«Усе тыя, хто заяўляе,
 што   журналістыка павінна быць
чэснай, па сутнасці справы, хочуць, каб яна была
рэспектабельнай.
Але чэснасць не бывае рэспектабельнай — рэспектабельна крывадушнасць»

Гілберт К. Чэстэртон

 

Радыё «Свабода» прапанавала дыскусію паміж Святланай
Калінкінай і Аляксандрам Зімоўскім пад назвай «Журналістыка і мараль».

Менавіта так: спачатку журналістыка, потым мараль. Якая,
здавалася б, розніца. Але памяняйце месцамі, і вы заўважыце істотную карэкцыю сэнсу.

Нагодай для дыскусіі стаўся абсмоктаны з усіх бакоў сыход з
БТ сумнавядомай Інгі Хрушчовай. «Па маральных меркаваннях», — абвясціла былая вядучая палітычных праграм.

Адзін бок, праўда, застаўся незаўважаным: абуджэнне сумлення, калі яно ёсць насамрэч, адбываецца ў цішыні, праз цяжкае, сам-насам, усведамленне таго, што твая публічная дзейнасць нанесла шкоду грамадству. Усведамленне, якое ў якасці першага кроку вымагае публічных выбачэнняў перад людзьмі, пакрыўджанымі прапагандысцкай хлуснёй. Інакш якія ж гэта «маральныя меркаванні»?

Інакш якая гэта журналістыка і якая мараль?!

Вось і Зімоўскі ў згаданай дыскусіі лічыць сыход з БТ сваёй
былой падначаленай з’явай пашыранай і звычайнай, незалежнай ад месца працы.

То бок мараль тут ні пры чым.

Між тым, сам «заснавальнік, тэарэтык і практык ахоўнага кірунку ў беларускай тэлежурналістыцы», як ён заўсёды сябе падносіў, выглядае цалкам маральным. «Што асабіста да мяне, — кажа Зімоўскі, — то першае правіла — нельга хлусіць...»

Шкада, што ён не згадаў пра другое сваё правіла: нельга
хлусіць груба, бачна. А вось вытанчана, па-зімоўску...

У якасці прыкладу «чэснасці па-зімоўску» нагадаю ягоныя
«Прецедентные тексты августа», што калісь былі змешчаны на сайце «Беларускія навіны».

«А ў наваколлях возера Нарач, — жартуе «...тэарэтык і практык...», — замест пастаральнага аграэкатурызму нахабна квітнеў бы кангламерат ігральнага бізнэсу і сэкс-індустрыі, недасягальны для беларускіх працаўнікоў з-за візавых абмежаванняў». Яшчэ беларусы былі б пазбаўлены задавальнення піць сноўскае малако, дрэнна спалі б ад блізкасці базы НАТА на аэрадроме ў Баранавічах, не маглі б і носа сунуць далей «Лініі Сталіна», ператворанай, нарэшце, у адпаведнасці з прамым прызначэннем, у моцны абарончы рубеж. І наогул канчаткова згубілі б радзіму, бо не адбыліся б Белавежскія дамовы... Калі б...

Калі б 23 жніўня 1939 года «таварыш В. Молатаў і партайгеносэ І.фон Рыбентроп не знітавалі дакумент сваімі подпісамі».

Падобна на тое, што дакумент гэты, вядомы свету як «пакт
Молатава-Рыбентропа», падабаецца Зімоўскаму, бо стаўся «юрыдычнай базай для існавання Рэспублікі Беларусь у яе сучасных межах». Карціна, што адкрываецца за гэтым сцвярджэннем, узрушае сваёй добрасардэчнасцю ды эпахальнай маштабнасцю адначасова. Так і бачыш, як, выціраючы слёзы ад пакутаў за гістарычны лёс беларусаў, камуніст Молатаў і нацыст Рыбентроп кажуць, перапыняючы адзін аднаго: «А давай-ка створым для беларусаў юрыдычную базу...»

Зрэшты, калі адкінуць фантазіі, хвацкія сюжэты былога
цела..., прабачце, тэлеахоўніка зводзяцца да абсалютна немудрагелістага «вынаходніцтва»: калі б не Молатаў з Рыбентропам (Сталін з Гітлерам, Савецкі Саюз з нацысцкай Германіяй), сучаснай незалежнай Беларусі, ды яшчэ ў сусветна
прызнаных межах, проста не існавала б.

Такі вось гістарычны дэтэрмінізм. Прычынна-выніковая, з дазволу кажучы, сувязь.

Праблема, аднак, у тым, што гэта праўда. Але гэта страшэнная праўда.

Для стваральніка «Прецедентных текстов...» — не страшэнная.

Больш за тое, прачытваецца дрэнна прыхаваны, прабачце,
respect на адрас таварыша і партайгеносэ. А як жа інакш, калі тыя, хто лічыць гэтую праўду страшэннай, а знітаваны імі дакумент — «адным з самых цынічных у сучаснай гісторыі», абвяшчаюцца «небезвядомымі фальсіфікатарамі»?!  Зрэшты, у Зімоўскага яны так і застаюцца «небезвядомымі»...

Не ў першы раз, ды ўсё з нарастаючай моцай, разгортваецца
пад пяром такіх respectабельных творцаў рэванш за паразу савецкага камунізма, ягонай ідэалогіі і палітыкі, адна з самых паскудных частак каторай падносіцца ў якасці безальтэрнатыўнага гістарычнага прэцэдэнта і ўзорнай дыпламатыі.

Нехта, начытаўшыся ды наслухаўшыся падобнай прапаганды
па-зімоўску, а мо і па сваім разуменні маральнасці, насамрэч вырашыць, што не так ужо і важна, як адбылося ўз’яднанне беларускіх земляў, хто, каго і як «вызваляў». Галоўнае — усе мы, беларусы, ад тых часоў і назаўжды разам.

Што з таго, што рана ад таго «вызвалення» і ўсяго, што адбывалася потым, не загойваецца дасюль! Калі, вядома, памятаць пра мільёны перамолатых жыццяў і зламаных лёсаў. Але такая нерэспектабельная праўда, такі гістарычны дэтэрмінізм, такая прычынна-выніковая сувязь зусім не ў духу
Зімоўскага...

Памыляюцца тыя, хто лічыць гэты дух уласцівым толькі
дзяржаўным медыям. Ці ж не прачытваецца ў разважаннях некаторых недзяржаўных журналістаў вакол так званай «калійнай вайны»  respeсt  на адрас Лукашэнкі, які нібыта бароніць нацыянальныя інтарэсы? Пры ўсіх заўвагах і агаворках наконт «варварскіх метадаў»...

Між тым, добра вядома, што менавіта ў метадах, сродках, то
бок у дэталях хаваецца д’ябал, які нішчыць самыя добрыя намеры ці маскіруе прыхаванае імі зло.

Але нават часовае, па выпадку, сужыццё з д’яблам гарантуе
яму працяг роду.

Каб зразумець гэта і пазбавіцца “духа чэснасці па-зімоўску”,
дастаткова паставіць на першае месца мараль,  а журналістыку потым. Потым...

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?