У прэм’ер-міністра Беларусі Сяргея Сідорскага, здаецца, ёсць падставы быць задаволеным вынікамі візіту ў Астану. Ужо вядома, што ў чацвер складзены кантракт на 35 млн. даляраў на пастаўку «БелАЗаў», на 52 млн. даляраў — на рамонт казахстанскіх самалётаў, ёсць дамоўленасці наконт удзелу Беларусі ў стварэнні шыннай вытворчасці ў Казахстане. Акрамя таго, кіраўнікі кабінетаў міністраў дзвюх краін абмеркавалі магчымасць транзіту казахстанскай нафты па тэрыторыі Беларусі.

Прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі вярнуўся з Астаны ў Менск з партфелем, поўным ужо заключаных кантрактаў і інвестыцыйных прапаноў. З дапамогай Казахстана Беларусь зможа ліквідаваць дэфіцыт у знешнім гандлі. Казахі будуць купляць беларускія трактары, даручаць рамонт сваіх самалётаў беларускім інжынерам. Вядома таксама, што ў Астане абмяркоўвалася магчымасць адкрыцця ў Казахстане зборачнай вытворчасці камбайнаў, узвядзенні лагістычнага цэнтра, абумоўленыя адукацыйныя праекты (вайсковыя спецыялісты Казахстана будуць навучацца ў ВНУ Беларусі).

Шырокай грамадскасці не паведамляліся дэталі абмеркавання супрацоўніцтва ў энергетычнай сферы, аднак у мясцовых СМІ шырока цытаваліся словы прэм`ер-міністра Казахстана Карыма Масімава, які заявіў, што «Казахстан, несумнеўна, зацікаўлены ў транзіце энергарэсурсаў і частковай іх перапрацоўцы на тэрыторыі Беларусі». «Эканомікі нашых краін узаемна дапаўняюць адна адну», — сказаў ён і пры гэтым растлумачыў, што мае на ўвазе багатыя сыравінныя запасы сваёй краіны і магчымасці Беларусі па іх перапрацоўцы.

Для Беларусі цяпер важна вырашыць дзве праблемы — павялічваць аб`ёмы экспарту і дыверсіфікаваць пастаўкі энерганосьбітаў. Сёлета ў сувязі з падаражаннем для Беларусі расейскіх энерганосьбітаў і складанасцямі пры пастаўках традыцыйных відаў прадукцыі (цукар, цукеркі, мясная прадукцыя) у Расею адмоўнае сальда краіны імкліва расце. Праблемы з загрузкай сваіх магутнасцяў увесь час зазнаюць беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы, бо расейскіх давальцаў у новых умовах увесь час прыходзіцца стымуляваць. Традыцыйныя экспартныя тавары Беларусі (трактары, камбайны, «МАЗы», «БелАЗы») не могуць быць цікавыя еўрапейскаму рынку. Таму ўся надзея на краіны СНД, ну і на нядаўна «адкрытыя» Аляксандрам Лукашэнкам рынкі Венесуэлы, Кубы, Ірана і г.д. Прыбыткі ад экспарту ў гэтыя краіны, па задуме беларускага ўрада, павінны кампенсаваць выдаткі на аплату энерганосьбітаў, якія ўзраслі. Што тычыцца паставак нафты, то Лукашэнка паставіў задачу давесці долю гэтай сыравіны, якая пастаўляецца не з Расеі, да 20% (сёння ўсе пастаўкі з Расеі). Як ужо пісала «НГ», беларускія службоўцы шукаюць варыянты і знаходзяць. Праўда, пакуль усе яны аказваюцца менш выгоднымі ў параўнанні з расейскімі. Аднак «трэба быць гатовымі” ў выпадку чаго замясціць расейскія пастаўкі, распавядаў пра планы ўрада намеснік кіраўніка «Белнафтахіма” Уладзімір Воўкаў. Казахстан, судзячы па ўсім, сваю гатоўнасць «падстрахаваць» выказаў. Праўда, некаторыя беларускія эксперты выказваюць боязь, што заявы па нафце хутчэй палітычныя, чым эканамічныя, і іх мэта — прадэманстраваць самастойнасць і незалежнасць ад Расеі.

Гандаль з Казахстанам пакуль выгодны для Беларусі. Летась станоўчае сальда склала 187 млн. даляраў, за сем месяцаў гэтага года яно апынулася на ўзроўні 118 млн. даляраў. Таваразварот па дачыненні да аналагічнага перыяду мінулага года вырас у 1,7 разоў.

Асобным радком у дамоўленасцях прэм`ераў дзвюх краін стаіць супрацоўніцтва ў ваеннай сферы. З беларускім прэм`ерам у Астане пабываў і беларускі міністр абароны генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў. Кіраўнікі вайсковых ведамстваў дамовіліся аб стварэнні сумеснага прадпрыемства па выпуску радыёлакацыйных станцый «Усход». «Гэта новая сістэма, якая не саступае лепшым сусветным аналагам», — зазначыў казахстанскі міністр абароны Даніал Ахметаў. Па словах казахстанскага эксперта Тулегена Аскарава, «запатрабаванне ў радыёлакацыйнай тэхніцы грамадзянскага прызначэння расце з кожным годам». Акрамя таго, на беларускіх заводах будуць рамантавацца казахстанскія самалёты Су-27.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?