Сёлета ў Беларусі плануецца прышчапіць супраць грыпу каля 36% насельніцтва,

паведаміла 10 верасня на прэс-канферэнцыі ў Мінску загадчыца аддзялення імунапрафілактыкі Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя Вераніка Шымановіч.

Паводле яе слоў, 18% насельніцтва атрымаюць прышчэпкі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.

Для гэтага ўжо закуплена 1,8 млн. доз кітайскай спліт-вакцыны «Флюваксін» коштам каля 3 долараў кожная. Астатняя частка насельніцтва будзе прышчэплена за кошт мясцовых бюджэтаў, прадпрыемстваў і асабістых сродкаў грамадзян.

Як адзначыла спецыяліст, Сусветная арганізацыя аховы здароўя прапаноўвае найперш прышчэпліваць ад грыпу цяжарных жанчын, бо вакцынацыя дапамагае не толькі абараніць будучую маці, але і, як паказваюць даследаванні, сфарміраваць устойлівасць да захворванняў у яе дзіцяці.

За кошт дзяржбюджэту будзе праведзена вакцынацыя дзяцей да 3 гадоў, людзей з хранічнымі захворваннямі або імунасупрэсіяй (прыгнечаннем імунітэту), асоб старэйшымі за 60 гадоў, а таксама медыцынскіх работнікаў, дзяцей і дарослых, якія знаходзяцца ва ўстановах з кругласутачным рэжымам знаходжання. Паводле слоў Шымановіч, ахоп вакцынацыяй ў гэтых групах насельніцтва павінен складаць не менш чым 75%, летась ён склаў 86,6%.

За кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў будзе праведзена вакцынацыя школьнікаў і дашкольнікаў, а таксама асоб з сацыяльна неабароненых груп насельніцтва, паведаміла Шымановіч.

Паводле яе слоў, прадпрыемствы і арганізацыі таксама могуць выдзеліць сродкі на вакцынацыю сваіх супрацоўнікаў. Паводле звестак медыкаў, калі прышчэпкі ад грыпу зробяць больш чым 70% работнікаў прадпрыемстваў, то вірус не будзе распаўсюджвацца ў калектыве.

Сёлета ў Беларусі, як мяркуецца, будуць цыркуляваць вірусы грыпу A (H1N1), які выклікаў пандэмію ў 2009 годзе, а таксама, А (H3N2) і вірус грыпу B. Як адзначыла намеснік начальніка аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан, вакцыны, што прапаноўваюцца насельніцтву, будуць абараняць ад усіх трох вірусаў.

Паводле слоў спецыяліста, масавая вакцынацыя ў Беларусі пачнецца ў першы працоўны дзень кастрычніка і будзе доўжыцца каля двух месяцаў, аднак грамадзяне, у якіх не будзе магчымасці зрабіць прышчэпку ў гэты перыяд, могуць прайсці вакцынацыю ў верасні. Як правіла, імунітэт, атрыманы пасля вакцынацыі, дзейнічае на працягу паўгода. Пакуль невядома, колькі будзе каштаваць вакцына, якая будзе праводзіцца за кошт сродкаў грамадзян, аднак, як адзначыла Карабан, кожная паліклініка будзе ўстанаўліваць уласныя цэны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?