленая Кешам ластаўка.

Стане, як нешта забыўся. Глядзіць удалячынь. І позірк… Нібыта ён вышэй за гэта ўсё. Не, не дзеля росту. Саліст за клавішамі на сцэне, перад ім мікрафон, а ўнізе — увесь горад.

— Быў бы я прэзідэнтам…. Расстраляў бы іх к чортавай мацеры, — абвяшчае Ігар, і з заміраннем сэрца чакаеш, каго на гэты раз «іх».

Чыноўнікаў. Апазіцыю. Спевакоў¬папсавікоў. Дэпу¬татаў. Журналістаў.

— Не, сур’ёзна. Да сценкі, і ўсё!

Ігар, Ігар…

Галоўнае, гэты незабыўны позірк удалячынь.

І — надтрэснутым голасам:

— У Бога… веру… а можа, і не… А ў лёс веру. Лёс ёсць, усё перадвызначана.

— А кім перадвызначана? Богам, выходзіць?

— Ну, значыць, і Бог ёсць.

І калі ў сваім зашмальцаваным альпійскім каптуры Ігар мілуецца з Кешам ды заглядае ў ягоныя прымружаныя кашэчыя зрэнкі, або калі пакутліва моршчыцца і скалечанымі дрыжачымі пальцамі выкручвае ды ізалюе праводку, каб даць святло — раптам, нібы з ударам току, бачым, як аднекуль з глыбіні праз ягоныя чорныя¬чорныя вочы, праз чалавечае знемажэнне, вяселлі, застоллі, застоі, запоі і ўсё пражытае жыццё глядзіць на цябе Ісус.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?