29 жніўня ў адным з мінскіх кафэ адбыўся конкурс «Міс талент» міжнароднага конкурсу прыгажосці Miss Supranational — 2013.

Як паведаміла журналістам перад пачаткам конкурсу дырэктар дырэкцыі спецпраектаў тэлеканала АНТ Анжаліна Мікульская, намінацыя «Міс талент» не з’яўляецца абавязковай, і ў конкурсе згадзіліся ўдзельнічаць толькі палова з 80 канкурсантак Miss Supranational. «Многія вельмі адказна падышлі да конкурсу, гэта бачна па іх касцюмах і нумарах. Некаторыя вырашылі, што ў іх няма талентаў, таму не ўдзельнічаюць», — адзначыла прадстаўнік тэлеканала.

Тытул «Міс талент» на конкурсе Miss Supranational — 2013 атрымала ўдзельніца з Малайзіі Нэнсі Маркус (фота 4). Тытул першай віцэ-міс дастаўся жыхарцы Камеруна Джаане Медыа, другой віцэ-міс — прадстаўніцы Віргінскіх астравоў Эсоніке Вейры.

Сярод падрыхтаваных канкурсанткамі нумароў пераважаюць танцавальна-вакальныя, аднак некаторыя ўдзельніцы падрыхтавалі тэатральныя, цыркавыя, акрабатычныя і парадыйныя. Прадстаўніца Беларусі Вераніка Чачына прадэманстравала членам журы талент рысавальшчыцы, паказаўшы ім свае карціны (фота 7).

Усяго на конкурсе будуць вызначаны пераможніцы ў 17 намінацыях, імёны шасцярых з іх стануць вядомыя яшчэ да фіналу, сказала Мікульская. Паводле яе слоў, на самім конкурсе будуць названыя імёны «Міс інтэрнэт», «Міс нацыянальны касцюм», рэгіянальныя пераможніцы (па кантынентах), тры віцэ-міс і галоўная пераможніца, якая атрымае ў падарунак пераходную карону, 25 тысяч еўра, а таксама каштоўны пярсцёнак з эмблемай конкурсу.

Фінал конкурсу адбудзецца 6 верасня ў Палацы спорту і будзе трансліравацца больш чым у 100 краінах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?