Дэвальвацыя беларускага рубля адбываецца пад кантролем Нацыянальнага банка, заявілі БелаПАН эксперты, каментуючы рост курсу долара за апошні тыдзень.


«Плаўнае аслабленне курсу не падобна на рыначныя паводзіны. Вопыт біржавога гандлю сведчыць пра тое, што для рынку можа быць уласцівая высокая валатыльнасць. Здаецца, Нацбанк, улічваючы няўстойлівыя дэвальвацыйныя чаканні, згладжвае ваганні курсу», — мяркуе старшы аналітык Forex Club Валерый Палхоўскі. На думку эканаміста, галоўная прычына плаўнай дэвальвацыі рубля — пагаршэнне гандлёвага балансу.

Падобнага пункту гледжання прытрымліваюцца і іншыя эксперты. У якасці яшчэ аднаго фактара, які падштурхоўвае курс долара ўверх, назіральнікі называюць незбалансаваную палітыку ў сферы даходаў.


«Незбалансаванасць на ўнутраным рынку сёлета выявілася ў апераджальным росце зарплат у параўнанні з прадукцыйнасцю працы», — адзначыў намеснік старшыні Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Георгій Грыц.


Аднак ключавыя прычыны аслаблення курсу нацвалюты, лічыць эксперт, звязаныя са зніжэннем сёлета экспарту.

У 2012 годзе, нагадвае Грыц, экспарт удавалася падтрымліваць на высокім узроўні дзякуючы «растваральнікам». «Як толькі сышлі такія рукатворныя экспартныя пазіцыі, як растваральнікі, з’явіліся праблемы з экспартам», — сказаў ён.

Эксперты лічаць, што на валютным рынку адмоўна адбіваецца і калійны скандал, які ўплывае на розумы насельніцтва і паводзіны прадпрыемстваў. «Сёння ўжо зразумела, што ў новых умовах выручка за кошт экспарту калійных угнаенняў паменшыцца, што створыць дадатковы націск на рубель. Эканамічныя агенты, магчыма, пачынаюць ужо перастрахоўвацца, што можа адбівацца на іх паводзінах на валютным рынку», — лічыць эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова.

Да канца года курс долара можа скласці 9.300 рублёў, мяркуе Валерый Палхоўскі. «Улічваючы ступень дэвальвацыі ў апошнія месяцы, мы экстрапаліравалі гэтую сітуацыю на 90 дзён наперад. У нас атрымалася, што да 1 снежня курс долара можа быць на ўзроўні 9.300 рублёў», — патлумачыў ён.

Георгій Грыц чакае большага значэння курсу: «Аптымістычны сцэнарый — 9.500 рублёў за долар у канцы года, песімістычны — 10.000.

Без дэвальвацыі выратаваць прамысловасць у кароткатэрміновым перыядзе дастаткова складана».



«Калі Нацбанк будзе арыентавацца на ўзровень дэвальвацыі расійскага рубля, курс долара ў канцы года можа скласці 9.400 рублёў. Аднак, улічваючы інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканні насельніцтва, у Нацбанка ёсць падставы некалькі стрымліваць курс долара і не даводзіць яго да гэтай адзнакі», — заявіла Кацярына Барнукова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?