17 жніўня па горадзе раз’язджалі сапраўдныя стылягі — дзяўчаты ў сукенках у гарошак і маладыя людзі з прычоскамі ў стылі шасцідзесятых. А 2 верасня арганізатарку гэтага незвычайнага заезду Ірыну аштрафавалі — за несанкцыянаванае масавае мерапрыемства.

Карэспандэнт «Еўрарадыё» пагутарыў з арганізатаркай велапакатушак.

Еўрарадыё: За арганізацыю «пакатушак» стыляг на роварах вас пакаралі двума мільёнамі рублёў — збіраецеся абскарджваць прысуд?

Ірына: Па сутнасці, мы ж не трапляем пад другі артыкул гэтага закону («Аб масавых мерапрыемствах». — заўв. Еўрарадыё). Я, па шчырасці, вельмі баюся абскарджваць. Бо могуць увогуле пасадзіць. Але людзі ўсе за мяне і ўсе кажуць: «Давай, давай далей!» Маўляў, трэба абскарджваць, бо інакш ніводнай «пакатушкі» ў Мінску больш ніхто не захоча арганізоўваць. Але я ўсё адно вельмі баюся, бо ведаю, што мяне могуць знайсці і проста пасадзіць!

Еўрарадыё: А садзіць за што?!

Ірына: Я проста сама працавала ў гэтай сістэме і ведаю, што гэта такое.

Еўрарадыё: Вы самі мелі дачыненне да праваахоўных органаў?

Ірына: Так, тры гады таму.

Еўрарадыё: У такім выпадку вы павінны ведаць заканадаўства, разумець, што непрыемнасці магчымыя і, каб ад іх застрахавацца, звярнуцца ў мясцовую адміністрацыю па дазвол на правядзенне «Стыляг на роварах»…

Ірына: Неаднаразова раней людзі хадзілі па дазвол і большасці адмаўлялі. Проста адмаўлялі: «Вы ніхто і клічуць вас Ніяк». Вось і ўсё.

Еўрарадыё: Такім чынам, вы ад пачатку вырашылі не марнаваць час на атрыманне дазволу?

Ірына: Сапраўды, мы былі ў курсе ўсіх гэтых спраў, але мы не чакалі да такой ступені масавага мерапрыемства, як гэта атрымалася! А калі я клічу сваіх 5–7 чалавек сяброў пакатацца, то я таксама павінна ісці ў гарвыканкам браць дазвол на гэта?! Калі я, муж, брат і сястра хочам разам паехаць пакатацца, то нам трэба сёння пайсці ў выканкам па дазвол, атрымаць яго праз 10 дзён і толькі тады выязджаць, ці як? А калі мы з сяброўкамі сёння захацелі апрануцца ў белае, то на гэта таксама трэба ісці па дазвол у выканкам?

Еўрарадыё: Калі вы будзеце заклікаць да сустрэчы праз сацыяльныя сеткі, прызначаць канкрэтны дзень, месца, час сустрэчы, форму адзення, то — так, выглядае, што выканкам не абмінуць…

Ірына: А што рабіць, калі я жыву ў Мінску, а брат — у Мазыры? І я яму не магу датэлефанавацца, бо сёння ён на службе — тады я яму пішу праз сацыяльную сетку, я яго «заклікаю» там. А як па-іншаму?

Еўрарадыё: Вас, як гэта звычайна робіцца, міліцыянеры прасілі «разысціся, бо мерапрыемства несанкцыянаванае»?

Ірына: Нічога такога не было. Мы не больш за 5–10 хвілін былі на плошчы, хутка сабраліся і адразу адтуль з’ехалі. Бо я ведала, прадбачыла, што нас прыедуць і разгоняць. І чаму нас не прыехалі і не разагналі ў гэты момант, калі паўсюль быў тэлефон і мае кантакты? Але ў той дзень да нас ніхто не падыходзіў, ніякіх пратаколаў не складаў — гэта ўсё адбылося праз 10 дзён пасля таго, як ўсё прайшло. Ужо нават людзі пазабывалі і пачалі рыхтавацца да зімы! А потым мне проста патэлефанавалі на мабільны тэлефон. І ўсё адбылося ў адзін дзень — 28 жніўня склалі пратакол і адбыўся суд.

Еўрарадыё: Вы ведаеце міліцэйскую сістэму — у тым, што пратакол склалі заднім днём, не было парушэнняў працэсуальных норм?

Ірына: У іх было 10 дзён — 17 ці 19 жніўня падалі. Вось, атрымліваецца, яны і ўклаліся ў гэтыя 10 дзён — 28 жніўня мяне выклікалі на допыт. Хаця яны абавязаны былі мяне ўжо на наступны дзень пасля «пакатушак», у панядзелак ці ў аўторак мяне выклікаць. А тут рэальна — усё было заднім днём зроблена.

Еўрарадыё: Суддзя хаця б выслухала вашы тлумачэнні?

Ірына: Яна ўвогуле нічога не слухала! Мы прыехалі ў суд, міліцыянер, што вёў нашу справу, аддаў паперы сакратару судовага пасяджэння і гадзіну мы сядзелі ў калідоры, нічога не ведаючы. Потым нас выклікалі і суддзя сказала: «Вы раскайваецеся? Вы ведаеце, што вы парушылі, вы не маеце права ездзіць там, дзе ходзяць пешаходы і дзеці, — пішыце раскайванне, падпісвайце ўсе паперы». Ніхто ні пра што нас нават не запытаўся! Усё гэта адбылося за 15 хвілін.

Еўрарадыё: Вас пакаралі як галоўнага арганізатара акцыі?

Ірына: Так. Але ж гэта не было акцыяй! Гэта была звычайная «пакатушка», якія штодня ў нас на веладарожках адбываюцца. Вось, я зараз ішла па горадзе і па тратуары ўздоўж праспекта ехалі на роварах 15 чалавек — выехалі людзі проста пакатацца. Дык спыняйце іх і штрафуйце!

Еўрарадыё: Паводле закона, пакаранню падлягаюць не толькі арганізатары, але і ўдзельнікі несанкцыянаванага мерапрыемства. Па той логіцы, паводле якой пакаралі вас, маглі пакараць і ўсіх астатніх удзельнікаў «пакатушак»?

Ірына: Атрымліваецца, што маглі. Асабіста я ўжо проста не катаюся на ровары — я баюся на ім выязджаць!

Еўрарадыё: На вашу думку, навошта было праваахоўным органам заводзіць на вас адміністрацыйную справу?

Ірына: Не ўяўляю — ніхто ж нікому не перашкаджаў. Не разумею, каму мы перашкодзілі і што мы зрабілі не так. Можа ўсё з-за таго, што мы здаровыя людзі: я не ўжываю алкаголь, не куру тытунь, ем адзін раз на дзень, бензін дарагі не набываю, бо катаюся на ровары, не карыстаюся «бясплатнай» медыцынай, дзяцей няма — не аддаю ў «бясплатны» садок і школу — ніякай з мяне карысці для дзяржаўнага бюджэту! Толькі падаткі плачу. А цяпер вось заплаціла 2 мільёны штрафу дзяржаве. Ну, заплаціла, і што? Ну, ні ўзгадніла я мерапрыемства з выканкамам — дык не ведала, што столькі людзей прыедзе! Чакаліся ж толькі 20 чалавек у касцюмах — гэта менавіта тыя, каго я чакала.

Еўрарадыё: А прыехала?..

Ірына: Нават не ведаю, па шчырасці.

Еўрарадыё: Удзельнікі «пакатушак» прапаноўвалі вам дапамагчы выплаціць штраф?

Ірына: Прапаноўвалі. Вось, сёння ў мяне дома будзе ізноў-такі несанкцыянаваны сход, і будуць пра гэта казаць, і пра абскарджванне прысуду. Людзі хочуць дапамагчы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?