Уладзімер Содаль

13 верасня споўнілася 70 гадоў беларускаму літаратуразнаўцу і краязнаўцу Уладзіміру Содалю (13.09.1937, вёска Мормаль Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці).

Пасля заканчэння Мормальскай беларускай сярэдняй школы У.Содаль працаваў электрыкам у Мурманску (Расія) на суднарамонтным ваенным заводзе, вучыўся ў Мінскім дзяржаўным педагагічным інстытуце імя Максіма Горкага, затым працаваў педагогам у дзіцячым туберкулёзным санаторыі «Астрашыцкі гарадок» і рэдактарам Беларускага тэлебачання, дзе ўзначальваў студыю «Ліцэй» і быў адным з заснавальнікаў навучальнага тэлебачання. За 34 гады працы на БТ падрыхтаваў шэраг асветніцкіх праграм, у тым ліку «У кожнага была свая вайна».

Першыя свае апавяданні У.Содаль апублікаваў у 1955 годзе ў газеце «Піянер Беларусі». З’яўляецца аўтарам шэрагу кніг і дыяфільмаў пра класікаў беларускай літаратуры Францішка Багушэвіча і Вінцэнта Дуніна‑Марцынкевіча, пра нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага. Падрыхтаваў да выдання дакументальную аповесць «Стогадовы партызан», прысвечаную легендарнаму беларускаму партызану Другой сусветнай вайны Дзеду Талашу. Працуе над кнігамі аб жыцці Ф.Багушэвіча ў Вільнюсе і па гісторыі вёскі Кушляны ў Смаргонскім раёне Гродзенскай вобласці, дзе знаходзіцца сядзіба Ф.Багушэвіча.

У інтэрв’ю БелаПАН старшыня ГА «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў зазначыў, што да свайго 70‑годдзя У.Содаль падышоў у росквіце творчасці.

«Ён з’яўляецца стваральнікам першага тэлечасопіса «Роднае слова», вядучым даследчыкам творчасці Францішка Багушэвіча і дзеячаў беларускага нацыянальнага адраджэння «нашаніўскага» перыяду. Дзякуючы яго нястомнай працы штогод з’яўляецца новая кніга. Апрача таго, ён праводзіць вялікую асветніцкую работу, сустракаючыся з моладдзю ў штаб‑кватэры ТБМ», — зазначыў А.Трусаў.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0