Беларуска Алена Беразіна прайшла ў фінал конкурсу «Хачу ў ВІА Гра» — праекта, пасля якога мусіць з’явіцца новы склад аднайменнага гурту.

Што цікава, дзяўчына працуе ў Міністэрстве надзвычайных сітуацый. «Наша Ніва» запыталася ў дзяўчыны, як калегі ставяцца да яе поспехаў у конкурсе.

«Выдатна ставяцца, — расказала Алена Беразіна. — Рэч у тым, што я даўно ўдзельнічаю ва ўсіх магчымых кастынгах і шоу. Відаць, гэта асаблівасць майго характару. А «ВІА Гра» — гэта мая мара з дзяцінства, мне заўсёды хацелася папрацаваць разам з Канстанцінам Меладзэ.

Гэта легендарны праект, усе дзяўчыны мараць трапіць туды.

Вось і я, калі была маленькай дзяўчынкай, хацела стаць адной з дзяўчын у «ВИА Гра». А тут лёс сам працягвае мне гэты шанец на далоні.

НН: І вы дасягнулі на конкурсе пэўных поспехаў?

АБ: Я ў фінале! На жаль, не магу расказаць усіх падрабязнасцяў — гэта ўмова кантракта. Аднак нас цяпер 23 дзяўчыны. Мусіла быць 24, аднак удзельніца ад Грузіі паехала на «Міс Сусвет». Цяпер нас рыхтуе сам Меладзэ, мы жывём у «Зорным доме». З намі працуе Алан Бадаеў уласнай персонай! Зараз нас падзялілі на восем гуртоў, па тры дзяўчыны ў кожным. Фарміраваў іх сам Меладзэ. Мы спаборнічаем у тройках.

НН: Калі верыць сацыяльным сеткам, вы працуеце ў МНС. Як вашыя калегі паставіліся да ўдзелу ў конкурсе?

АБ: Так, я працую салісткай-вакалісткай у аркестры МНС. Я вам скажу, што ў МНС служаць мужчыны з вялікай літары. Хто ж яшчэ пойдзе тушыць пажары, рызыкаваць жыццём — толькі сапраўдныя мужчыны.

Ці можа ім не падабацца такі легендарны праект, як «ВІА Гра»? Там прыгожыя, маладыя, таленавітыя дзяўчыны.

Таму мае калегі цалкам падтрымліваюць мяне ва ўсім, што звязана з «ВІА Гра». Вось калі б гурт ім не падабаўся — тут бы ўжо ўзнікалі пытанні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?