Адным з лідараў у Беларусі па прыцягненні інвестыцый назваў Магілёўскую вобласць старшыня камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Алег Буянаў на прэс-канферэнцыі «Магілёўская вобласць — інвестыцыйны рай», якая прайшла 11 верасня ў Магілёве.

Паводле слоў чыноўніка, да безумоўных пераваг Магілёўшчыны перад іншымі, у прыватнасці суседнімі рэгіёнамі Беларусі, трэба аднесці тэрытарыяльную блізкасць да Расіі. «Праз Магілёўскую вобласць праходзяць дзве трасы: Брэст — Масква і Санкт-Пецярбург — Адэса. Транспартная інфраструктура велізарнае значэнне мае пры прыняцці рашэння па інвеставанні ў рэгіён», — заявіў Буянаў.

Акрамя таго, у вобласці ёсць навучальныя ўстановы, якія, паводле яго слоў, забяспечваюць неабходнымі кадрамі ўсе ўжо заключаныя інвестпраекты.

Трэцім складнікам магілёўскага «інвестыцыйнага рая» была названая адсутнасць бюракратычнай цяганіны пры прыняцці рашэння пра заключэнне інвестдагавора.

Паводле слоў Буянава, на сёння ў Магілёўскай вобласці рэалізуюцца 134 інвестыцыйныя дагаворы на суму інвестыцый каля 9,2 трлн. рублёў. З іх 67 прыкладна на 5,5 трлн. рублёў заключаныя сёлета.

Асноўныя інвестыцыі ідуць у прамысловую вытворчасць, жыллёвае будаўніцтва, гандаль, альтэрнатыўную энергетыку.

«Па прамысловасці заключаны 34 інвестыцыйныя дагаворы на суму 5,1 трлн. рублёў. Больш за ўсё прапаноў паступае на рэалізацыю праектаў у сферы гандлю — 61 інвестыцыйны дагавор на суму ў 2,7 трлн. рублёў. З’яўляюцца інвестары, гатовыя займацца жыллёвым будаўніцтвам — пяць дагавораў мы заключылі сёлета на суму 300 млрд. рублёў», — сказаў Буянаў.

Аднымі з самых буйных у прамысловасці быў названы інвестпраект з замежным таварыствам «Омск Карбон Магілёў» па стварэнні вытворчасці тэхнічнага вугляроду (сума інвестыцый 1.130 млрд. рублёў) і дагавор з ТАА «Кронаспан Холдынгс Іст Лімітэд», які рэалізуе два інвестпраекты па выпуску арыентавана-стружачных пліт (АСБ) на агульную суму 1.433 млрд. рублёў.

Буянаў таксама пералічыў іншыя буйныя інвестдагаворы ў гандлі, будаўніцтве і альтэрнатыўнай энергетыцы. Так, у Дрыбінскім раёне, у вёсцы Пудоўня, павінна быць пабудавана 12 ветраўстановак магутнасцю 2 МВт кожная.

«У аблвыканкаме цяпер прынята рашэнне, якое дазваляе на працягу месяца ад звароту інвестара выйсці на заключэнне інвестыцыйнага дагавора, узгадніўшы з усімі зацікаўленымі службамі пытанні выдзялення зямельнага ўчастка, вырашэння ўсіх тэхнічных момантаў, звязаных з рэалізацыяй праекта», — сцвярджае чыноўнік.

Паводле яго слоў, аблвыканкам стараецца перайсці з дазвольнага на заяўны прынцып рэалізацыі інвестпраектаў.

Таксама ў Магілёўскай вобласці існуе агенцтва, якое суправаджае інвестараў, — такія структуры ў свеце называюць «інвестыцыйнымі анёламі», адзначыў Буянаў.

У 2013 годзе абласная ўлада бачыць сваёй галоўнай задачай умацаванне іміджу Магілёўшчыны як аднаго з найбольш прывабных рэгіёнаў для інвестара і заключэнне інвестыцыйных дагавораў не менш чым на 6 трлн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?