Мясцовыя ўлады паўсюдна адмаўляюць актывістам Партыі БНФ у правядзенні пікетаў супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх ваенных баз, паведаміў БелаПАН лідар арганізацыі Аляксей Янукевіч.

Паводле яго слоў, усяго было пададзена 20 заявак на правядзенне пікетаў 8 верасня або ў адну з блізкіх да гэтага дня дат. «Адмовы ўжо атрыманы ў 17 выпадках. З трыма заяўнікамі мы пакуль не змаглі звязацца, але, верагодна, і там будуць адмовы», — паведаміў палітык.

Янукевіч адзначыў, што ўлады, як правіла, адмаўляюць у правядзенні пікета на дзвюх падставах. Па-першае, адмова абгрунтоўваецца правядзеннем іншага мерапрыемства ў месцы запланаванага пікета, напрыклад сельскагаспадарчага кірмашу. Па-другое, улады заяўляюць, што ініцыятары папярэдне не заключылі дагаворы з гарадскімі службамі, такімі як міліцыя, хуткая дапамога і МНС.

Янукевіч паведаміў, што адмовы ўладаў у правядзенні пікетаў будуць абскарджвацца ў судах. Акрамя таго, будуць падавацца новыя заяўкі на правядзенне вулічных мерапрыемстваў супраць размяшчэння ў Беларусі расійскіх ваенных баз.

Палітык нагадаў, што Партыя БНФ яшчэ 27 ліпеня мела намер правесці каля расійскага пасольства пікет супраць размяшчэння ў Лідзе расійскай ваеннай базы. Аднак Мінгарвыканкам адмовіў у яго правядзенні, матываваўшы сваё рашэнне тым, што заяўка не адпавядае заканадаўству аб масавых мерапрыемствах. Гарадскім уладам таксама незразумела, якія меры будуць прымаць заяўнікі для арганізацыі бяспекі ўдзельнікаў пікета. Акрамя таго, у пісьмовым адказе з гарвыканкама адзначаецца, што правядзенне пікета можа стварыць перашкоду пешаходнаму і транспартнаму руху.

Адмова Мінгарвыканкама абскарджваецца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, аднак дата пасяджэння пакуль не вызначана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?