Удзельнікі дуэту «Аляксандра і Канстанцін» нарэшце пабраліся законным шлюбам пасьля дзевяці год блізкага знаёмства. «Тым самым мы разбурылі легенду пра тое, што мы — брат і сястра», — жартуюць яны. Сьвяткаваньне вясельля прайшло на хутары Шаблі ў сябры дуэта, колішняга дырэктара N.R.M. Уладзімера Шаблінскага. А за некалькі дзён да вясельля «АіК» узялі ўдзел у фэстывалі Sunflower‑2007 ў Сэрбіі.

Аляксандра Кірсанава апавядае, што сьвяткаваньні было вырашана зладзіць у форме оўпэн‑эйру:

«Мы доўга ведаем адно аднаго, таму адразу ж прыйшлі да высновы, што адзначэньне пройдзе бязь нейкіх там вясельных стандартаў, сталоў літарай «П« ды іншага».

Канстанцін Драпеза апавядае, што ў якасьці забаваў для гасьцей было прапанавана: язда на джыпах па бездарожжы, стральба з луку ды конкурс красамоўства.

«Для гасьцей акром традыцыйных прысмакаў мы прапанавалі асаблівы гатунак гарэлкі, якую назвалі «Галілееўка«, у якасьці этыкеткі на пляшцы была вокладка нашага эўравізійнага сынглу».

А да вясельля «Аляксандра і Канстанцін» пасьпелі наведаць Сэрбію, дзе выступілі з канцэртам у межах фэстывалю Sunflower 2007, які трансьляваўся ў простым этэры па мясцовым нацыяльным тэлебачаньні. Аляксандру ўразіў горад Белград:

«Там вельмі прыгожая архітэктура, шмат старых будынкаў. Ды і сэрбы да нас паставіліся звышпрыязна — пяцізоркавы гатэль ды падвышаная ўвага да нашых пэрсонаў». А Канстанціна ўразіла тамтэйшая кухня: «Такіх вялікіх адбіўных, як у Сэрбіі я яшчэ не бачыў! Да ўсяго там столькі відаў бульбянога гарніру! А яшчэ беларусаў называюць бульбашамі».

Тузін Гітоў

Сайт дуэту «Аляксандра і Канстанцін»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0