Планы экс-кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Дзмітрыя Уса па стварэнні новай партыі некалькі змяніліся. Замест Партыі бізнесу ён мае намер стварыць Партыю працоўных.

Аб планах стварыць Партыю бізнесу прадпрымальнік Дзмітрый Ус заявіў тры месяцы таму. У пачатку чэрвеня ён паведаміў пра тое, што ўстаноўчы з’езд новай партыі можа адбыцца ўжо восенню.

Як растлумачыў Ус,

змяніць назву ён вырашыў з тых меркаванняў, што Партыя працоўных (або Партыя працы, канчатковая назва пакуль не вызначана) зможа прыцягнуць больш прыхільнікаў.

Па словах Уса, статут новай партыі ўжо гатовы, вядзецца падрыхтоўка да правядзення з’езда. Тэрміны яго правядзення пакуль не вызначаны з-за праблем з фінансаваннем. «Калі ў нас будзе дастаткова фінансавых сродкаў для далейшай дзейнасці, то правядзем з’езд у бліжэйшы час», — сказаў Ус.

Ён таксама паведаміў, што мэты і задачы будучай партыі адпавядаюць з мэтамі стваранага Еўразійскага саюза.
«Лібералізацыя эканомікі, прыватная ўласнасць, пераход ад планавай эканомікі да рынкавай, стварэнне ўмоў для інвестыцый і бізнесу ў нашай краіне», — пералічыў некаторыя з іх Дзмітрый Ус.
Палітык падкрэсліў, што яго будучая партыя выступае за еўразійскую інтэграцыю, а стварэнне Еўразійскага саюза — гэта адзін з прыярытэтаў перадвыбарнай праграмы Уладзіміра Пуціна.
Такім чынам, калі беларускія ўлады не зарэгіструюць новую партыю, «гэта будзе прамая аплявуха расійскаму прэзідэнту», — заявіў Ус.

***

Нагадаем, Дзмітрый Ус, прызнаны вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у Мінску 19 снежня 2010 года і асуджаны на пяць з паловай гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, быў вызвалены 1 кастрычніка 2011 г. на падставе ўказа Аляксандра Лукашэнкі аб памілаванні. Па словах Уса, прашэння аб памілаванні ён не падаваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?