Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным удасканальваць працэс правядзення ўступных іспытаў і прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы Беларусі.

Пра гэта ён заявіў 9 верасня на рабочай сустрэчы са старшынёй савета рэспублікі нацыянальнага сходу, старшынёй дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных іспытаў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2013 годзе Анатолем Рубінавым.

«Я ўвогуле знаёмы з вынікамі і лічбамі. Мяне больш за ўсё хвалюе праблема ўдасканалення гэтага працэсу. Калі ёсць нейкія праблемныя пытанні, іх трэба ўзнімаць і вырашаць», — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

«Вядома, у нас няма таго, што адбываецца ў суседніх краінах, — скандалы, карупцыя вакол гэтага. Гэта ў нас наогул немагчыма.

Але, можа, аб’ектыўна, недзе трэба ўдасканальваць гэты працэс, звяртаць больш увагі на нейкія індывідуальныя рэчы», — зазначыў ён.

Рубінаў паведаміў кіраўніку дзяржавы пра вынікі ўступнай кампаніі. Паводле яго слоў, у цэлым сістэма залічэння ў ВНУ і ССНУ наладжана і дапрацавана да высокага ўзроўню. «Сёння няма вялікіх праблем у гэтай справе. Карупцыя тут фактычна поўнасцю выключана, бо сам механізм уступных іспытаў, залічэння выключае магчымасць умяшання службовых асоб і каго б там ні было», — канстатаваў старшыня Савета Рэспублікі.

«Разам з тым, — паведамляе прэс-служба, — на сустрэчы была адзначана і наяўнасць некаторых праблем.

Так, не заўсёды ўдаецца ўкамплектаваць асобныя вельмі важныя для краіны спецыяльнасці ў сферы ваеннай, аграрнай, педагагічнай адукацыі». Лукашэнка ў сувязі з гэтым звярнуў увагу на неабходнасць больш уважліва прадумаць сістэму мэтавага набору.

Было таксама адзначана, што ў Беларусі склаліся не зусім аптымальныя суадносіны ў падрыхтоўцы кадраў рознай кваліфікацыі, акрэсліўся яўны перабор спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, і калі не рэгуляваць сітуацыю, то такія дыспрапорцыі могуць у канчатковым выніку пайсці на шкоду эканоміцы краіны, паведамляе прэс-служба. «Але гэта разам з тым не павінна нейкім чынам уплываць на свабоду выбару чалавека. Калі ён здольны, імкнецца, у стане пераадолець парог, значыць, няхай ідзе і атрымлівае адукацыю», — мяркуе Рубінаў.

Паводле вынікаў сустрэчы Лукашэнка паставіў задачу сабраць усе зацікаўленыя бакі, каб яны дэталёва абмеркавалі наспелыя змены, пасля чаго павінна быць прынята новая рэдакцыя правілаў прыёму ў вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы.

«Пры гэтым, — зазначае прэс-служба, — размова ідзе не пра карэнную змену правілаў, а толькі пра новую іх рэдакцыю. Адно з магчымых новаўвядзенняў — электроннае залічэнне, калі перад паступленнем пры рэгістрацыі абітурыент адразу ўказвае, куды і на якія спецыяльнасці ён хацеў бы паступіць, а залічэнне на тую ці іншую спецыяльнасць у далейшым праводзіцца ў залежнасці ад набраных на экзаменах балаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?