Украінская кампанія «Софтпром» заявіла пра адкрыцьцё ў Беларусі свайго прадстаўніцтва. Прыход аднаго з найбуйнейшых у СНД гульцоў у сфэры дыстрыбуцыі праграмнага забесьпячэньня можа сур’ёзна сапсаваць стратэгічныя пляны ня только айчынным прадаўцам праграмнага забесьпячэньня, але і буйным карпарацыям кшталту Oracle ці Microsoft.

Для багатай амэрыканскай карпарацыі, якая два гады акучвае дзяржаўны сэктар у спадзяваньні на маштабную легалізацыю Windows, зьяўленьне на рынку прадаўца альтэрнатыўнай апэрацыйнай сыстэмы Linux можа прывесьці да зрыву доўгатэрміновых фінансавых плянаў. На думку экспэртаў, зьяўленьне украінскага «Софтпрому» можа выклікаць істотнае зьніжэньне цэнаў на асобныя праграмныя рашэньні і прадукты.

Пакуль украінскі бізнэс ступіў на беларускую зямлю толькі адной нагой. «Софтпром» не атрымаў яшчэ афіцыйнай рэгістрацыі ў дзяржаўных органах. Кіраўнік украінскага офісу кампаніі Павал Ждановіч вызначыў праекты дзяржаўнай важнасьці, у якіх «Софтпром» хацеў бы ўдзельнічаць. Найперш гэта – сыстэма адукацыі.

Аб’ём свайго беларускага бізнэсу «Софтпром» ацэньвае ўсяго ў 10-15 млн даляраў. Ва Ўкраіне ён зарабляе у 10 разоў больш.

Як ні парадаксальна, шлях да кашалька грамадзянаў падазрона лібэральныя да беларусаў кампаніі зьбіраюцца пракладаць, прывабліваючы на свой бок піратаў, што гандлююць у пераходах. Калі ўкраінскім марам суджана збыцца, то вельмі хутка пірацкія шапікі будуць заваленыя легальнымі праграмамі па цане ад 10 до 1000 даляраў. Усталёўваць для Беларусі спэцыяльныя цэны ні вытворцы, ні прадаўцы не зьбіраюцца, намякаючы, што немагчыма стварыць розны ціск у адным і тым самым пакоі. У адваротным выпадку танныя беларускія вэрсіі будуць міграваць па ўсім сьвеце, падрываючы дабрабыт распрацоўшчыкаў. У той самы час кампанія Adobe не выключае выпуску беларускамоўных вэрсій сваіх прадуктаў, якія, магчыма, будуць каштаваць крыху таньней за англійскія аналягі.

Кампанія «Софтпром» - найбуйнейшы дыстрыб’ютар ліцэнзійнага праграмнага забесьпячэньня ва Ўкраіне, які ажыцьцяўляе пастаўку праграмных прадуктаў практычна ад усіх сусьветных вытворцаў праграмнага забесьпячэньня: ABBYY, Adobe, ACD Systems, Borland, Computer Associates, Corel, Доктор Веб, Extensis, Graphisoft, Hummingbird, Лабораторія Касперского, Медіалінгва, Nero, Paragon, Промт, RARLAB, Red Hat, Roxio, Quark, Symantec/Veritas і інш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?