Яўген Ліпковіч — чалавек з вельмі неадназначнай рэпутацыяй, яго можна назваць самым скандальным блогерам краіны. Не так даўно Ліпковіч трапіў у часопіс Esquire, у якім рабіліся гутаркі з людзьмі з розных краін свету, доступ да блогаў якіх абмежаваны. Акрамя вострых выказванняў, Яўген эпатаваў грамадскасць «кефірнай вайной» і спаленнем кніг Мікалая Чаргінца, ёсць за ягонай спінай і балатаванне ў дэпутаты Мінскага гарсавета.

Сабака

Мы сустрэлі Яўгена каля яго дома, у прыватным сектары. Быў ранак, у гэты час ён бегае па некалькі кіламетраў са сваім сабакам, амерыканскім бульдогам.

«Сабаку прывезлі знаёмыя, яны выкупілі яго за дзве бутэлькі гарэлкі ў нейкіх алкашоў. Ён вельмі хворы, кормім яго практычна тымі ж лекамі, што і бабулю. Лола — гэта наш член сям’і, без яго ўжо і сям’я не сям’я. Але здраднік яшчэ той. Калі ў мяне вобшук быў, ён даваў мянтам сябе чухаць», — пачынае размову Яўген.

Пасля заходзім у дом. Паўсюль карціны вядомых мастакоў, фота і безліч кніг, падаецца, дом тоне ў іх колькасці. Пакуль аглядаем пакоі, Яўген пачынае расказваць…

Я быў сапраўдным бунтаром

У дзяцінстве я хацеў стаць касманаўтам, ніякімі там не пажарнымі ці міліцыянерам. У сям’і дамінавалі савецкія каштоўнасці, бацькі працавалі і сумленна зараблялі на жыццё. А я вось быў вырадкам, які рабіў усё несумленным шляхам. Я заўсёды з кімсьці сварыўся і быў супраць агульнапрынятых норм, быў сапраўдным бунтаром. Ува мне з дзяцінства былі задаткі генія.

Падавалася, што зможам захапіць свет

Калі мы былі маладымі, збіраліся ў бары «Рамонак» і нам падавалася, што мы зможам захапіць свет. У нас была цудоўная тусоўка з таленавітых і творчых асоб, вось той жа Цэслер адзін чаго варты. З нашай тусоўкі выйшлі Пінігін, Малішэўскі, Глобус, Сурыновіч, Ленкін, Хацкевіч (ён скраў самалёт і нас усіх, чалавек 50, цягалі ў транспартную пракуратуру на допыты) шмат музыкаў і праграмістаў, якія, на жаль, з’ехалі.

Паступіў і перастаў вучыцца

Да 4 класа я вельмі добра вучыўся. Пасля перайшоў у іншую школу, дзе пачаўся нейкі кашмар. Бацькі перавялі мяне ў 10-ю фізіка-матэматычную школу, на той час адну з найлепшых у Мінску, якую і скончыў. Вучыўся я там даволі пагана.

Нягледзячы на гэта, перамог на алімпіядзе Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута, пераможца мог паступіць туды з ільготамі. Я паспеў зрабіць два варыянты. Для сябе і свайго сябра. Прычым яго варыянт рашыў абсалютна правільна, а ў сваім зрабіў адну памылку.

Але ў выніку пайшоў у наш БПІ. Паступіў і перастаў вучыцца. Там была весялуха. Праўда, я вылецеў і адразу пайшоў працаваць да станка.

Працаваць за станком было жахліва

...Цябе ўсе імкнуліся здаць кіраўніцтву. Праз пэўны час я зноў узнавіўся ў інстытут, але на пятым курсе ізноў вылецеў. Усё пайшло па коле, і я трапіў за станок. Працаваў на МАЗе. Зменшчык выпіваў бутэльку партвейну з гарла перад зменай, інакш працаваць не мог.

Пасля была праца на «Гарызонце» слесарам кантрольна-вымяральнага абсталявання. Вельмі цяжкая праца, бо я абслугоўваў атрутныя вадкасці. Дарэчы, асноўнай валютай на заводзе былі малако і спірт. Спірт накоплівалі і маглі на нешта іншае выменьваць. Пілі ўсе страшна.

Дзяўчаты і партвейн

Першае, што я набыў на заробленыя грошы — гэта магнітафон, а пасля друкарку. Я нават занёс некаторыя свае маленькія аповеды ў рэдакцыю «Нёмана», ім спадабалася. Але з гэтага нічога не выйшла, бо пайшлі дзяўчаты і партвейн. Пасля доўга не пісаў, а ў адзін момант прабіла.

Калі няма навін, давайце рабіць іх самі

Я пачаў займацца блогам, дзякуючы сваёй жонцы. Яна мне прапанавала зарэгістравацца ў livejournal. Я чалавек актыўны і, дзякуючы сваім пастам, даволі хутка пачаў набіраць вялікую колькасць сяброў. Калі няма навін, давайце рабіць іх самі.

Я проста неабыякавы грамадзянін

Я першы знайшоў, як прадалі Velcom, раскапаў сапраўдныя лічбы ў справаздачах Нацыянальнага банка і апублікаваў у блогу. Адразу пачаўся скандал.

Яшчэ адна гісторыя, пра якую можна ўжо расказаць — мінулы старшыня КДБ Зайцаў зваліўся пры маім актыўным удзеле.

Той палкоўнік, які застрэліўся, жыў на суседняй вуліцы.

Калі прэс-служба КДБ прынялася ўсё нахабна адмаўляць, я раззлаваўся на іх хлусню і зліў журналістам дакладны адрас нябожчыка.

А далей — справа тэхнікі. Не кажу пра кефір і Севастопальскі парк, які дагэтуль стаіць. Я проста неабыякавы грамадзянін. Пакуль іншыя адседжваюць дупу, я раблю.

Можна зарабляць, калі напляваць на ўрад

Чым я ў жыцці толькі не займаўся і дзе толькі не працаваў. Апошнім часам я займаўся інвестыцыямі і даволі паспяхова. На гэтым можна зарабляць, асабліва калі напляваць на ўрад.

Калі ўрад хоча, каб яму расказвалі казкі — рабіце гэта. Але заўсёды трэба думаць, што робіш.

Зараз я практычна на «пенсіі», працягваю нешта рабіць, але з мінімальнай рызыкай. А жонка працуе і даволі паспяхова. Яна лідар у адной з галін у будаўнічай сферы. Я заўсёды займаўся толькі той працай, якая падабаецца. Ты ніколі не заробіш шмат грошай на той працы, якая табе недаспадобы.

Ніколі не дазволю дзяржаве сябе падмануць

Я заўсёды падкрэсліваю, што з 30 гадоў прыпыніў працу на ўладу. У той час я ажаніўся і звольніўся з «Гарызонта». Пасля ні разу на дзяржаву не працаваў, толькі на сябе. Я даў сабе слова, што ніколі не дазволю дзяржаве сябе падмануць. Дагэтуль трымаюся слова.

Будзьце асцярожнымі, сачыце за словамі

Мяне і маю сям’ю правярала падатковая інспекцыя. Але ніякіх парушэнняў яны ніколі не знаходзілі.

Трапіў пад артыкул

У мяне некалі атрымалася трапіць пад артыкул аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Яшчэ па заканадаўству БССР. Мае знаёмыя, тры браты, арганізавалі ў 80-х падпольную студыю аўдыёзапісу. Куплялася валюта на чорным рынку, замежным студэнтам даваліся грошы, яны ехалі на канікулы ў Заходні Берлін і прывозіліся адтуль кружэлкі. І гэтыя кружэлкі тыражаваліся на ўвесь Савецкі Саюз. Яны захапілі ўсю Расію. І я ва ўсім гэтым браў удзел.

У выніку братоў пасадзілі. Цяпер яны жывуць у Нью-Ёрку і маюць адну з самых вядомых крамаў у Амерыкі з рускамоўнай музыкай. Пра гэтую справу пісалі нават у газетах. Якубовіч тады напісаў артыкул «Чорныя дыскі» ў «Знамени юности»

Падпольнае выданне кніг

Яшчэ тут адбывалася падпольнае выданне кніг. Калі ў мяне дома быў вобшук (1982 год), я страшна баяўся, што знойдуць Салжаніцына, яго «Архіпелаг Гулаг», бо за гэтую кнігу 3 гады давалі. Але не знайшлі. Фотастужкі з кнігай былі схаваны ў ванне.

Атрымалі пасады, але не ведаюць, як ўсё працуе

Чыноўнікі атрымалі свае пасады, але пры гэтым не ўяўляюць, як усё працуе. Ты займаешся рынкам? Ідзі пастой на Камароўцы, паспрабуй нешта размытніць, прадаць.

Ты міністр фінансаў? Ідзі павыдавай крэдыты, папрацуй з кліентамі ў сучасным банку.

Сцвярджаць, што Снапкоў, Ермакова, Праляскоўскі, а тым больш Пракаповіч, прафесіяналы — смешна.

Я прыхільнік БНФ

Нягледзячы на тое, што я размаўляю па-руску, я прыхільнік пазіцыі БНФ. Я спадзяюся, што для іх не пусты гук каштоўнасці правоў чалавека. І мне падаецца, што яны гатовы трываць мяне і маё меркаванне.

Для мяне ёсць толькі асабісты інтарэс

Некалі я казаў Някляеву, што нават калі яны прыйдуць да ўлады, я ўсё роўна буду да іх у апазіцыі. Я суджу па справах. Для мяне няма вечных сяброў ці ворагаў, для мяне ёсць асабісты інтарэс.

Чыноўнікі не вераць у Бога

Чыноўнікі не вераць у Бога, для іх Божыя Прыказанні — пусты гук. Я мяркую, што ў нас хутка ўвядуць шматжонства афіцыйна. Для сябе яны яго ўжо ўвялі. Спадзяюся, што тыя людзі, якія прыйдуць да ўлады, будуць верыць у Прыказанні.

Палітыкі ў нас няма

Палітыкаў у нас няма. Палітыкі змагаюцца за ўладу, а ў нас змагаюцца за бюджэты. Палітыкі — гэта адлюстраванне грамадства. Калі не падабаюцца гэтыя апазіцыйныя палітыкі, значыць павінны з’явіцца іншыя.

Хай вяртаецца Пазняк, і будзе весела

Палітыка — гэта частка шоу-бізу. У нас ёсць адзін галоўны шоубізнэсмэн, яму нехта расказаў, што «імперыя кіруецца гучнымі словамі», ён зразумеў літаральна і крычыць на нас з тэлевізара, як калгасны пастух на сваіх кароў. Вось я спадзяюся на тое, што хутка з’явіцца той, хто гэтае шоу разбавіць. Я ўпэўнены, што наверсе таксама чакаюць і баяцца. І хай вяртаецца Пазняк — будзе весела. Тут яму ўжо нічога не пагражае. Хай вяртаецца сюды разам з Навумчыкам і працуюць тут. Хопіць ужо трындзець з-за мяжы.

Эпатаж-тэхналогія для дасягнення мэтаў

Вельмі эфектыўна эпатаваць публіку і тым самым дасягаць уласных мэтаў. Дзякуючы гэтаму я адстаяў Севастопальскі парк. Эпатаж — гэта тонкія тэхналогіі для таго, каб на цябе звярнулі ўвагу.

* * *

Яўген Ліпковіч нарадзіўся ў 1958 годзе ў Мінску. Скончыў фізіка-матэматычную школу, вучыўся ў БПІ. З трыццаці гадоў не працуе на дзяржаву. Жанаты, любіць жонку і дачку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?