Суд Фрунзенскага раёна Мінска 3 верасня аштрафаваў дырэктара мінскага ЖЭС-48 за адмову адказаць на зварот па-беларуску.

Як паведаміў БелаПАН блогер Глеб Лабадзенка, які ўдзельнічаў у судовым працэсе ў якасці пацярпелага, гісторыя пачалася са скаргі яго суседа ў ЖЭС, што нібыта Лабадзенка незаконна робіць у сваёй кватэры перапланіроўку. Па словах Лабадзенкі, ЖЭС вынес яму папярэджанне, нават не прыйшоўшы з праверкай.

«Мяне гэта абурыла, і я напісаў ім пратэст, — распавёў Лабадзенка. — Напісаў я па-беларуску і папрасіў, каб у адпаведнасці з законам аб зваротах грамадзян мне далі адказ на мове звароту, гэта значыць па-беларуску. У адказе, які я атрымаў і які быў напісаны па-руску, у канцы было напісана, што паводле Канстытуцыі ў нас дзве дзяржаўныя мовы. Такім чынам, яны парушылі закон аб парадку звароту грамадзян».

Лабадзенка падаў скаргу ў Генеральную пракуратуру. «З Генпракуратуры скаргу пераслалі ў пракуратуру Фрунзенскага раёна, а там даручылі разбірацца адміністрацыі Фрунзенскага раёна. Яны ўжо і накіравалі справу ў суд», — распавёў Лабадзенка.

3 верасня адбыўся суд, на які з боку ЖЭСа ніхто не з’явіўся. «Яны даслалі факс, што просяць разгледзець справу ў іх адсутнасць, — сказаў Лабадзенка. — Суддзя сказала, што ў яе ніякіх дадатковых звестак няма, і вынесла прысуд — штраф дырэктару ЖЭСа у пяць базавых велічыняў (500 тысяч рублёў)».

Прысуд яшчэ не ўступіў у законную сілу, і ў ЖЭСа ёсць 10 дзён на яго абскарджанне. «Але, як я зразумеў, абскарджваць яны яго не збіраюцца», — адзначыў Лабадзенка.

Атрымаць аператыўны каментар у дырэктара ЖЭС-48 БелаПАН не ўдалося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?