Ездзілі з дачкой Басенькай у Маскву ў госці да сваякоў. Мая дзіцячая любоў да астраноміі прывяла ў планетарый. Падышлі паслухаць экскурсію — і прапалі. Харызматычная тэмпераментная жанчына так захапляльна апавядала і пра гісторыю астраноміі, і пра апарат «Планетарый», і пра асобныя цікавосткі астранамічнага свету (сузор’яў на двух паўшар’ях зорнага неба ўсяго 88!).

І дзеці, і дарослыя (і мая Бася!) слухалі разінуўшы раты. У канцы экскурсавода праводзілі апладысментамі і, што сказаць, гатовыя былі застацца яшчэ на пару гадзінаў.

Я звярнула ўвагу на прозвішча на бэджы: Наталля Гарыня. У гэтыя ж дні я канчала чытаць цыкл «Астраўлянка» Ніка Гаркавага. Трэба сказаць, незвычайная кніга: вельмі навуковая фантастыка для падлеткаў. Пры пэўных сюжэтных слабасцях (якія падлеткі якраз не заўважаюць) змяшчае процьму звестак з астраноміі, фізікі, біялогіі, сацыялогіі…

Аўтар Мікалай Гаркавы сам астрафізік, доктар навук, за дакладнасць навуковых выкладак адказвае (у ягоным блогу ёсць старонка, дзе чытачы зноў і зноў пытаюцца, а часам спрачаюцца, наконт тых ці іншых эпізодаў «Астраўлянкі»). Дык у трэцяй частцы ў эпізодзе сустрэлася гераіня-астраном з такім прозвішчам: «Ілья дапамагаў назіральніку Наташы з гучным прозвішчам Гарыня. Усе зваліяе за вочы — а часаміўвочы — Гарыныч. А яна, добрая душа, не пярэчыла».

Вярнуўшыся ў родны Мінск, дзякуючы бібліятэчнаму сайту livelib.ru я зайшла на блог аўтара і наважылася задаць пытанне, ці выпадковасць гэта. Аўтар адказаў: «Вядома, не. Наташа Гарыня, якая шмат назіраеў Сімеізе, і стала прататыпам гэтай гераіні».

Вельмі прыемна, калі кніга нечакана ажывае. Калі выпадкова сустракаешся з кніжнымі героямі. Але падабенства не толькі ў прозвішчы, таксама і ў пафасе аўтара і экскурсавода. Вельмі эмацыйна Наталля Гарыня пыталася ў слухачоў: «Дзе наша будучыня? Дзе надзея на нашу будучыню?» і адказвала «Вось! Вось! Вось!» — паказваючы ўказкай на дзяцей, якія абступілі яе. Гэтая ж думка — прапаганда адукацыі маладога пакалення, укладанне ў будучыню праз укладанне ў навучанне дзяцей — і ў «Астраўлянцы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?