Аб’явілі: тэатралізавана-музычнае прадстаўленьне пад назвай «каранацыя Міндоўга» ў Наваградку — адбудзецца! Я загарэўся зьезьдзіць. Чакаць давялося амаль да ночы: у прызначаны час — 21 гадзіну — прадстаўленьне ніяк не пачыналася. Час цягнуўся, ніхто нічога не тлумачыў. Чаму каранацыя начная, калі ў гісторыі яна такой не была і калі рэканструкцыя разьлічаная галоўным чынам на прыежджых?..

Нарэшце вядоўца абвесьціў, што — зараз будзе! А потым па-расейску расказаў гісторыю незвычайнай падзеі.

Прысутныя на сцэне рыцары выканалі сваю задачу: прадстаўнік Папы патрымаў над галавой Міндоўга карону, затым новасьпечаны кароль патрымаў карону над галавой жонкі. Ура! Слава!

Уяўляю, калі б літоўцы трапілі сюды, як бы яны рагаталі!

Яны забілі ў званы з нагоды пастаноўкі ў Менску балета пра вялікага князя Вітаўта: «беларусы крадуць у нас нашу гісторыю!» А тут яшчэ на Міндоўга, першага і апошняга караля руку сваю славянскую ўзьнялі! Можаце спаць спакойна, мае літоўскія сябры, калі б беларусы сапраўды хацелі прысвоіць сярэднявечнага Міндоўга, дык рабілі б гэта прынамсі па-беларуску, а не на мове СССР.

Што мне, здавалася б, той Міндоўг? А вось што: першую карціну, якую я набыў у Горадні, быў партрэт Міндоўга, і доўгі час яна ў мяне была адзінай у хаце. Так што я жыў і пісаў пад ягоным партрэтам, што мне самому сёньня здаецца дзіўным. Але выпадковасьцяў хіба не бывае ў такіх справах. Зачапіў мяне кароль сваёй гісторыяй.

Каб умацаваць уладу, Міндоўг вырашыў аднойчы зрабіцца каралём. Кароны тады раздаваў Папа Рымскі. Міндоўг уступіў у каталікі. Атрымаў карону, але пазьней адмовіўся ад каталіцкай веры. Ад крыжа, ад Хрыста. А значыць — і ад кароны. Бо які можа быць кароль, калі ў яго адзін Пярун у галаве?

Увогуле гэта ж якім дзіваком трэба быць, каб каранавацца, а потым ад кароны адмовіцца! Цяперашні рускамоўны Міндоўг гэтага зрабіць не пасьпеў: пасьля запозьненай каранацыі трэба было падумаць пра начлег.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?