Цяпер ксяндзы могуць служыць імшу на лаціне, не пытаючыся дазволу ў біскупа. Жыльбэр Кафэн: гэта аддаліць Касьцёл ад вернікаў. Пётра Рудкоўскі ОП: гэта крок да большае разнастайнасьці.

Лацінская імша была замененая імшой на нацыянальных мовах дзякуючы літургічнай рэформе, пачатай пасьля Другога Ватыканскага сабору ў 1960-я, піша Gazeta Wyborcza. У 1970-я Папа Павал VI агучыў імшал, які мусіў выклікаць актыўнейшы ўдзел вернікаў у імшы (увёў дыялёг ксяндза зь вернікамі). Адначасова была фактычна адмененая лацінская імша. Бо раней часамі бывала, што вернікі, якія ня ведалі лаціны, не разумелі, што адбываецца цягам імшы і маліліся па ўласным ружанцы. Забарона служыць на лаціне трымалася да 1984. Новы Папа Ян Павал II дазволіў ксяндзам служыць лацінскую імшу — але толькі з дазволу свайго біскупа.

Папа Бэнэдыкт XVI ідзе далей — яго дакумэнт «Summorum Pontificum», які зараз уступае ў сілу, дазваляе правіць лацінскую імшу, не пытаючыся дазволу ў біскупа.

Падчас такой імшы, паводле імшалу сьв.Пія V, ксёндз моліцца на лаціне, стоячы сьпіной да вернікаў.

«Другі Ватыканскі сабор быў адзначаны жаданьнем Касьцёлу наблізіцца да людзей, да сьвету, з тым, каб лепей іх зразумець. Гэта выклікала мадэрнізацыю хрысьціянскай мовы і жаданьне супрацоўнічаць з усімі людзьмі добрай волі, — кажа Жыльбэр Кафэн, былы прадстаўнік міжнароднага Ўпраўленьня каталіцкай адукацыі пры Радзе Эўропы. — Імша на лаціне Пія V высоўвае ідэю Бога Ўсёмагутнага, далёкага ад людзей, грознага Судзьдзі, тады як імша, што стала вынікам Другога Ватыканскага сабору, абвяшчае ідэю Бога, што жыве сярод людзей. У першай сьвятар падымаецца па прыступках да алтара, адпаведна, да Бога, павярнуўшыся сьпіною да вернікаў. У другой сьвятар узначальвае грамаду вернікаў, як Хрыстос, што прыйшоў, каб жыць сярод людзей. Гэта — дзьве супрацьпастаўленыя тэалёгіі, дзьве розныя духоўныя пазыцыі, што праяўляюцца ў розных літургіях. Адкрытая праява сэнсу, што ўкладаецца ў хрысьціянскае вучэньне».

У Беларусі імшу на лаціне адпраўляе, напрыклад, у Віцебску ў Катэдральным касьцёле Cьвятой Барбары айцец пробашч Міхал Ермашкевіч ОП.

«Рэформа Бэнэдыкта XVI — гэта крок уперад, да большае разнастайнасьці, — камэнтуе Пётра Рудкоўскі ОП. — Насамрэч дыялёг імшой сьв.Пія прадугледжаны, але не рэалізаваўся, бо вернікі ў большасьці выпадкаў не разумелі лаціны. Раней для міністрантаў, якія прыслужваюць у часе імшы, ладзіўся спэцыяльны трэнінг. Калі яны не маглі адказваць на лаціне, яны не дапускаліся да службы». Пётра Рудкоўскі ня лічыць, што ксяндзы, спасылаючыся на рашэньне Папы , будуць адмаўляцца служыць па-беларуску ў беларускіх касьцёлах: «У 95% выпадкаў нават паляку вывучыць беларускую лягчэй, чым лаціну».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?