Паказчыкі па павелічэнні аб’ёмаў вытворчасці, а таксама скарачэнні запасаў гатовай прадукцыі ў краіне, на жаль, не выконваюцца,

заявіў 10 верасня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, у гэтай сувязі прэм’ер «даручыць выпрацаваць адпаведныя рашэнні» і заклікаў старшыняў аблвыканкамаў узяць актыўны ўдзел у калектыўнай выпрацоўцы адпаведных рашэнняў па выпраўленні сітуацыі.

Даручэнню прэм’ера папярэднічала справаздача міністра прамысловасці Дзмітрыя Кацярыніча, які паведаміў, што, пачынаючы з другога квартала гэтага года, прадпрыемствам Мінпрама ў асноўным удалося спыніць рост складскіх запасаў. «З мая гэтага года намецілася стабільная тэндэнцыя па іх зніжэнні.

Па выніках года чакаецца зніжэнне амаль на 40% ад красавіцкага значэння.

Пры гэтым суадносіны запасаў да сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці складуць 111,8%», — сказаў ён. Таксама, паводле слоў міністра, прадпрыемствам удалося павялічыць экспартныя пастаўкі і гэтая дынаміка будзе захаваная да канца года.

Што ж да невыканання прагнозных паказчыкаў, то гэта звязана з працай валаўтваральных прадпрыемстваў — аўта- і сельгасмашынабудавання, металургіі, падкрэсліў Кацярыніч. Так, найбуйнейшыя вытворцы прамысловай прадукцыі сістэмы Мінпрама змогуць забяспечыць па выніках года наступныя тэмпы росту прадукцыі прамысловасці: холдынг БМК — 90%, холдынг БелАўтаМАЗ — 100%, МТЗ — 97,1%, БелАЗ — 92,1%.

Сярод асноўных праблем па нарошчванні аб’ёмаў вытворчасці, экспарту і скарачэння складскіх запасаў для прадпрыемстваў Мінпрама кіраўнік ведамства выдзеліў таксама

скарачэнне пакупніцкага попыту, працяг зніжэння цэн на сусветным рынку на сыравінныя рэсурсы, што паўплывала на памяншэнне аб’ёму выручкі вядучых горназдабыўных кампаній і, адпаведна, прывяло да скарачэння закупак кар’ерных самазвалаў. «Акрамя таго, спад дзелавой актыўнасці на міжнародных рынках металапрадукцыі ў 2013 годзе прывёў да зніжэння цэн на металапрадукцыю БМК на асноўных рынках збыту СНД і далёкага замежжа. Увядзенне з 1 студзеня 2013 года ў РФ новых экалагічных норм Еўра-4 на грузавую тэхніку, зніжэнне ўзроўню мытных бар’ераў у сувязі з уваходжаннем Расіі ў СГА прывялі да ўзмацнення канкурэнцыі і падзення продажу на традыцыйных рынках Расійскай Федэрацыі», — дадаў міністр.

Паводле яго слоў, Міністэрства прамысловасці праводзіць палітыку, накіраваную на павелічэнне паставак прадукцыі на рынкі краін Амерыкі, Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі, у тым ліку і з прымяненнем фінансавых механізмаў падтрымкі экспарту. У выніку за 7 месяцаў гэтага года на рынках краін Афрыкі і Амерыкі дасягнуты рост экспарту ў 111,9% і 145,3% адпаведна. Таксама прадпрыемствамі Мінпрама працягваецца праца па адкрыцці замежных прадстаўніцтваў.

Кацярыніч адзначыў, што ва ўмовах сціскання традыцыйных для прадпрыемстваў Мінпрама рынкаў ЕС і Расійскай Федэрацыі асноўнай задачай з’яўляецца пераарыентацыя паставак на новыя рынкі збыту і захоўванне максімальна магчымых долей аб’ёмаў экспарту на традыцыйных рынках збыту.

Заслухаўшы даклад міністра, прэм’ер-міністр акцэнтаваў увагу на вытворчасці прадукцыі з высокім дададзеным коштам. «Для нас, як для краіны, якая не мае матэрыяльна-мінеральнай сыравіннай базы, безумоўна, гэта з’яўляецца вельмі актуальным. Замест таго каб перамолваць чужыя рэсурсы, мы павінны працаваць над стварэннем максімальна вялікіх аб’ёмаў валавога дададзенага кошту. Пры гэтым сёння апрацоўчая прамысловасць мае самую нізкую ўдзельную вагу валавога дададзенага кошту ў выпуску — 26,8%. У нас па краіне няма ніводнага іншага віду дзейнасці, які меў бы такую нізкую ўдзельную вагу», — адзначыў Мясніковіч.

Прэм’ер-міністр зрабіў шэраг іншых даручэнняў, якія тычацца павышэння эфектыўнасці вытворчасці, адкрыцця новых рынкаў, прыцягнення прамых замежных інвестыцый, падтрымкі экспарту, паведамляе прэс-служба.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?