Расія разглядае пытанне аб прадастаўленні Ірану супрацьракетных сістэм «Антэй-2500» (экспартны варыянт S-300W) і будаўніцтве другога энергаблока на АЭС у Бушэры, — напісала газета «Коммерсант».

Газета спасылаецца на крыніцу ў Крамлі, у адпаведнасці з якой прэзідэнт Уладзімір Пуцін у мінулы чацвер загадаў падрыхтаваць адпаведныя пагадненні з Тэгеранам. Інфарматары «Коммерсанта» паведамілі, што дэталі гэтых праектаў — адна з тэм, якія Пуцін у пятніцу будзе абмяркоўваць з прэзідэнтам Ірана Хасанам Рухані ў Бішкеку (Кыргызстан), куды абодва прыбудуць на саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС).

Ракеты С-300 класа зямля-паветра прызначаны для барацьбы супраць баявых самалётаў, крылатых ракет і тактычных балістычных ракет. Сістэма здольная адначасова суправаджаць 100 мэтаў на вышыні ад 100 да 30000 метраў, збіваць баявыя мэты на адлегласці ад 13 да 100 км.

Крыніца маскоўскай газеты паведаміла, што Расія гатовая прадаць Ірану пяць эскадрылляў «Антэй-2500» пры ўмове, што Тэгеран адкліча з арбітражнага суда ў Жэневе пазоў супраць «Расабаронэкспарта», галоўнага расійскага экспарцёра ўзбраенняў. Іран патрабуе з гэтай кампаніі 4 мільярды даляраў кампенсацыі за парушэнне кантракта на пастаўку С-300ПМУ1. Кошт кантракта складаў $800 млн, на астатняе набегла пеня.

Расія не паставіла ў Іран С-300 пасля таго, ААН увяла санкцыі супраць гэтай краіны, каб спыніць яе атамную праграму.

Ірану нагвалт трэба С-300, каб абараніць свае ядзерныя аб’екты ад магчымага авіяўдару Ізраіля. Расійскі комплекс С-300 лічыцца непрабіўным, а С-400 — яшчэ мацнейшым. Праўда, ён яшчэ ніколі не ўжываўся ва ўмовах рэальнага канфлікту. Пакуль няясна, ці амерыканская ці ізраільская авіяцыя здольна яго прабіць. Ізраіль імкнуўся любым коштам сарваць пастаўкі С-300 у Іран і Сірыю.

Дарэчы, комплексы С-300 мае на сваім узбраенні беларуская армія.

Учора прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна абверг інфармацыю «Коммерсанта». Тым не менш, дэпутаты Савета Федэрацыі Расіі выступілі з ініцыятывай продажу найноўшай зброі Ірана ў выпадку, калі ЗША нанясе па Сірыі ўдар без санкцыі Рады Бяспекі ААН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?