Набліжаецца саміт Усходняга Партнёрства ў Вільні, на якім кіраўнікі краін ЕС і структур Еўрасаюза звераць гадзіннікі з прадстаўнікамі краін Усходняй Еўропы. Што мяняецца ў сувязі з новымі паваротамі ў расійска-беларускіх і расійска-ўкраінскіх адносінах? Ці ўлічвае іх Еўропа? На пытанні «Нашай Нівы» адказала намесніца міністра замежных справаў Польшчы Катажына Пэлчынска-Налэнч.

— Спадарыня Пелчынска-Наленч, набліжаецца саміт у Вільні. Таму напачатку некалькі пытанняў пра палітыку. Як бы Вы ахарактарызавалі адносіны паміж ЕС і Беларуссю, Польшчай і Беларуссю? Чатыры гады таму мы мелі сітуацыю дыялогу, потым была палітыка санкцый і абмежаванняў. Цяпер няма ні дыялогу, ні пашырэння санкцый. Ці гэта палітыка ігнаравання? Чаго мы можам спадзявацца ў гэтым кірунку?

— Адносіны паміж Еўрапейскім саюзам, у тым ліку Польшчай, і Беларуссю ўжо некалькі год радыкальна не змяняюцца. Умовы нармалізацыі гэтых стасункаў ясна акрэслены і нязменна залежаць ад змены сітуацыі з правамі чалавека і грамадзянскімі свабодамі на Беларусі.

Тыя ваганні, што назіраюцца, — гэта розная пастаноўка акцэнтаў у палітыцы ЕС адносна афіцыйнага Мінска, якія заўсёды з’яўляюцца адлюстраваннем актуальнай сітуацыі ў Беларусі. Калі палітыка абмежаванняў з боку ЕС мяккая, гэта вынікае са шматлікіх чыннікаў — напрыклад, сумневаў, якія датычаць агульнай эфектыўнасці саміх санкцый як інструмента ўздзеяння. Гаворка можа ісці таксама пра ўмоўнае адкрыццё каналаў камунікацыі з афіцыйным Мінскам, як гэта мела месца ў выпадку часовай адмены санкцый супраць міністра замежных спраў У.Макея.

У сваю чаргу, для правядзення паўнавартаснага дыялогу ЕС з Мінскам, за выключэннем дэкларацый волі наладжвання адносін з Захадам з боку беларускіх улад, патрэбныя відавочныя прычыны, якія сведчаць пра рэальнае імкненне Мінска да нармалізацыі гэтых адносін па вядомых правілах і на вядомых умовах. Мы не можам казаць тут пра палітыку ігнаравання. Тым больш не варта забывацца пра сталую падтрымку, якая існуе з боку дзяржаў-членаў ЕС і самога ЕС, для беларускага незалежнага асяроддзя, абаронцаў правоў чалавека, незалежных сродкаў масавай інфармацыі, арганізацый, якія ўтвараюць падмурак грамадства.

— Саміт Усходняга партнёрства — хто будзе прадстаўляць Беларусь? Што чакаецца ў беларускім пытанні?

— Гэта будзе чарговая, ужо трэцяя сустрэча Усходняга Партнёрства, падчас якой могуць быць вырашаны ключавыя пытанні ў справах Украіны, Малдавіі, Грузіі і Арменіі — на гэтых краінах будзе засяроджана ўвага ўсіх удзельнікаў падзеі ў Вільні. Застаецца спадзявацца, што той, хто будзе прадстаўляць Беларусь на пасяджэнні, будзе вяртацца з Вільні перакананы ў тым, што ўдзел у ініцыятыве Усходняга Партнёрства мае рэальную карысць, якая вынікае з узмацнення палітычных і эканамічных адносін з Еўрапейскім Саюзам.

— Што новага можа даць Беларусі Еўропа? Якім чынам Еўропа можа зацікавіць Беларусь?

— Падобныя пытанні ўзнікалі і ў палякаў перад далучэннем да Еўрапейскага саюза, калі ў некаторым сэнсе мы вярталіся да сваёй наноў усвядомленай еўрапейскай тоеснасці… Беларусь з’яўляецца часткай Еўропы, культурна і гістарычна звязанай з яе традыцыямі і грамадзянамі. Вы можаце ўзбагаціць Еўропу культурай, мовай, гісторыяй, прадпрымальнасцю і працавітасцю сваіх грамадзян. Удзел у еўрапейскім праекце карыстання інструментамі палітыкі Еўрасаюза, у аснове якой салідарнасць, свабодны рух капіталу і паслуг, свабода перамяшчэння, — гэта шанец на ўсебаковае грамадска-эканамічнае развіццё, на карыстанне сродкамі, прызначанымі на мадэрнізацыю краіны і паляпшэнне ўзроўню жыцця грамадзян, з’яўленне магчымасці развіцця супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, гаспадаркі, памежжа і т.п.

Доўгатэрміновая карысць, якая вынікае з выбару еўрапейскай сцежкі развіцця, бясспрэчная. Умовай удзелу ў так званым еўрапейскім праекце з’яўляецца падпарадкаванне дэмакратычным вартасцям і нормам, якія падзяляюць еўрапейскія краіны.

— У Беларусі на сённяшні дзень больш за 10 палітычных вязняў. Ці ўплывае гэта на стан адносін паміж дзвюма краінамі?

— Калі браць двухбаковыя адносіны, Польшча як краіна, што мяжуе з Беларуссю, асабліва зацікаўлена тым, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай з суверэннай і прагназаванай палітыкай — гэта нязменны стратэгічны ўказальнік нашых дзеянняў. Нам цяжка пагадзіцца з палітыкай Мінска, згодна з якой за мірнае абвяшчэнне сваіх поглядаў альбо за апазіцыйную дзейнасць можна трапіць у турму альбо зазнаць іншыя рэпрэсіі. Гэта пярэчыць асноўным дэмакратычным стандартам і вартасцям, якія мы вызнаем.

Акрамя таго, у палітыцы да Беларусі мы кіруемся правілам, што, хоць кантакты з беларускімі ўладамі не складаюцца так, як бы мы таго жадалі, усё ж беларускае грамадства павінна сустракаць максімальную адкрытасць з нашага боку. Таму, сярод іншага, мы адмянілі плату за нацыянальныя візы для беларускіх грамадзян і спрыяем прадэмакратычным ініцыятывам у Беларусі.

Мы таксама лічым, што ў адносінах паміж нашымі краінамі павінен развівацца дыялог у справах, якія натуральна павінны знаходзіцца ў сферы зацікаўленасці абодвух бакоў, напрыклад, у галіне памежнага супрацоўніцтва, развіцця малога памежнага руху, мадэрнізацыі транспартнай і памежнай інфраструктуры, супрацоўніцтва ў галіне адукацыі, эканамічных адносін і т.п. Важным момантам у двухбаковым супрацоўніцтве, на якое мы спадзяемся, з’яўляецца таксама паглыблены дыялог, які датычыцца пошуку і аховы месцаў гістарычнай памяці, які з польскага боку вядзе Рада аховы памяці барацьбы і пакутніцтва.

— Напружанне на лініі Украіна-Расія (абмежаванне украінскага экспарту). Як Польшча і ЕС ацэньваюць гэтую сітуацыю?

— Пункт гледжання Польшчы ў гэтай справе такі ж, як і пункт гледжання Еўрасаюза. Апошні быў выказаны ў заявах Еўрапарламента і камісара Фюле. Мы лічым, што на краіну, якая імкнецца да асацыяцыі з Еўрасаюзам, не павінна быць ніякага ціску, ні палітычнага, ні эканамічнага. Акрамя таго, мы не бачым ніякіх негатыўных вынікаў такой асацыяцыі для будучага супрацоўніцтва Украіны і Расіі. Няма таксама ніякіх фармальных перашкод для далейшага добрага функцыянавання зоны свабоднага гандлю паміж гэтымі краінамі.

— Ці будзе мець уплыў на Беларусь падпісанне альбо непадпісанне Украінай Дамовы аб асацыяцыі з ЕС?

— Усё, што адбываецца ў рэгіёне, ускосна ўздзейнічае на Беларусь. Думаю, што пазітыўнае ўздзеянне на свядомасць беларусаў выклікаў у тым ліку і поспех структурнай трансфармацыі ў Польшчы. Падобны выпадак і Украінай — прыняцце acquiscommunautaire і пазітыўныя тэндэнцыі, звязаныя са збліжэннем Украіны з Еўрасаюзам, уплываюць на тое, як беларускае грамадства будзе ставіцца да Еўрасаюза і мэтанакіраванасць стасункаў з краінамі-членамі, у тым ліку з Польшчай.

— Мы таксама хацелі б задаць некалькі пытанняў на эканамічную тэматыку. Польшча дасягнула поспехаў у дыверсіфікацыі крыніц энергіі. Ці існуе магчымасць супрацоўніцтва Польшчы і Беларусі ў гэтай сферы?

— Наколькі я ведаю, Беларусь не зацікаўлена сёння дыверсіфікаяй крыніц энергіі, затое зацікаўлена льготныміцэнамі на газ і нафту з Расіі. Таму пытанне аб польска-беларускім супрацоўніцтве ў гэтай сферы выглядае неактуальным. Каб увогуле думаць аб супрацоўніцве, неабходна воля беларускага боку, якая зрабіла б дыверсіфікацыю мэтай энергетычнай палітыкі.

— Тэрмінал звадкаванага прыроднага газу пад Шчэцінам — на якім этапе вядуцца работы і што зменіцца для Польшчы пасля яго запуску?

— Тэрмінал будуецца згодна з графікам. Нязначныя спазненні не паўплываюць на тэрмін здачы інвестыцыйнага праекта. На сёння ўвесь праект выкананы амаль на 60%. Першы танкер са звадкаваным прыродным газам павінен прыйсці ў тэрмінал — згодна з планам — паміж 1 ліпеня і 31 снежня 2014 года.

Тэрмінал істотна паўплывае на дыверсіфікацыю паставак газу ў Польшчу. Дзякуючы яму будзе магчымы імпарт сыравіны з любога месца на свеце, што знізіць залежнасць нашай краіны ад паставак газу з адной крыніцы. Акрамя таго, пастаўкі праз тэрмінал будуць гнуткімі, дзякуючы чаму можна будзе лёгка пакрыць павялічаны попыт на газ у перыяды найбольшай у ім патрэбы.

— Атамная энергетыка ў Польшчы — якія планы ў гэтай сферы? Атамная электрастанцыя ў Астраўцы — якую пазіцыю займае Польшча адносна планаў яе будовы?

— Польскі ўрад паслядоўна рэалізуе план, вынікам ягока павінна быць будова дзвюх атамных электрастанцый, першая з якіх павінна быць уведзена ў эксплуатацыю да 2025 г. Тэхналогія ўсталяваных рэактараў будзе абапірацца на найвышэйшыя існуючыя стандарты бяспекі, г.зн. III/III+ пакаленняў.

Польская энергетычная група «Атамная энергія 1», суб’ект, адказны за падрыхтоўку інвестыцыйнага праекта і будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі ў Польшчы магутнасцюкаля 3000 MВт, падпісаў у лютым 2013 г. дагавор з фірмай WorleyParsonsна выкананне даследавання асяродддзя і мясцовасці для трох патэнцыяльных месцаў размяшчэння (Жарновец, Хачэва і Гонскі). На гэты момант працягваюцца падрыхтоўчыя работы па абранні шляхам аўкцыёна пастаўшчыка тэхналогіі і генеральнага выканаўцы.

Польшча паважае права кожнай краіны да фарміравання свайго energymix, у тым ліку да развіцця атамнай энергетыкі. Падчас будовы атамнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі неабходна прытрымлівацца самых высокіх стандартаў аховы асяроддзя і бяспекі, а таксама адпаведных дзеючых міжнародных прававых рэгуляванняў.

— А што з беларуска-польскімі эканамічнымі праектамі? Ці ёсць нейкія пазітыўныя прыклады супрацоўніцтва?

— Беларусь застаецца важным гандлёвым партнёрам Польшчы, трэцім сярод краін СНД. Польскія прадпрыемствы, у прыватнасці, у сегменце малога і сярэдняга бізнесу, лічаць беларускі рынак перспектыўным для рэалізацыі сваіх бізнес-планаў. Ёсць шмат абласцей, дзе магчыма было б развіццё сумесных праектаў. Укараненне «зялёных тэхналогій», развіццё рынку капіталу альбо фарміраванне пазітыўнага інвестыцыйнага вобразу краіны — гэта, напэўна, моцныя бакі польскай эканомікі, якія маглі б быць карыснымі з пункту гледжання беларускага рынку.

Вядома, канчатковы поспех любых эканамічных праектаў залежыць ад дзелавых разлікаў канкрэтных гаспадарчых суб’ектаў і спрыяльных умоў для бізнесу на дадзеным абшары.

— Што з праектам будаўніцтва вугальнай электрастанцыі ў Зэльве, пра якое гаварылася 5 гадоў таму? Ці ёсць шанцы на яго рэалізацыю?

— Праект будовы вугальнай электрастанцыі на тэрыторыі Беларусі — гэта рашэнне польскіх гаспадарчых суб’ектаў, якія засноўваюць свае рашэнні на дзелавых разліках і ацэнцы магчымасці вядзення стабільнай гаспадарчай дзейнасці. Прыязны інвестыцыйны клімат застаецца ключавым фактарам прыцягвання замежных інвестараў і сведчыць аб сур’ёзным падыходзе да сумесных бізнес-пректаў ва ўсіх сектарах эканомікі. Гэты прынцып дзейнічае адносна ўсіх замежных рынкаў, у якія прадпрыемствы збіраюцца ўкладваць свой капітал, незалежна ад краіны паходжання.

— Дазвольце таксама зачапіць шэраг далікатных пытанняў. Справа Саюза палякаў у Беларусі ўжо шмат гадоў з’яўляецца спрэчнай. Якая пазіцыя польскай дыпламатыі ў гэтым пытанні?

— Мы прытрымліваемся пазіцыі, што партнёрамі ўлад РП па пытаннях, якія датычаць польскага насельніцтва на Беларусі і СПБ, застаюцца асобы, абраныя згодна з дэмакратычнымі працэдурамі на сходзе СПБ у лістападзе 2012 г. у Гродне.

Трэба адзначыць, што МЗС не збіраецца ўмешвацца ў канкрэтныя асабістыя або арганізацыйныя рашэнні СПБ. Але мы хочам, нягледзячы на наступствы, бараніць права польскай меншасці да свабоднага — без усялякага знешняга ўмяшальніцтва — выбару ўласных прадстаўнікоў і вядзення статутнай дзейнасці.

Мы лічым, што калі меншасць захоўвае і развівае сваю культурную і моўную спадчыну, то такім чынам яна ўзбагачвае краіну, у якой функцыянуе. Магчымасць вывучэння польскай мовы і культывавання сваіх традыцый мы ацэньваем як добрую справу, таксама як добрай справай для Польшчы з’яўляецца існаванне беларускай меншасці ў Польшчы. Гэтая меншасць карыстаецца ў Польшчы ўсімі правамі ў сферы вывучэння беларускай мовы, захавання сваіх традыцый і стварэння такіх арганізацый, якія меншасць лічыць найбольш адпаведнымі і эфектыўнымі.

— Традыцыйна шмат прэтэнзій выклікае праца польскіх консульскіх устаноў на Беларусі. Чэргі, немагчымасць зарэгістраваць электронныя візавыя анкеты — адным словам, балаган. Ці ёсць шанцы на змену гэтай сітуацыі?

— Варта паглядзець на статыстыку. З яе вынікае, што колькасць выдаваных польскімі консульскімі ўстановамі на Беларусі віз расце з года ў год — у 2011 г. было выдадзена 300 тыс. віз, у той час калі ў 2012 годзе было выдадзена ўжо больш за 350 тыс. віз, і гэта амаль 50% віз, якія выдаюцца беларускім грамадзянам усімі краінамі ЕС.

Статыстыка паказвае, што прыярытэтам палітыкі Польшчы з’яўляецца максімальнае адкрыццё граніцы для беларускага грамадства і прадстаўленне магчымасці як мага большай колькасці беларускіх грамадзян падарожнічаць па Польшчы і іншых еўрапейскіх краінах. Праблемай у рэалізацыі нашых намераў з’яўляецца аднак абмежаванне [Беларуссю] колькасці польскіх консулаў, а таксама ўжыванне метадаў, якія вельмі ўскладняюць эфектыўную працу консульскіх аддзелаў. Аднак гэта праблема не нашага боку. Калі можна было б павялічыць штат консульскіх устаноў, то ўвесь візавы працэс быў бы значна больш прыязны для грамадзян Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?