Benita
Ferrero-Waldner

Эўракамісар Бэніта‑Фэрэра Вальднэр (Benita Ferrero-Waldner) спадзяецца, што Беларусь зробіць свой «стратэгічны выбар на карысьць Эўропы». Гэта справа Беларусі — самастойна заняцца сваімі праблемамі й дамагчыся прагрэсу», — заявіла эўракамісар Эўразьвязу па зьнешніх сувязях і палітыцы добрасуседзтва ў часе выступу 11 верасьня перад камітэтам Эўрапарлямэнту па зьнешніх сувязях.

Яна адцеміла, што Беларусь застаецца краінай, якой ЭЗ надае асаблівую ўвагу». Бэніта‑Фэрэра Вальднэр адзначыла, што ейныя прадстаўнікі 3 верасьня ў Брусэлі падчас міжнароднай канфэрэнцыі сустрэліся зь беларускай афіцыйнай дэлегацыяй.

«Сустрэча прайшла шчыра й канструктыўна. Мы даслалі выразны сыгнал, што мы хочам бачыць станоўчыя зьмены ў нашых стасунках і рух да паўнавартаснага партнэрства ў межах Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва», — сказала эўракамісар.

Пры гэтым, падкрэсьліла яна, паляпшэньне стасункаў магчымае толькі ў выпадку «пераканаўчых крокаў з боку Беларусі на шляху да дэмакратыі й датрыманьня правоў чалавека». «Мы мусім працягваць дамагацца датрыманьня гэтых падставовых каштоўнасьцяў», — заявіла Бэніта‑Фэрэра Вальднэр.

Паводле ейных слоў, сёлета вясной у Беларусі назіраліся «некаторыя пазытыўныя зьмены», аднак нядаўнія арышты грамадзкіх актывістаў і канфіскацыя брашур «Што Эўрапейскі Зьвяз можа даць народу Беларусі» «не дадаюць надзеі».

Бэніта‑Фэрэра Вальднэр таксама асабліва адцеміла, што Эўракамісія па‑ранейшаму лічыць неабходным адчыніць сваё прадстаўніцтва ў Менску. Паводле ейных слоў, усе зьвязаныя з гэтым працэдуры «замаруджваюцца» беларускім бокам.

АФН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0