Анатоль Галушка прыкаваны да ложка 33 гады. Ён самабытны мастак і паэт, які, не маючы магчымасці хадзіць, навучыўся маляваць, трымаючы пэндзлік у зубах.

Дабраліся мы да Анатоля і яго матулі толькі з другога разу, у першы наша машына загарэлася проста пасярод шашы, на што сам Анатоль вельмі пазітыўна адказаў: «Не забывайце, які нумар дома я маю».

Але мы не спужаліся і наступны раз даехалі. Яркую, жоўта­-сінюю хатку знайшлі адразу, яе двор вылучаўся празмернай, нават штучнай чысцінёй, на падворку не было практычна нічога. Роўна пакошаная трава, хлявы, невялічкі агарод. Складалася ўражанне, што мы трапілі ў дом­-музей, але пры жывым чалавеку.

Нас сустрэла матуля Анатоля, прыемная сталая жанчына, і сказала, што трэба пачакаць, бо Анатоль толькі скончыў маляваць і адмываецца ад алею, усё ж такі перад гасцямі трэба выглядаць добра.

Пакуль чакалі — агледзеліся. У  доме ўсё па­-вясковаму проста, на сценах — першыя малюнкі Анатоля. Праз хвілінак дзесяць нам дазволілі заходзіць у пакой.

Прызнацца, цяжка ўявіць, што перад табой інвалід, праз колькі хвілін размовы ўжо не заўважаеш ложак з жэрдкай над ім (для гімнастыкі). Бачыш светлы твар і такія яркія, поўныя жыцця вочы. Толькі вось рукі Анатоля, амаль без мышцаў ды скручаныя ў паралічы пальцы, вяртаюць да рэчаіснасці.

«Я ляжаў на беразе як ануча, нічога не варушылася, не адчуваў ні рук ні ног, толькі галаву мог павярнуць ды казаць нешта. Самае цікавае, што я напачатку не адчуваў ніякага болю». З таго моманту пачынаецца новае жыццё 17­-гадовага хлопца, які за дзень да гэтага стаў курсантам мараходнага вучылішча.

Вярнуўшыся з Калінінграда дадому, ён пайшоў з братам на рачулку выцягваць з нор рыбу.

«Брат прапаноўваў ісці на нармальны пляж, але я ведаў месца, дзе была яміна, у якой я неаднаразова ўжо гэтую рыбу лавіў. Адзінае, чаго я не ведаў, што  гэтую яміну занесла пяском. І нешта мы гэтага не заўважылі. Я з разбегу і нырнуў… Чую нейкі хруст і імгненна губляю прытомнасць. Пасля ачуняў пад вадой і бачу: перад вачыма дзве рукі плаваюць, а адчуванне такое, што і не мае зусім.

Пасля галаву павярнуў і зразумеў, што рукі мае. Пачынаю задыхацца, разумею, што трэба да берага плыць, хачу паварушыць нагамі, а яны не рухаюцца, я іх не адчуваю зусім. У той момант я зразумеў, што зламаў хрыбет».

У бальніцы сказалі, што я пражыву максімум 7 дзён.

Мяне і не ратавалі нават. На наступны дзень у бальніцу трапіў тата, у яго абвастрыліся праблемы са здароўем. Дык ён там скандал учыніў, як так, што маладому, здароваму 17­-гадоваму хлопцу нічым дапамагчы не могуць. Толькі тады мне паставілі кропельніцу, штучнае кармленне рабілі.

Пасля тата дамовіўся з Мінскам, каб мяне самалётам транспартавалі і на аперацыю адвезлі. Але і там сказалі, што я не транспартабельны і сэнсу гэта рабіць няма. Так я і застаўся ляжаць у Івацэвічах. Пасля мяне даслалі ў іншую бальніцу дажываць, а атрымалася наадварот, ачуняў.

Намеснік галоўнага доктара сказаў, што я выжыў насуперак законам медыцыны.

І толькі тады мяне вырашылі даслаць у Мінск, праз паўтара года пасля здарэння. Калі б я адразу трапіў у інстытут артапедыі, магчыма, усё склалася б абсалютна іншым чынам.

За што?

Было адчуванне пачуцця несправядлівасці, доўга думаў: чаму так атрымалася, а галоўнае — за што? Чаму нейкі алкаш ці злачынец здаровыя і маюць магчымасць паўнавартасна жыць, а ты столькі трываеш?

Першасны дух, а не цела

У мяне была цэлая вечнасць, каб падумаць. Я шмат чытаў, шмат думаў. Быў страшным атэістам, але пасля пачаў чытаць рэлігійную літаратуру і шмат да чаго прыйшоў у развагах і думках. Першасны дух, а не цела і нельга на ім засяроджвацца.

Узнімецца дух нескароны
Да самых таемных вяршынь.
Няма для душы забаронаў...
І межаў няма для душы.

У сне я магу хадзіць

Я люблю фантазіраваць, такім чынам я вандрую і спасцігаю  свет. Магу гадзінамі ляжаць і фантазіраваць. Бо мазгі ў мяне вельмі натрэніраваныя на гэта. Таксама сны розныя цікавыя бачу.

Раней шмат сніў, што лятаю, ці магу хадзіць, кранаюся нагамі зямлі і лячу. Аднойчы мне прыснілася, як па рацэ хаджу, адчуваю пад нагамі пясочак. І так гэта яскрава было, што, прачнуўшыся, я напісаў верш.

Жыць асцярожна я не збіраюся

Часам шкадуеш, што так выйшла, але жыць асцярожна я не збіраюся. На вазку часам заеду на мяжу абрыву, падаецца, адзін рух — і ты падаеш. Гэтае пачуццё балансавання на мяжы мне падабаецца.

Бурныя раманы

Нягледзячы на мой стан, у мяне заўсёды працякалі бурныя раманы. Спачатку дзіўна прымаць, што чалавек можа да цябе такога нейкія пачуцці мець. Але пасля зразумеў, што нешта можа быць.

Сябры не даюць часу на кепскія думкі

Мне не было сумна. Мне пашчасціла на сяброў, яны не даюць часу на кепскія думкі. Да мяне ніколі сябры не ставіліся са спачуваннем, прынамсі, не паказвалі. У нашым доме заўсёды былі кампаніі, зранку і да вечара, стаяў смех, было весела.

Не ведаў нічога з тэхнікі малявання

Я ніколі не думаў, што ўва мне ёсць нейкія выбітныя мастацкія здольнасці. Аднойчы ляжаў на баку, узяў аловак у зубы і вырашыў нешта чыркануць на сцяне. Атрымалася. Пасля пачынаў маляваць акварэллю на шпалерах, нейкіх аркушыках. Да алею доўга прыстасоўваўся. Не ведаў зусім нічога з тэхнікі малявання. Але спрабаваў і паступова навучыўся.

Месяцамі не маляваў, бо не было чым

Усе грошы ішлі на мастацтва. Калі маляваў першыя карціны, дык і фарбы хутка сканчаліся, і палотнаў не было. Але заўсёды нехта ды падаруе пэндзлікі і фарбы. Сябры заўсёды ведалі, што мне падарыць. Але часам здаралася так, што і месяцамі не маляваў, бо не было чым.

Маляваў тое, што засталося ў памяці

Спачатку маляваў краявіды родных мясцін, якія засталіся ў маёй памяці. Але ўсё вычарпальна. Цяпер мае сябры, вандруючы дзесьці па Беларусі, робяць для мяне здымкі мясцінаў. Часам у інтэрнэце знахо­джу фотаздымкі прыроды, так і малюю. Бо не так часта ўдаецца вывезці мяне кудысьці.

Дзякуючы мастацтву я жыву

Мастацтва — для мяне ўсё, дзякуючы яму я і жыву. Малюю ўжо 15 гадоў. За гэты час я намаляваў больш за 400 карцін. Першыя 15 гадоў я ляжаў і чытаў. Бо нешта рабіць зусім не мог. Паступова трошачкі распрацаваў рукі. Магу зараз згінаць іх у локці. Займаюся, расцягваю гуму, імкнуся падцягвацца.

Малюю кожны дзень, пачынаю працаваць а 10 раніцы і сканчаю дзесьці а 4-й. Некаторыя карціны я малюю за 4 дні, некаторыя за тыдзень.

Выстава ў фае палаты прадстаўнікоў

Маляваў я спачатку для сябе. І вось з цягам часу назбіралася пэўная колькасць прац. Аднойчы ў госці да нас завітала дырэктарка мясцовага клуба і здзівілася, што ў мяне так удаецца. Пасля яна ўжо прывяла праверку з культурна­метадычнага цэнтра, каб і ім паказаць, як малюе чалавек ў маім стане.
Вось мне і прапанавалі зладзіць выставу, забралі карцінкі і аформілі іх. Пасля прывезлі кнігу водгукаў, там было столькі прыемнага напісана, што ў выніку гэта надало мне нейкай упэўненасці ў тым, што я раблю.  Адна з выстаў адбылася нават у фае палаты прадстаўнікоў.

Салдаты двор фарбавалі

Да нас прыязджала тэлебачанне, здымалі сюжэт, на які звярнуў увагу Лукашэнка. Ён даў указанне сваёй адміністрацыі навесці пра нас даведкі.

І так атрымалася, што якраз у гэты час ён збіраўся прыехаць у Драгічын. Дык кіраўніцтва раёна вырашыла, што раз ён даведкі наводзіць, дык, значыць, і да нас у дом прыедзе.

Што тут пачалося! Сабралася ўся раённая вярхушка, намеснікі старшынь выканкамаў, і пыталіся, што нам зрабіць.

У вёсцы ўсё павыкарчоўвалі, нагналі на падворак наш салдат, яны ўсё пафарбавалі, поле ўздоўж дарогі ўзаралі.

І галоўнае, усё ж самі напрыдумлялі, што кіраўнік краіны да нас завітае. Але карціну я яму намаляваў, яму яе перадалі, а я ад яго падарункі атрымаў.

Для вершаў мазгі патрэбны

Неяк у мяне запыталі, як я прыйшоў да карцін, а не да вершаў. Я і задумаўся. Раней да кожнай карціны я дадаваў верш чатырохрадковы.

Пасля я паспрабаваў напісаць верш і даслаў свайму сябру Валерыю Гапееву, пісьменніку, супрацоўніку івацэвіцкай раённай газеты.

Але вершы былі па­-руску, а Валерый узяў ды заахвоціў мяне пісаць вершы на роднай мове. Крытыкам ён быў строгім, не рабіў зніжак на мой стан здароўя.

У карцінах можна некаторыя хібы прапусціць, бо я інвалід, а для вершаў мазгі патрэбны.

Без мэты немагчыма жыць

Я люблю, калі ёсць планы, без мэты немагчыма жыць. Цяпер вось былі падрыхтоўкі да шматлікіх выставаў. Друкавалі маю кнігу вершаў. Заўсёды трэба было нешта намаляваць ці зрабіць. За лета трэба выканаць шэсць замоваў.

Сям’я — самая вялікая каштоўнасць

Адзінае, ад чаго вельмі сумна і чаго сапраўды не хапае, дык гэта сям'і, дзяцей. Больш нічога і не хацеў бы. Страшна падумаць, што ты сыдзеш і нічога не застанецца пасля цябе. Сям'я — самая вялікая каштоўнасць, якую ты можаш мець.

Я не баюся самоты

Але я не баюся самоты, мне заўсёды цікава ў сваіх думках. Чалавек — такая істота, якая прыстасоўваецца жыць у любых умовах. Адкуль тая сіла з’яўляецца, сам дзіўлюся. Напэўна, пры іншых абставінах не маляваў бы і вершы не пісаў. Усё ж такі творчасць — гэта справа душы, а мы, звычайна, у бегу дзён пра яе забываем. У мяне ж толькі і ёсць, што душа.

Кожны сам сваю творыць дарогу,
Не кажыце, што лёс не змяніць.
Маем выбар. І дзякуем Богу
За вялікую радасць жыць.

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?