Следства па справе аб збіцці доктара-сірыйца ў электрычцы Орша — Мінск скончана і перададзена ў транспартную пракуратуру для накіравання ў суд.

Канчатковае абвінавачванне, якое прад’яўлена маладому чалавеку за беспадстаўнае збіццё грамадзяніна Сірыі, кваліфікавана па ч. 1 арт. 339 Крымінальнага кодэкса Беларусі — хуліганства, якое суправаджаецца грубым парушэннем грамадскага парадку і ўжываннем гвалту да пацярпелага.

6 ліпеня ў электрычцы Орша — Мінск у раёне станцыі Слабада — Сцяпянка малады чалавек з шумнай кампаніі збіў сірыйца, які, як высветлілася пазней, з’яўляецца клінічным ардынатарам 10- й гарадской бальніцы Мінска.

«У нейкі момант у вагоне стала шумна, я падняў вочы і ўбачыў, як малады чалавек гадоў 18 схіліўся над мужчынам і стаў наносіць яму серыю удараў у галаву. Мужчына спрабаваў бараніцца, але безвынікова», — распавядаў адзін з відавочцаў.

Падазраванага ўдалося затрымаць толькі на наступны дзень. Знайсці яго стала магчыма ў тым ліку дзякуючы таму, што відавочцы знялі твары маладых людзей з кампаніі на відэа.

Следства скончылася 3 верасня.

Устаноўлена, што канфлікт паміж маладым чалавекам і доктарам-сірыйцам адбыўся з-за непаразумення: сірыйцу было зададзена пытанне, якое той не зразумеў да канца, адказ не задаволіў маладога чалавека. У выніку той беспадстаўна нанёс яму не менш за 5 удараў у твар. Цялесныя пашкоджанні пацярпелага кваліфікаваныя як лёгкія, не пацягнулі парушэння здароўя на працяглы тэрмін.

Следства таксама прыйшло да высновы, што адбылося менавіта хуліганства — без якога-небудзь нацыянальнага складніка.

Абвінавачаны прызнаў сваю віну толькі часткова.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?