Беларускі Калегіум паўстаў у лістападзе 1997 г. з ініцыятывы шэрагу няўрадавых беларускіх арганізацый і прыватных асобаў і, як адукацыйны праект, зрэалізоўваецца з 1 кастрычніка 1998 г.
Беларускі Калегіум — форум для правядзення публічных лекцый і дыскусій, месца інтэлектуальнага і культурніцкага дыялогу, кантактаў і супрацоўніцтва з калегамі з сярэднеэўрапейскіх і заходніх краінаў.
Беларускі Калегіум аб’ядноўвае навукоўцаў, журналістаў, людзей мастацтва і культуры, грамадзкіх асобаў з мэтай актуалізацыі шматкультурнай беларускай традыцыі і спрыяння дэмакратычным пераўтварэнням у беларускім грамадзтве ў кантэксце вызначальных каштоўнасцяў еўрапейскай цывілізацыі й агульнаеўрапейскіх працэсаў інтэграцыі.
Прынцыпы дзейнасці:
- заходне- і сярэднееўрапейскія культурніцкія практыкі ў ажыццяўленні навучальнага працэсу і навуковых даследаванняў;
- сучасныя еўрапейскія навучальныя тэхналогіі;
- параўнальны навуковы і навучальны падыход; крытычнае мысленне і адукацыя, заангажаваныя ў беларускую культурную традыцыю і сучасную сытуацыю;
- каштоўнасці адкрытага і дэмакратычнага грамадзтва.
Беларускі Калегіум
прапануе дадатковае навучанне па спецыялізацыях:
- журналістыка: падставовы курс (новая праграма)
- найноўшая гісторыя (новая праграма)
- філасофія/літаратура (новая праграма)
А таксама журналісцкія практыкумы (сумесна з Беларускай асацыяцыяй журналістаў)
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца студэнты старэйшых курсаў альбо асобы з вышэйшай адукацыяй. У выключных выпадках прымаюцца студэнты малодшых курсаў.
Навучальныя праграмы БК арыентаваныя на выкладанне найноўшых фрагмэнтаў сучаснай веды і тэхнік інтэлектуальнай працы і не дублююць існуючыя праграмы дзяржаўных і недзяржаўных унівэрсытэтаў.
Сэртыфікат Калегіуму не замяняе дыплом аб вышэйшай адукацыі.
Навучанне ў БК — бясплатнае.
Пачатак заняткаў з 28 кастрычніка 2013 г.
Заяўкі прымаюцца па 25 верасня 2013 г.
Дадатковую інфармацыю можна атрымаць праз [email protected]