У Менску сустрэліся навукоўцы, прадстаўнікі грамадзкіх і палітычных арганізацыяў, якія займаюцца пытаньнямі абароны помнікаў.

Сустрэчу арганізавалі грамадзкае аб’яднаньне БНФ «Адраджэньне» і Партыя БНФ, а таксама Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі й культуры. У сустрэчы ўдзельнічалі Алег Трусаў, Вінцук Вячорка, Уладзімер Дзянісаў, Захар Шыбека, а таксама грамадзкія актывісты Магілёва, Горадні, Берасьця, Глыбокага ды іншых гарадоў.

Гэта першая сустрэча грамадзкіх абаронцаў гістарычна‑культурнай спадчыны ў сучаснай Беларусі.

Адной з нагодаў сталася масавае разбурэньне гістарычных цэнтраў і старажытных будынкаў у шэрагу гарадоў краіны.

Пра яшчэ адну праблему гаворыць мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі:

«Нас непакоіць практыка руйнаваньня і адбудовы помнікаў, калі падмяняецца панятак аўтэнтычнасьці і сапраўднасьці. Калі падробкі й навабуды выдаюцца за помнікі архітэктуры. Адзін з прыкладаў, гатэль «Эўропа» — на два паверхі вышэйшы і ў тры разы карацейшы, і гэта выдаецца за аднаўленьне. Адбудова з бэтону вежы Альгерда ХІV стагодзьдзя ў Віцебску, бязладны прыклад адбудовы Мазырскага замку. І гэтая практыка толькі пачынае нарастаць».

Гарадзкія ўлады намагаюцца надаць нашай дзейнасьці палітычны аспэкт

Акрамя таго, як паведаміў спадар Харэўскі, пасьля актыўнага пратэсту грамадзкасьці ўлады распачалі дыскрымінацыю ўдзельнікаў руху ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі, а таксама перасьлед і запалохваньне.

Асабліва гэта заўважна ў рэгіёнах, паведаміў адзін з удзельнікаў сустрэчы, стваральнік аргкамітэту для правядзеньня рэфэрэндуму ў Горадні Алесь Смалянчук:

«Гарадзкія ўлады намагаюцца надаць нашай дзейнасьці палітычны аспэкт. Быў такі ліст надрукаваны ў «Гарадзенскай праўдзе», дзе нас зьвінавацілі, што мы — пасобнікі Мілінкевіча. Што мы хочам парушыць грамадзкі парадак ня толькі ў Горадні, але агульнабеларускі. Дыялёг ніяк не атрымліваецца. У мяне самога была сустрэча са старшынём гарвыканкаму. Мы пагутарылі, нібыта ўсё добра, усе паразумеліся. А пасьля сустрэчы мяне забрала міліцыя».

«Мы не шпіёны і не дэструктыўныя элемэнты»

Адной з мэтаў сустрэчы было менавіта наладжваньне дыялёгу грамадзкасьці і ўлады дзеля аховы гістарычнай спадчыны. Для гэтага арганізатары падрыхтавалі альтэрнатыўныя праекты рэканструкцыі старога гораду ў Менску і Горадні.

Гаворыць кіраўнік Таварыства аховы помнікаў Антось Астаповіч:

«Мы ніякія не шпіёны, мы не дэструктыўныя элемэнты. Мы хварэем за гэтую справу і здольныя ня толькі канфліктаваць, але падаваць альтэрнатыўныя прапановы. Спадзяемся, што мы знойдзем паразуменьне».

Як паведаміў спадар Астаповіч, на сустрэчу з навукоўцамі й грамадзкасьцю таксама запрасілі прадстаўнікоў Міністэрства культуры, Менгарвыканкаму, пракуратуры. Аднак чыноўнікі гэтых дзяржаўных установаў сустрэчу праігнаравалі.

Удзельнікі сустрэчы пастанавілі распрацаваць супольную праграму дзеяньняў, каб абараніць помнікі гісторыі й культуры ў Беларусі.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0