Слуханьне справы Ніны Шмялёвай аб кампэнсацыі маральнага ўрону за нанесеную шкоду ўласнаму здароўю ў судзе Перашамайскага раёна Менску было перанесена на 28 верасьня.

Справа ў тым, што амаль 10 гадоў таму Ніне Шмялёвай быў нанесены ўрон беларускім лекарам, у выніку чаго яна стала інвалідам. Справа доўгі час не магла быць распачатай, таму што дзяржаўныя органы рознымі шляхамі спрабавалі перашкодзіць гэтаму. І толькі, калі спадарыня Шмялёва асабіста сустрэлася з прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам была ўзбуджана крымінальная справа ды вінаваты лекар быў пакараны.

Сёньняшні іск Ніна Шмялёва падала на спэцыяльную камісію з лекараў, што была створана ў 1998 годзе, каб высьветліць ці сапраўды пацыентка хворая, а іх калега вінаваты. Спэцыялісты, сярод якіх два дактары навук, два кандыдаты навук ды супрацоўнік Міністэрства аховы здароўя не знайшлі ў пацыенткі перлому, які быў вынікам лячэньня іх калегі, за тое знайшлі безьліч іншых захворваньняў, якіх, канешне, у спадарыні Шмялёвай не было. Пералом высьветлілі сцэцыялісты Санк‑Пэцярбургскай камісіі, на якую накіравалі пацыентку.

Ніна Шмялёва лічыць, што гэта зроблена для таго, каб скрыць хібы беларускай медыцыны ды прыкрыць свайго калегу. І яна мае права патрабаваць ад «нерадзівай» камісіі кампэнсацыі.

Судовую справу сёньня перанесьлі таму, што ў першую чаргу ня былі гатовыя да яе абвінавачаныя. Ім ня было чаго сказаць жанчыне, яка стала інвалідам.

Напалохаліся яны таксама й прысутнасьцю прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі. Напрыклад, на прысутнасьць карэспандэнтаў замежных СМІ, яны хадатайнічалі судзьдзе, маўляў, гэта ня міжнародны сімпозыум, каб на ім прысутнічаў прадстаўнік замежнага СМІ. Судзьдзя хадатайніцтва адхіліла, бо довады абвінавачаных ня былі законнымі.

Як заўважыла юрыстка Тамара Сяргей: — У беларускай медыцыне сёньня многа незаконнага. Але толькі адзінкі свае справы даводзяць да суда.

Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0