Невялікая ўрачыстая цырымонія прайшла раніцай 11 верасня ў скверы Дзяржынскага, на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Камсамольскай.

Да помніка Жалезнаму Феліксу ўсклалі вянкі і кветкі прадстаўнікі КДБ і Памежнага камітэта.

Фелікс Дзяржынскі нарадзіўся 30 жніўня (11 верасня паводле новага стылю) 1877 года ў маёнтку Дзяржынава на Івянеччыне, за 60 км ад Мінска. З 1887 па 1895 год вучыўся ў адной гімназіі з будучым начальнікам польскай дзяржавы, легендарным Юзэфам Пілсудскім, там жа захапіўся сацыялістычнымі ідэямі.

Аднак, у адрозненне ад Пілсудскага, скіраваў сваю актыўнасць не ў польскі, а ў савецкі бок. Шматразова арыштоўваўся расійскімі ўладамі, праз што здабыў адпаведную папулярнасць у шэрагах бальшавікоў.

Пасля рэвалюцыі Дзяржынскаму даручылі стварыць «асаблівую камісію для высвятлення магчымасцяў барацьбы з забастоўкамі шляхам самых энергічных рэвалюцыйных мераў». У выніку паспяховай дзейнасці гэтая структура ператварылася спачатку ў УЧК, затым у ГПУ. Памёр Фелікс Дзяржынскі 20 чэрвеня 1926 года ў Маскве ад сардэчнага прыступа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?