Прэм’ер-міністар Іспаніі Марыяна Рахой прапанаваў Каталёніі чарговы раўнд перамоваў, але пакінуў без адказу запыт на рэфэрэндум аб незалежнасьці, які гішпанская аўтаномія заплянавала на 2014 год, паведамляе Бі-Бі-Сі.

Паводле гішпанскага заканадаўства, толькі цэнтральны ўрад можа ініцыяваць падобнае галасаваньне, і ў ліпені кіраўнік Каталёніі Артур Мас накіраваў Рахою ліст з запытам на правядзеньне рэфэрэндуму.

Адказ прэм’ер-міністра быў дадзены пасьля таго, як паўтара мільёна каталёнцаў зладзілі маштабную акцыю ў падтрымку незалежнасьці ад Гішпаніі: яны ўзяліся за рукі і ўтварылі жывы ланцуг даўжынёй у 400 кілямэтраў.

«Сувязі, якія нас аб’ядноўваюць, ня могуць быць разарваныя без вялікіх фінансавых стратаў», — гаворыцца ў адказе Рахоя.

Раней Марыяна Рахой ня раз заяўляў, што выступае катэгарычна супраць рэфэрэндуму і будзе праз суды блякаваць любыя спробы Каталёніі ў гэтым кірунку.

Мас ужо пасьпеў заявіць, што гатовы абмяркоўваць адмысловы падатковы рэжым для Каталёніі, але гэта ніяк не адмяняе пытаньня аб правядзеньні рэфэрэндуму.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?