Забойства дзяўчыны адбылося ўдзень 12 верасня ў цэнтры Оршы, каля будынку суда. На вачах у мноства людзей мужчына некалькі разоў ударыў нажом дзяўчыну і ўцёк.

Спярша з’явілася інфармацыя, быццам пара выйшла з суда. Аднак у судзе Аршанскага раёна і горада Оршы кажуць, што ніякіх разводаў ў дзень забойства не было і да іх пара не мае ніякага дачынення.

Намеснік начальніка Следчага камітэта па Оршы Сяргей Сідзін ад усялякіх каментароў адмаўляецца, бо яшчэ знаходзіцца на месцы здарэння. Не кажа супрацоўнік СК, ці ёсць у іх затрыманы.

Сідзін: «Я знаходжуся на месцы здарэння і ніякіх каментароў даваць не магу. У нас пакуль няма падазраванага».

Тым часам юрыст Алег Граблеўскі кажа, што жанчына атрымала два ўдары нажом у жывот і адзін раз у шыю. Пра гэта яму паведамілі неафіцыйныя крыніцы з аршанскага суда, каля якога адбылося забойства.

Граблеўскі: «Хлопцу прыкладна каля 30 гадоў, дзяўчыне — каля 20. Яны былі ў разводзе, і з нейкіх прычынаў ён гэта зрабіў.

Хлопец зараз ляжыць у больніцы з нажавым раненнем ў вобласці сэрца».

Мяркуючы па ўсім, забойца пасля свайго ўчынку спрабаваў учыніць самагубства, кажа Граблеўскі. Праўда, ён удакладняе, што гэта таксама неафіцыйныя звесткі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?